Званок па-новаму. У Лідскім раёне зменяцца тэлефонны код і нумары абанентаў.

З 22 студзеня тэлефонныя нумары жыхароў Лідскага раёна, у тым ліку самога райцэнтра, прырастуць лічбай 5 і стануць шасцізначнымі.

Пры званках у гэты рэгіён Беларусі з іншых мясцін нашай краіны замест ранейшага занальнага (міжгародняга) коду 01561 трэба будзе набіраць 0154.
Такім чынам, як патлумачылі “НГ” у “Белтэлекаме”, каб патэлефанаваць, напрыклад, з Мінска ў Ліду, трэба будзе набіраць 8-0154-5ххххх, дзе ххххх — цяперашні нумар абанента. Калі хтосьці памыліцца, набярэ “стары” нумар, спецыяльны аўтаінфарматар падкажа, як правільна. Такі падказчык будзе працаваць, як плануецца, некалькі месяцаў. Удакладніць інфармацыю можна будзе і па бясплатнай даведцы па нумары 153. Змена нумарацыі адбудзецца з-за плануемага ўводу ў дзеянне новых АТС. Колькасць жыхароў Лідскага раёна цяпер складае амаль 135 тысяч чалавек. І ў “Белтэлекаме” прагназуюць рост попыту з боку мясцовага насельніцтва на новыя паслугі фіксаванай тэлефоннай сувязі, доступ у інтэрнэт, прагляд інтэрактыўнага тэлебачання. На працягу года, як плануецца, тэлефонныя нумары могуць змяніцца яшчэ ў адным раёне Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter