Больш за два гады ў Беларусі працуе нацыянальная сістэма электроннага збору аплаты па дарогах, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы

Зручны варыянт

Больш за два гады ў Беларусі працуе нацыянальная сістэма электроннага збору аплаты па дарогах, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы


Агульная даўжыня платных дарог у Беларусі складае  1189 км


— Новая схема ў параўнанні з ручным зборам, больш справядлівая, — адзначае менеджар па сувязях з грамадскасцю аператара сістэмы BelToll ЗТАА “Капш Тэлематык Сервісіз” Сяргей Буры. — Платныя дарогі разбіты на сегменты, у сярэднім каля 20 кіламетраў, і аўтаўладальнік плаціць толькі за тую адлегласць, што праехаў. Прычым тарыф прымяняецца ў залежнасці ад тэхнічна дапушчальнай агульнай масы і колькасці восяў транспартнага сродку (ТС). Усе тэхнічныя характарыстыкі датчыкі вызначаюць у аўтаматычным рэжыме, як толькі аўтамабіль праязджае пад станцыяй кантролю за зборам аплаты. Спосабаў аплаты два: па факце з выкарыстаннем паліўных карт і па прадаплаце. Першым варыянтам шырока карыстаюцца аўтапрадпрыемствы, якія маюць магчымасць працаваць з безнаяўнымі грашыма.

— Хто павінен плаціць за праезд па беларускіх дарогах?

— Кіроўцы легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных за межамі Мытнага саюза, у тым ліку пасажырскія мікрааўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не большай за 3,5 тоны, а таксама кіроўцы грузавікоў, аўтобусаў і дамоў на колах з дапушчальнай агульнай масай большай за 3,5 тоны.

— А калі кіроўца вырашыў праехаць “на халяву” і не ўзяў бартавое ўстройства?


— Сістэма на першай жа станцыі кантролю за зборам аплаты вылічыць такі аўтамабіль, аператары правераць яе і захаваюць інфармацыю аб парушэнні ў базе, доступ да якой у пастаянным рэжыме ёсць у Транспартнай інспекцыі. Супрацоўнікі інспекцыі альбо знаходзяць і спыняюць машыну прама на дарозе, альбо высылаюць на паштовы адрас уладальніка ТС акт парушэння парадку аплаты за праезд. У першым выпадку, пакуль не будзе ажыццёўлена аплата за праезд, аўтамабіль з месца не зрушыцца. У другім выпадку парушальнік абавязаны ў адзначаны тэрмін ажыццявіць аплату за праезд у павялічаным памеры. А гэта даволі вялікія сумы — 260 еўра за адзін выпадак праезду пад станцыяй кантролю без бартавога ўстройства (для ТС масай большай за 3,5 тоны). Калі па сканчэнні 2 гадзін пасля першага выпадку такі праезд здзяйсняецца паўторна — дадайце яшчэ столькі ж.

— Але ж бываюць збоі ў сістэме? Што рабіць у гэтым выпадку?

— Тэхнічных збояў у сістэме, якія не дазволілі б ёй правільна выканаць сваю функцыю, не бывае. Але, па-першае, ва ўсіх выпадках бартавое ўстройства адразу падае пэўны сігнал, інфармуючы кіроўцу, што нешта не так. Пры гэтым мы рэкамендуем яму адразу тэлефанаваць дыспетчару на інфалінію. Ёсць праблема, не, дыспетчар разбярэцца. У гэтым выпадку звароту карыстальніка на інфалінію, калі транзакцыя не прайшла па прычыне неспрацоўкі ўстройства электроннай аплаты, з кіроўцы адказнасць здымаецца. Без званка яму свеціць далейшы доўгі разбор з Транспартнай інспекцыяй, які, верагодней за ўсё, скончыцца не на яго карысць. Па-другое, інтэлектуальныя тэхналогіі, на якіх створана наша сістэма, дазваляюць аднавіць інфармацыю ўжо на наступнай станцыі аплаты, якая аўтаматычна адновіць транзакцыю папярэдняй “рамкі”.

— Хто асноўныя карыстальнікі беларускіх платных дарог?


— Каля 50,5 працэнта — айчынныя аўтатранспартнікі, прыкладна 13 — расіяне, 10 — палякі, каля 9 — украінцы, яшчэ 7 — літоўцы і 10,5 працэнта — усе астатнія.


Даведка

Інтэлектуальныя транспартныя сістэмы электроннага збору платы кампаніі “Капш Тэлематык Сервісіз”, аналагічныя беларускай, працуюць у Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, ПАР. Асобныя рашэнні прымяняюцца ў Расіі, ЗША, Мексіцы, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Швецыі і дзясятках іншых краін у Еўропе, Азіі, Лацінскай Амерыцы, усяго больш за 280 праектаў у 41 краіне свету. Расія, Казахстан, іншыя суседзі актыўна цікавяцца досведам Беларусі па стварэнні нацыянальнай сістэмы платных дарог.

Да першага жніўня 2014 года, акрамя трасы М-1/Е-30, сетка платных дарог уключала ўчасткі дарог: М-2 (Мінск — Нацыянальны аэрапорт), М-3 (Мінск — Віцебск), М-4 (Мінск — Магілёў), М-5 (Мінск — Гомель), М-6 (Мінск — Гродна — Брузгі), — або ўсяго 933 кіламетры. З першага жніўня 2014 года да сістэмы дадалося яшчэ 256 кіламетраў трас: М-7 (Мінск — Ашмяны — Каменны Лог) і Р-1 (Мінск — Дзяржынск). І агульная даўжыня платных дарог у Беларусі павялічылася да 1189 кіламетраў.


Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter