Званы-званочкі

(Заканчэнне. Пачатак у нумары ад 9 жніўня.) Званы сталі атрыбутам хрысціянскага богаслужэння і атрымалі статус сакральнай рэчы. Яны запрашалі на набажэнства і сімвалізавалі чысціню, праведнасць і святасць. Таму, калі званы падалі са званіцы, давалі трэшчыну, гучалі пагрозна і глуха, лічылася, што на званіцы прысутнічаюць грэшнікі, званы выліты на “грахоўныя” грошы ці з удзелам грэшнікаў (забойцаў, бязбожнікаў і г.д.).

Гук званоў асацыіраваўся з чалавечай мовай. Таму ў народнай магіі чалавека, які быў нямы, вадзілі да званоў, бо лічылі, што з першым ударам званоў у вялікія царкоўныя святы да яго вернецца здольнасць размаўляць. З той жа мэтай хворага чалавека паілі вадой, у якой мылі “языкі” званоў.
Перазвон званоў у народнай культуры атрымаў таксама і негатыўную афарбоўку. Аб плётках ці дрэнных навінах, якія расказваў чужы, лёзны чалавек, казалі так: “быццам у саборныя званы звоніць”.
Асацыяцыя званоў з плёткамі, чуткамі, навінамі, якія разносяцца, як вецер, пакладзена ў аснову абраду, які выконвалі пры вырабе новых званоў. Для гэтага за некалькі дзён перад пачаткам адлівання званоў майстры павінны былі “разнесці” некалькі самых непрадказальных і незвычайных “навін”. Лічылася, чым далей “распаўсюдзяцца” гэтыя плёткі, тым мацней і званчэй будзе “голас” новых званоў.
Лічылася, што той момант, калі звоняць званы, асабліва спрыяльны для пачатку адказных спраў у доме і гаспадарцы, для магічных і рытуальных дзеянняў.
Часам званы асацыіраваліся з біццём сэрца. У любоўнай магіі выконвалі наступны абрад: дзяўчаты мылі крынічнай вадой языкі званоў і пры гэтым казалі: “як вашы сэрцы б’юцца-разбіваюцца, так і сэрца майго дружкі (імя хлопца) каб па мне білася-разбівалася”.
Лічылася, што з дапамогай званоў можна даведацца, хто злодзей. На Віцебшчыне лейцы скрадзенай кабылы прывязвалі да званоў, казалі, што злодзей з’явіцца сам і прывядзе кабылу, таму што будзе яму дрэнна пры кожным удары званоў.
Паўсюдна асаблівую прадуцыравальную і аднаўленчую сілу надавалі гучанню званоў у перадвелікодную суботу і на Вялікдзень. Калі на Вялікдзень пачуеш званы, неабходна тройчы сказаць: “Хрыстос ўваскрос, а маёй сям’і здароўя, майму дому багацце, майму полю ураджай. Амінь”. З надзеяй на хуткі шлюб пры першым удары званоў дзяўчаты шапталі: “Хрыстос уваскрос, а мне жаніха. Амінь”. Выкарыстоўвалі гэты момант і паляўнічыя. Яны спецыяльна падыходзілі да царквы са стрэльбай, і калі ўпершыню спявалі “Христос воскресе” і званілі званы, стралялі ў паветра з надзеяй, што гэтым стрэлам яны паклічуць удачу на ўвесь год.
Паўсюдна ў час вянчання сваякі маладых прасілі доўга званіць у званы, каб адагнаць нячыстую сілу на доўгія гады сямейнага жыцця маладой пары.
У народнай медыцыне гукі званоў лічыліся дзейсным сродкам пры лячэнні шматлікіх хвароб. Існавала шмат абрадаў, калі хворых прыводзілі ў вялікія царкоўныя святы, каб яны пачулі першы ўдар званоў, бо лічылася, што нячыстая сіла ў гэты момант “слабее, памірае і выпускае” са сваіх рук душу хворага чалавека. Такім спосабам лячылі ліхаманку, спалохі, сурокі.
Паўсюдна лічылася, што гукі званоў ачышчаюць зямлю ад брыдоты, псоты, “забівае” нячыстую сілу. З той жа мэтай усходнія славяне выкарыстоўвалі званочкі, як у абрадавым, так і ў паўсядзённым жыцці. Маленькія званочкі прымацоўвалі да збруі, каб па дарозе не здарылася нічога дрэннага ні з жывёлай (канём), ні з ездакамі. Званочкі, бразгалкі сталі абавязковымі для ўпрыгожвання вясельнага поезда. Яны лічыліся самым надзейным абярэгам на ўсім шляху маладых.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter