Минск
+3 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

У Чырвоным касцёле Мінска смуткавалі над стратамі, панесенымі японцамі 70 гадоў таму ад узрыву другой у свеце атамнай бомбы

Звон з Нагасакі

Як вядома, першая атамная бомба, калі не лічыць пробных узрываў у амерыканскіх штатах Невада і Нью-Мексіка, без асаблівай на тое патрэбы (бо Японія ўжо рыхтавалася да капітуляцыі) знішчыла 6 жніўня 1945 года Хірасіму. Яшчэ больш жахлівай была трагедыя Нагасакі: той партовы горад у даліне Уракамі ўвогуле не з’яўляўся значным ваенным аб’ектам. Пазней высветлілі: амерыканскі лётчык 9 жніўня таго ж года, у 11 гадзін 02 мінуты скінуў на яго смяротны груз… выпадкова, бо не змог даляцець да ўказанай камандаваннем мэты. Сімвалічнай ваеннай стратай стаў лічыцца старадаўні і шматпакутны каталіцкі касцёл Уракамі ў імя святой Клары: з 12 тысяч яго парафіян літаральна абвугліліся восем з паловай. А з-пад руін храма змаглі дастаць толькі частку статуі Дзевы Марыі, якая стала з гадамі сімвалам Міру ў свеце, ды цудам ацалелы звон, які называлі “звонам Анёла”.


Мемарыял “Звон Нагасакі” — у самым цэнтры Мінска. Фото Іван Ждановіч

Трагедыя японцаў стала яшчэ больш блізкаю беларусам пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Актывізаваліся і беларуска-японскія кантакты. Вясной 2000 года беларускі парламентарый і грамадскі дзеяч, прадстаўнік у Беларусі японскага дабрачыннага фонду імя Фукаборы з галоўнай сядзібаю ў Нагасакі Юрый Папоў звярнуўся да старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава з прапановай: устанавіць перад касцёлам у імя святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёлам) копію “звона Анёла”. Неўзабаве гарадская ўлада прыняла рашэнне аб узвядзенні помніка. Яго аўтар, японскі дызайнер Марыяма, да вяршыні канструкцыі-каплічкі, склеенай з драўляных брусоў, прымацаваў бронзавы звон вагой 150 кілаграмаў. На яго вонкавым баку відаць адлітая эмблема святыні пацярпелага горада. А 20 верасня таго ж года мемарыял “Звон Нагасакі” быў адкрыты. “Копія таго звона ўстаноўлена тут як напамін пра ўсе ахвяры выпрабаванняў ядзернай зброі і ядзерных катастрофаў ХХ стагоддзя; перададзена касцёлу святых Сымона і Алены, усяму беларускаму народу. Давайце аб’яднаем нашы намаганні і пабудуем на гэтай зямлі свет без ядзернай зброі і войнаў. Памолімся за мір!” — такая мемарыяльная дошка закладзена пад звонам, у які і цяпер кожны можа пазваніць. На ўрачыстасць прыляцела дэлегацыя японцаў: больш за 40 чалавек. Госці ўручылі мінчанам пасланне нагасакскага архібіскупа Франсіска Ксаўера Сімамота і фрагмент абязвочанай галоўкі драўлянай статуі Дзевы Марыі.

Сёлета — 15 гадоў, як адкрыты ў Мінску гэты незвычайны помнік-папярэджанне. А ў сярэдзіне жніўня ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла ў імя Святых Сымона і Алены, пабудаванага на сродкі іх бацькі, “мінскага Сталыпіна” Эдварда Вайніловіча, адправіў імшу за 70-гадовай даўнасці ваенных ахвяр у Нагасакі. На іх ушанаванні прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Беларусі Цікахіта Харада з жонкаю. Ён жа падзякаваў з амвона мінчанам за гуманны акт. Потым усклаў да помніка “Звон Нагасакі” вялікі букет кветак.

А яшчэ праз колькі дзён Юрый Папоў прынёс мне ў рэдакцыю сваю не так даўно выдадзеную кніжку “Голос Ангела”. Яна багата ілюстравана рэдкімі здымкамі. Але асноўная яе каштоўнасць у іншым. Аказалася, аўтар сабраў разам выключныя звесткі пра змаганне многіх людзей супраць атамнай зброі ў свеце. І гэтая высакародная барацьба сімвалізуецца  цяпер адметным мінскім прыкасцельным мемарыялам.

Ці не першымі на “Звон Нагаса­кі” адгукнуліся пацярпелыя “ад на­ступстваў Чарнобыльскай траге­дыі” парафіяне з вёскі Грушаўка Нараўлянскага раёна Гомельшчыны. Прачытаўшы ў газеце “Звязда” пра ўрачыстасць-адкрыццё помніка, але не маючы грошай на паездку, яны паслалі ў сталіцу мяшэчак з “горсткай нашай мучанічаскай зямлі для супольнай афяры (!) пад звон каля Чырвонага касцёла ў Мінску”. І далей ішлі 22 подпісы. Цяпер на мемарыяле закладзена капсула з зямлёй з беларускай Грушаўкі.

З часам мінскі мемарыял пера­тварыўся ў пантэон “Ядзерныя ка­тастрофы ХХ стагоддзя”. Сюды былі прывезены капсулы з зямлёй з казахстанскіх стэпаў (буйнейшы Сяміпалацінскі атамны палігон закрыты быў толькі 29 жніўня 1991 года) і прычарнобыльскага ўкраінскага горада Прыпяць, з японскіх гарадоў Хірасіма, Нагасакі, Фукусіма, тут ёсць і кавалак горнай пароды з тэрыторыі былога савецкага атамнага палігона на архіпелагу Новая Зямля, зямля з-пад горада Аламагорда (штат Нью-Мексіка, ЗША), дзе была выпрабавана першая атамная бомба. 

У Беларусі, як вядома, цяпер прыняты закон, які выключае прымяненне і размяшчэнне на яе зямлі атамнай зброі. Гэты прыклад мае сусветнае значэнне. “Страх і неразуменне ахоплівае, — піша Уладзіслаў Завальнюк у прадмове да кнігі Юрыя Папова, — калі глядзіш на некаторых лідараў дзяржаваў, якія проста рвуцца да атамнай зброі. А краіны, якія мелі яе, у радасці, што яе пазбавіліся: Казахстан, Беларусь, Украіна”.

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, у свеце па рашэнні Генасамблеі ААН ад 2 снежня 2009 года ў чарговы раз адзначаўся Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаваняў. Гэта робіцца цяпер штогод 29 жніўня: для таго па ініцыятыве Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева выбраны дзень афіцыйнага закрыцця Сяміпалацінскага ядзернага палігона. 

“Звон Нагасакі” ў Мінску папярэджвае: ядзерныя трагедыі, якіх было ўжо нямала, не павінны паўтарацца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...