Тэрыторыя ўздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі пахарашэе

Зялёны ўбор

Тэрыторыя ўздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі пахарашэе

І турысты з іншых краін, і нашы супляменнікі з замежжа захапляюцца, прыязджаючы ў цёплую пару года ў Беларусь: колькі ў вас зелені паўсюль! Само па сабе, аднак, расце хіба што пустазелле. І таму пышны зялёны ўбор краіны — гэта сведчанне і агульнай культуры ды працавітасці яе жыхароў, і добрай экалогіі, клімату, а таксама клопату пра наваколле з боку спецыялістаў ды ўлад.


Стала вядома: адхоны ўздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі ўпрыгожаць кусты вінаграду, ядлоўцы ды барбарысу. Пра тое паведаміў журналістам старшыня Мінскага гаркамітэта прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Сяргей Масляк. Працягласць трасы — крыху больш за 56 кіламетраў. Пытанні азелянення яе адхонаў цяпер у горадзе — на парадку дня, тым займаецца, у прыватнасці, прадпрыемства “Мінскзеленбуд”. Паводле парадаў спецыялістаў адхоны ўпрыгожаць дзявочы вінаград, казацкі ядловец, барбарыс Тунберга і горная сасна. Высаджваць расліны на пустых адхонах пачнуць ужо восенню. Дарэчы, увесну ўздоўж МКАД на тэрыторыі розных раёнаў высаджана звыш трох з паловай тысяч дрэў, вызначаны дадатковыя месцы для пасадкі новых і 10000 дэкаратыўных хмызнякоў.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter