У Беларусі пачалі лячыць падапечных хоспіса з дапамогай водараў

Звычайны цуд на дне флакона

Упершыню для рэабілітацыі цяжкахворых падапечных у Беларускім дзіцячым хоспісе выкарыстоўваюць спецыяльна падабраныя кампазіцыі водараў. Лепшыя парфумеры Францыі складаюць тэрапеўтычныя пахі для беларускіх дзяцей. Унікальную рэабілітацыйную праграму рэалізуюць выкладчык Вышэйшай школы парфумераў у Парыжы Вольга Аляксандр і спецыялісты паліятыўнай службы.

Пахі дзеля кантакту


Пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса знаходзяцца дзеці, тэрмін жыцця якіх абмяжоўвае захворванне. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі маюць права, каб дарослыя людзі — сваякі, спецыялісты — разумелі і ўлічвалі іх стан, патрэбы, пачуцці, жаданні.  У большасці з іх назіраюцца парушэнні сенсорнай, інтэлектуальнай, эмацыянальна-валявой сферы. Можа адсутнічаць адзін або некалькі «каналаў сувязі» са знешнім светам. Часам хвароба забірае адразу зрок, слых, нюх, смак і пачуццё раўнавагі. У рабоце з такімі дзецьмі не можа быць стандартаў. Да кожнага з іх патрэбны індывідуальны падыход. Важна знайсці тую нітачку, якая дазволіць падтрымліваць кантакт з асаблівым падапечным і задавальняць яго патрэбы. 

Адна з такіх – пахі. Гэтую ідэю прапанавала парфумер Вольга Аляксандр. Яна родам з Беларусі. Зараз працуе ў Бельгіі і Францыі і вядзе са спецыялістамі хоспіса ўнікальны праект.

«Практычна ва ўсіх дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса, ёсць асаблівасці ў развіцці, якія абумоўлены многімі фактарамі, — уводзіць у курс справы псіхолаг Беларускага дзіцячага хоспіса Вольга Захарыя. – Напрыклад, нядаўна ў нас быў хлопчык чатырох гадоў. Цікаўны, выдатны. Да пэўнага ўзросту развіваўся, як большасць дзяцей. Хадзіў, размаўляў. Здарылася бяда – захворванне, пры якім дзіцяці выдалілі вялікую частку кішэчніка, пацярпелі іншыя органы, хлопчык перанёс некалькі аперацый, рэанімацыю, апараты. У бальніцы з мамай ён правёў каля года. Яму выратавалі жыццё, але па развіцці ён вярнуўся на ўзровень немаўляці. Акрамя падтрымання жыцця, мама і спецыялісты дапамагаюць хлопчыку аднавіць страчаныя навыкі і не баяцца жыць. І такіх выпадкаў шмат. Трэба «адбудоўваць» дзіця зноўку. Не заўсёды гэта магчыма. Але стымуляваць клеткі галаўнога мозгу, не кранутыя хваробай, выкарыстоўваючы знешнія раздражняльнікі, можна і трэба. Гэта дасягаецца з дапамогай гукаў, колеру, святла, пахаў, смаку, тактыльнага ўздзеяння, руху і шмат чаго іншага. Альфактарная тэрапія для мяне яшчэ адзін тэрапеўтычны інструмент у рабоце з дзецьмі».


Праект па такой тэрапіі праходзіць у тры этапы. Спачатку Вольга Аляксандр правяла дыягностыку па спецыяльных тэстах у васямнаццаці ўдзельнікаў праекта. У васьмі з іх анкалагічныя захворванні. Дзесяць дзяцей з пашкоджваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы. Спецыялісты назіралі, як хлопчыкі і дзяўчынкі рэагавалі на пахі, дзяліліся сваімі перажываннямі і жаданнямі. У працэс дыягностыкі ўключаліся мамы. Затым парфумеры з Францыі склалі кампазіцыі. Зараз праходзіць другі этап, калі бацькі адзначаюць і запісваюць змены, якія адбываюцца ў дзіцяці пад уплывам некалькіх водараў. На аснове гэтых даных Вольга Аляксандр плануе стварыць галоўны водар для кожнага дзіцяці або яго сям'і, які будзе выраблены ў большым аб'ёме для працяглага выкарыстання ў тэрапеўтычных мэтах. Таксама яна плануе стварыць для Беларускага дзіцячага хоспіса «бібліятэку» стымулаў, якую псіхолаг будзе і далей выкарыстоўваць у сваёй рабоце.

Сімфонія добрага настрою


Вольга Захарыя адкрывае флакончыкі з кампазіцыямі, якія пакінула Вольга Аляксандр. Водары, лёгкія і цяжкія, зліваюцца ў адзіную сімфонію. Парфумеры часам выкарыстоўваюць выраз «слухаць водары». Дарэчы, адна з падапечных пятнаццацігадовая Вера падчас дыягностыкі пачула, як шамаціць бальная сукенка.

У псіхолага Вольгі гэты пах выклікаў карцінку шоўку, які ляціць. Вера не можа выйсці ў свет – яе цела скрыўлена хваробай і рух абмежаваны. Фізічны стан цяжкі, а развіты інтэлект суправаджае дзяўчыну ў свет мар. Мары прыводзяць яе на баль, дзе струменяцца тканіны ўрачыстых строяў і душа адпачывае з асалодай.

«Пах, які выклікае такую асацыяцыю, вядома, паляпшае настрой, супакойвае, дазваляе адчуць лёгкасць і свабоду. Ён дапаможа ёй марыць і тым ратавацца ад болю».

Ірына развівалася, як звычайныя дзеці. Аднойчы адбыўся разрыў анеўрызмы сасудаў галаўнога мозгу. Адзін, потым другі. Некалькі аперацый. Парушэнне памяці, маторыкі. Вялікая рэабілітацыйная работа дапамагае аднаўляцца, але дзяўчынка і бацькі жывуць у страху. Любая перагрузка можа выклікаць трэці эпізод з непрадказальнымі наступствамі.

Вольга ЗАХАРЫЯ зачытвае пасланне парфумера хлопчыку з хоспіса.

«Трывожнае чаканне магчымай раптоўнай смерці або чарговага прыступу трымае дзяўчынку ў напружанні, — заўважае псіхолаг. — Ёй вельмі патрэбна эмацыянальная абарона. Нездарма яна абрала пах, што асацыіруецца з коканам, які мякка ахінае».

Вольга Захарыя разгортвае запіску, у якую схаваны адзін з флаконаў. Аўтар парфумернай кампазіцыі адрасуе пасланне аднаму з падапечных хоспіса. «Мы стварылі для цябе тры падарожжы ў гэтым свеце, а твой нос няхай выбірае, куды падарожнічаць». Кожны водар асацыіруецца з пэўнай краінай. Для дзіцяці ў гэтым флакончыку заключаны цэлы сусвет, куды хлопчык адпраўляецца па першых нотках, якія загадкава клічуць. 

«Некаторыя дзеці не пазнаюць звыклыя для большасці людзей пахі мокрага лесу і грыбоў, — тлумачыць псіхолаг. — Яны проста іх не ведаюць. Таму водары можна выкарыстоўваць і для навучання. Мала бачыць на малюнку грыб. Добра яшчэ і адчуць яго пах.

Вядома, развіццё гэтых дзяцей шмат у чым будзе залежаць ад таго, наколькі іх будуць любіць, прымаць, як іх будуць даглядаць. Тры гады ў сярэднім трэба бацькам, каб прымірыцца, што іх дзіця асаблівае, і перабудаваць у адпаведнасці з гэтым сваё жыццё. У гэты перыяд бацькі пражываюць гора па страце здароўя дзіцяці. Спецыялісты хоспіса ствараюць умовы для захавання сям'і, матывуючы яе выхоўваць асаблівае дзіця. Мы шукаем усе магчымыя метады, якія дапамагаюць зразумець такіх дзяцей, аб'яднаць сям'ю, і альфактатэрапія — адзін з іх».

Адказ на кампазіцыю


Водары выклікаюць розныя эмоцыі. Парфумеры ствараюць іх не толькі для дзіцяці, якое ўдзельнічае ў праекце, але і для атмасферы ў доме. У дырэктара Беларускага дзіцячага хоспіса Ганны Гарчаковой праект выклікае настрой чараўніцтва: «Тэрапію пахамі ўпершыню выкарысталі для лячэння інсульту ў Францыі. У спецыяліста ёсць дыягнастычныя тэсты, схема выкарыстання. У мяне дваякае пачуццё. З аднаго боку, як пах можа дапамагчы? З другога — гэта пашырэнне нашых уяўленняў, надзея на станоўчы вынік. Калі бачыш, як у абыякавага, здавалася б, дзіцяці ў адказ на кампазіцыю акругляюцца вочы, яно падымае галоўку або адварочваецца, гэта радуе. А ў нашым выпадку любая рэакцыя – перамога».

drug-olya@yandex.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter