Звінелі ў Вільнюсе цымбалы

Літоўская публіка ўражана віртуознай ігрой маладой беларускай артысткі...

Літоўская публіка ўражана віртуознай ігрой маладой беларускай артысткі.

Авацыямі ўдзячных гледачоў суправаджаўся канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава на сцэне Літоўскай нацыянальнай філармоніі, дзе 24 верасня ўрачыста адкрыліся Дні культуры Беларусі ў Літве.

Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, канцэрт прайшоў з аншлагам, беларускіх артыстаў выклiкалі на біс некалькі разоў. Асабліва ўразіла літоўскую публіку віртуознае выкананне на цымбалах у суправаджэнні аркестра сімфоніі Дзмітрыя Смольскага маладой таленавітай артысткай Веранікай Прадзед.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры прыняў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. На канцэрце таксама прысутнічалі  Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын, намеснік міністра культуры Літоўскай Рэспублікі Дэйвідас Стапонкус, члены сойма Літвы, прадстаўнікі дыпмісій, кіраўнікі дэпартаментаў і ведамстваў, устаноў культуры, творчых саюзаў, дзелавых колаў і беларускай дыяспары.

У гэты ж дзень у публічнай бібліятэцы Адама Міцкевіча ў Вільнюсе адкрылася выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе».  Падчас адкрыцця адбылася акцыя «Чытаем Купалу разам». Вершы класіка гучалі на беларускай і літоўскай мовах.

Дарэчы, стала вядома, што ў гэтым годзе ў Вільнюсе адновяць памятную дошку Янку Купалу, а таксама будзе ўстаноўлена памятная дошка Якубу Коласу. Такія прапановы беларускага боку падтрыманы ўладамі літоўскай сталіцы.

Нагадаем, Дні культуры Беларусі ў Літве працягнуцца да 30 кастрычніка. За гэты час у розных гарадах суседняй краіны прадстаўнікі творчых калектываў Беларусі (усяго задзейнічана каля 650 артыстаў) прадэманструюць публіцы лепшыя ўзоры айчыннага музычнага, балетнага, драматычнага мастацтва і фальклору.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter