Сталі вядомыя тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі

Званок на экзамен

Дакументы ад абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю на бясплатнай або платнай аснове, большасць дзяржаўных ВНУ будуць прымаць з 12 па 17 ліпеня. Выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці змогуць падаць дакументы на педагагічныя спецыяльнасці з 12 па 14 ліпеня. Жадаючыя навучацца ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю на завочнай форме — з 15 лістапада па 5 снежня. Такая інфармацыя са спасылкай на Міністэрства адукацыі апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Сёлетняя ўступная кампанія пройдзе без асаблівых змен. Захаваецца магчымасць здаваць чатыры прадметы на ЦТ, а таксама паступаць з сертыфікатамі папярэдняга года, якая з’явілася ў абітурыентаў летась. З новаўвядзенняў толькі павышаныя ніжнія парогавыя значэнні адзнак цэнтралізаванага тэсціравання, якое ў гэтым годзе пройдзе з 12 чэрвеня па 2 ліпеня. Скажам, калі летась абітурыент, які марыў аб філалагічнай спецыяльнасці, мог паспытаць поспеху і з 20 баламі па профільным прадмеце, то цяпер адзнака павінна быць не ніжэйшай за 25. Сёлета таксама апрабуюць, але пакуль у рэжыме эксперыменту, новую метадалогію ацэнкі тэстаў ЦТ, распрацаваную Рэспублікан-скім інстытутам кантролю ведаў, якую збіраюцца ўкараніць у будучыні. Дырэктар інстытута Юрый Міксюк расказаў БелТА, што гэта ажыццяўляецца для таго, каб зрабіць ацэнку ведаў больш зразумелай: “Дзеючая методыка апрацоўкі вынікаў ЦТ зарэкамендавала сябе добра. Аднак сёння ўзнікае новая задача, якая патрабуе не проста ранжыравання, але і максімальна дакладнага, наколькі гэта магчыма, ацэньвання ведаў выпускнікоў школ”.

За ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе сачыць створаная па ўказе Прэзідэнта дзяржаўная камісія на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Васілем Жарко.

КАМПЕТЭНТНА

Ігар Карпенка, міністр адукацыі:


— Мы зараз выконваем даручэнне Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта і фактычна завяршылі распрацоўку праекта ўказа аб зацвярджэнні правілаў прыёму ў новай рэдакцыі. Хутчэй за ўсё, большасць навацый, якія мы плануем, закрануць уступную кампанію 2019 года. Таму сёння абітурыентам не варта хвалявацца, што нешта нечаканае раптам выплыве ва ўступнай кампаніі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter