Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Юныя натуралісты з Беларусі апярэдзілі школьнікаў з 150 краін па колькасці пасаджаных дрэў

Зялёны ўбор Зямлі

Вучні Навадворскай сельскай школы, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзеншчыны, пасадзілі ў школьным садзе 15 яблынь, упрыгожылі двор гартэнзіямі, туямі, ядлоўцам. Яшчэ навучэнцы паўдзельнічалі ў Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў “ENO Treelympics 2016”. Школьнікамі ў Ваўкавыскім лясгасе пасаджана каля 60 тысяч дрэў.

Днямі ж у Фінляндыі падводзілі вынікі прэстыжнага экалагічнага конкурсу, у якім паўдзельнічалі 623 школы з усіх кантынентаў. Ужо ў трэці раз пераможцамі ў ім сталі юныя натуралісты з Беларусі.

За час алімпіяды пасаджаны мільёны дрэў, пры тым больш за два мільёны з іх пасадзілі беларускія ўдзельнікі. Другое месца ў конкурсе заняла Турцыя: на рахунку гэтай краіны — 840 тысяч дрэў. Дарэчы, “заліковымі” былі толькі тыя дрэвы, якія афіцыйна зарэгістраваныя на сайце алімпіяды і маюць адпаведныя “дакументы” — даведкі з лясніцтваў.

Паводле ўмоваў праекта, паведамляецца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, дрэвы саджалі школьнікі альбо выхаванцы дзіцячых садкоў, а таксама іх бацькі ды педагогі.

Асабліва пастараліся вучні Падароскага вучэбна-педагагічнага комплекса Дзіцячы сад — сярэдняя школа з Ваўкавыскага раёна. На іх рахунку — 202 358 дрэў. Гэта самы высокі вынік за ўсю гісторыю алімпіяды. А ў сельскай школе вучацца ўсяго 96 дзяцей.

Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны на канферэнцыі “Дзейнічай цяпер” сёлета ў чэрвені  ў фінскім горадзе Йоэнсуу.

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter