«Звіняць цымбалы і гармонік»

Міжнародны фестываль народнай музыкі пачаўся ў Паставах

Міжнародны фестываль народнай музыкі пачаўся ў Паставах

Помнік фестывалю народнай музыкі адкрыецца ў Паставах у час правядзення XVI Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які пачаўся ў горадзе. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім раённым выканаўчым камітэце.

У адкрыцці музычнага форуму прынялі ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», які стаў галоўным упрыгажэннем музычна-тэатралізаванага прадстаўлення «Пастаўскі баль». Пасля завяршэння балю неба над Паставамі расквеціў святочны феерверк, а завершыцца першы фестывальны дзень далёка за поўнач начной дыскатэкай.

Галоўная падзея фестывалю — конкурс калектываў і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?» — пройдзе ў Паставах 8 чэрвеня. У музычным спаборніцтве прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Славакіі і Венесуэлы. У гэты ж дзень у Доме рамёстваў будзе адкрыта выстава работ беларускіх мастакоў, якія прымалі ўдзел у пленэры, прысвечаным 180-й гадавіне з дня нараджэння Альфрэда Ромера (беларускага, літоўскага і польскага мастака, скульптара, медальера, мастацтвазнаўца і этнографа). У Доме культуры будзе арганізавана яшчэ адна экспазіцыя — выстава народных музычных інструментаў. А на цэнтральнай плошчы Паставаў «Горад майстроў» будзе суседнічаць з сельскімі падвор’ямі (удзельнікамі раённага агляду-конкурсу «Пастаўшчына гасцінная»). У фінале другога фестывальнага дня запланаваны маладзёжная праграма і начная дыскатэка.

Завяршальныя акорды XVI Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» прагучаць у Паставах 9 чэрвеня. У праграме канцэрт класічнай музыкі, выступленне ваеннага духавога аркестра, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей форуму, урачыстае адкрыццё памятнага знака фестывалю народнай музыкі ў гарадскім парку і заключны гала-канцэрт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter