Зусім не сакрэтныя матэрыялы

Беларускія суполкі замежжа, што ўдзельнічалі ў конкурсе “Культура”, атрымалі дыпломы і заахвочвальныя падарункі. І ў тых, хто шчыруе сёлета, таксама ёсць шанец заявіць пра сябе.Што за конкурс? Мы расказвалі ўжо крыху пра тое, напрыклад, у публікацыі “На высокіх берагах Амура” за 21 лютага. Каб падаць інфармацыю больш поўна, звярнуліся да дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова. Дарэчы, многія актывісты суполак замежжа ведаюць яго і па ранейшай працы ў апараце Упаўнаважанага.
Беларускія суполкі замежжа, што ўдзельнічалі ў конкурсе “Культура”, атрымалі дыпломы і заахвочвальныя падарункі. І ў тых, хто шчыруе сёлета, таксама ёсць шанец заявіць пра сябе.

Мастак Вячаслаў Ігнаценка – вядомы беларус з КішынёваШто за конкурс? Мы расказвалі ўжо крыху пра тое, напрыклад, у публікацыі “На высокіх берагах Амура” за 21 лютага. Каб падаць інфармацыю больш поўна, звярнуліся да дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова. Дарэчы, многія актывісты суполак замежжа ведаюць яго і па ранейшай працы ў апараце Упаўнаважанага.

— Вынікі конкурсу падведзены, ацэньвалася работа суполак за мінулы год. Нагадайце, хто праводзіць конкурс і з якой мэтай?
— Афіцыйная назва яго доўгая: Конкурс сярод грамадскіх арганізацый беларускіх суайчыннікаў за мяжой на лепшыя дасягненні ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання беларускай дыяспары. Папросту мы называем праект так: конкурс “Культура”. Праводзяць яго сумесна РЦНК і Беларускае грамадскае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”. Палажэнне аб конкурсе, узгодненае з Мінкультуры, мы актыўна рассылалі па свеце, на электронныя і паштовыя адрасы беларускіх суполак, у тым ліку і праз дыппрадстаўніцтвы. Атрымаўшы нямала матэрыялаў па розных каналах, падвялі вынікі конкурсу. Заўважу, з суполак дасылалі відэа-, фота-, друкаваныя і іншыя дакументальныя матэрыялы аб сваёй культурніцкай дзейнасці ў краінах пражывання.

— З якой мэтай ладзіцца конкурс? І хто праявіў да яго інтарэс?
— Мы праводзім своеасаблівы замер сацыяльна-культурнай актыўнасці грамадскіх суполак беларусаў у розных краінах замежжа. Лічым, гэта і важна, і карысна для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва. І суполкам цікава! Скажам, суайчыннікі з Італіі так і напісалі, дасылаючы матэрыялы: маўляў, на перамогу не прэтэндуем, але “прасігналіць”, засведчыць прысутнасць у свеце жадаем. Можна цяпер сцвярджаць смела: конкурс даў станоўчы вынік. Атрымалі 26 заявак з 12 краін: “засвяціліся” Азербайджан, Расія, Латвія, Эстонія, Малдова, Казахстан, Узбекістан, Італія, Грузія, Украіна, Польшча і Аргенціна. Мне падаецца цікавым і тое, што амаль трэцюю частку суполак-удзельніц конкурсу ўзначальваюць члены Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Ён, як вядома, працуе пры Мінкультуры Беларусі. Таму заканамерна, што дыпломы лаўрэатаў і заахвочвальныя падарункі Міністр культуры Барыс Святлоў уручаў пад час правядзення чацвёртага Кансультатыўнага савета ў Мінску 14 верасня. А паколькі конкурс меў шмат станоўчых водгукаў, будзем яго прадаўжаць, з яшчэ большым розгаласам.

— Што новы конкурс ужо аб’яўлены, матэрыялы прымаюцца да 1 лютага — мы яшчэ пагаворым іншым разам. А цяпер назавіце тых, хто ўшанаваны па выніках працы ў 2012 годзе.
— Дыпломы і заахвочвальныя падарункі РЦНК і Таварыства “Радзіма” за значны ўклад у папулярызацыю беларускай культуры ў краінах пражывання ў Мінску атрымалі Новасібірскі цэнтр беларускай культуры (дырэктар Ніна Кабанава), Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” з Цюмені (кіраўнік Сяргей Яфімчык), Елгаўскае беларускае таварыства “Лянок” з Латвіі (старшыня Алена Грысле), Саюз беларусаў Латвіі (старшыня Валянціна Піскунова), Беларуская абшчына ў Рэспубліцы Малдова (старшыня Юрый Статкевіч) і Беларуская абшчына Львоўскай вобласці (старшыня Сяргей Кулікоў). Адзначаны суполкі, лідары якіх у Мінску не былі. Так што ім, ды і астатнім удзельнікам дыпломы і падарункі часткова перададзены, а некаторыя яшчэ чакаюць нагоды патрапіць да канкурсантаў.

— Вы сказалі: астатнія? Ніхто з канкурсантаў не застаўся без увагі?
— Сапраўды так. Такі прынцып заахвочвання апраўданы. Адны, безумоўна, папрацавалі больш, іншыя — толькі спрабуюць сілы. Але тут галоўнае: абудзіць творчую ініцыятыву, зрабіць агульным набыткам цікавы досвед культурнай працы беларускіх суполак у розных краінах.

— А як той досвед стане агульным набыткам? Недзе пра яго можна пачытаць, паглядзець здымкі ці відэа?
— Мы маем намер не складваць каштоўныя матэрыялы ў доўгія скрыні ці вялікія шафы, не рабіць іх “сакрэтнымі матэрыяламі”, а рабіць даступнымі. У Палажэнні аб конкурсе, які ўжо аб’яўлены, чытаем: “Інфармацыя аб удзельніках змяшчаецца арганізатарамі на сайце РЦНК http://centrkult.iatp.by і ў СМІ Беларусі пасля афіцыйнага падвядзення вынікаў конкурсу. Конкурсныя матэрыялы могуць прадастаўляцца СМІ Беларусі і выкарыстоўвацца як метадычны матэрыял (з захаваннем спасылак на аўтараў) з моманту іх атрымання арганізатарамі конкурсу”. Ну а пра іншыя асаблівасці конкурсу “Культура” пагаворым іншым разам.

Іван Іванаў

На здымку:
Мастак Вячаслаў Ігнаценка – вядомы беларус з Кішынёва
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter