
Маральны кодэкс
Заапарк знаходзiцца ў маляўнiчым месцы недалёка ад Гомеля, расцягнуўшыся ўздоўж берага возера Чарнецкае. Зараз тут жывуць больш за 30 вiдаў жывёл. Мясцовыя прыгажуны — высакародныя аленi, сярод якiх вылучаецца алтайскi марал. У хуткiм часе яму прывязуць сяброўку. Цiкавы факт: самкi марала выбiраюць самцоў, арыентуючыся на iх целасклад i велiчыню рагоў. Звычайна ў статку вакол важака фармiруецца гарэм. Аднак калi самка пакiдае яго, прыгледзеўшы iншага «мужа», перашкод новаўтворанай пары ствараць не стануць. У маралаў — высокая мараль. У дзiкай прыродзе галоўныя ворагi аленяў — ваўкi, якiя нападаюць у асноўным на аслабленых i хворых асобiн. У заапарку, вядома ж, такога не здарыцца.

Ласiсе Маi нядаўна споўнiлася паўгода. Яе, як i суседзяў па вальеры — трох маладых казуль, знайшлi ў лесе. Усiм iм патрабавалася дапамога. Зараз парнакапытныя адчуваюць сябе выдатна.
Гонар «Белладжыа» — пара паўтарагадовых зуброў з раскошнымi шавялюрамi. Яны не проста браты, а яшчэ i блiзняты. Хоць нараджэнне двайнятак у зуброў — з’ява досыць рэдкая. Сюды гэтыя «хлопцы» прыбылi нядаўна, але ўжо выдатна асвоiлiся. Важна шпацыруючы за агароджай, юныя цары Белавежскай пушчы сваiм магутным выглядам паказваюць, што i тут адчуваюць сябе гаспадарамi. Стаўленне да iх адпаведнае. Акрамя сена, у меню ўваходзяць збожжа, гароднiна i садавiна. Пры такiм рацыёне праз пару гадоў вага кожнага наблiзiцца да тоны. На цеснату свабодалюбным быкам таксама грэх скардзiцца. Пагарэзіць ёсць дзе.


Беларускi горац
Муфлон — парнакапытная жывёла з роду бараноў — адметны сваёй каларытнай знешнасцю. Асаблiва выгнутымi ў форме паўмесяца рагамi. Прыроднае асяроддзе пасялення — гарыстыя ландшафты. Аднак не без дапамогi чалавека жывёла паспяхова прайшла аклiматызацыю i камфортна адчувае сябе ў еўрапейскай частцы. Будучы блiжэйшым сваяком хатняй авечкi, муфлон лёгка ўтварае помесь з рознымi яе пародамi. Што робiць яго прыдатным для гiбрыдызацыi. Дзякуючы гэтаму ў свой час шляхам селекцыi быў выведзены новы від — горны мерынос.


У заапарку пануе сапраўдны iнтэрнацыянал, па якiм можна вывучаць не толькi заалогiю, але i геаграфiю. Тут i сям’я камерунскiх авечак, i в’етнамскi кабан, калiфарнiйскiя трусы, афрыканскi страус, iндыйскi дзiкабраз, аўстралiйскi лебедзь, еўрапейскiя лось i лань, многiя iншыя жывёлы. Адных фазанаў чатыры разнавiднасцi. Кандыдаты на блiжэйшы «прызыў» — тыбецкiя якi, а таксама мангалiцы — венгерская парода хатнiх свiней.

Галоўныя наведвальнiкi — дзецi
— Некаторыя дзецi, асаблiва гарадскiя, i парсючкоў жывых не бачылi, не кажучы ўжо пра лясных, а тым больш экзатычных звяроў, — канстатуе Васiль Антонаў. — Таму тут для iх адкрываецца цэлы свет. Нашых малых можна не толькi ўбачыць, але i даведацца пра iх звычкi, пагладзiць i пакармiць. Да таго ж увесь гэты час дзецi праводзяць на прыродзе, на свежым паветры. Яны захапляюцца настолькi, што нават пра свае тэлефоны на час забываюць.
Удзельнiчае «Белладжыа» i ў сацыяльных праектах. Сумесна з Гомельскiм абласным упраўленнем МНС тут праводзiцца работа па навучаннi правiлам бяспечных паводзiн. Роставыя лялькi, тэматычныя вiктарыны, конкурсы i незвычайны Дзед Мароз у баявым касцюме ратавальнiка. Усё гэта выдатны спосаб у ненадакучлiвай гульнявой форме расказаць дзецям пра важныя рэчы.
Яшчэ адна добрая справа робiцца сумесна з Гомельскiм абласным аддзяленнем РГА «Беларускi дзiцячы фонд». Напярэдаднi галоўнага i самага доўгачаканага свята заапарк ужо наведала каля сотнi выхаванцаў дзiцячых дамоў сямейнага тыпу з Веткаўскага, Рэчыцкага, Гомельскага, Петрыкаўскага, Нараўлянскага раёнаў. I сёння ў «Белладжыа» рыхтуюцца да прыёму новых маленькiх, але вельмi дарагiх гасцей.
prolesk@sb.by
Фота Таццяны КАВЕРЫНАЙ.