Што змянілася?
— Раней пералік работ па ўборцы насіў рэкамендацыйны характар, заканадаўча ўстаноўленага дакумента не было, — робіць невялікі экскурс у ранейшае становішча спраў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй Рамашка. — Прынялі рашэнне вызначыць мінімальную перыядычнасць правядзення работ па ўборцы дамоў — у дакуменце ёсць слова «не менш». Гэты пералік — мінімальны сацыяльны стандарт, які павінен выконвацца.
Частата ўборкі залежыць ад паверха і наяўнасці ліфта ў доме.
Першы ўзровень павінны пры-водзіць у парадак не менш за два разы на тыдзень, калі на верхнія паверхі можна падняцца на ліфце. Калі ліфт адсутнічае — не менш за раз. Мыццё пад’езда без ліфта — не менш за два разы на месяц, з ліфтам — не менш за раз на месяц, кабіны ліфта — не менш за раз на месяц. Дэзынфекцыя, дэзынсекцыя (знішчэнне насякомых), дэратызацыя (знішчэнне грызуноў) — па меры неабходнасці.
Праціраць сцены, дзверы, плафоны і ацяпляльныя прыборы вільготнай анучай, а таксама абмятаць пыл са столяў трэба адзін раз на год. Уборка падвала, тэхнічнага падполля, паддашка, тэхнічнага паверха і іншых тэхпамяшканняў таксама будзе праводзіцца не радзей за раз на год. З такой жа перыядычнасцю будуць мыць вокны ў пад’ездах, а чысціць дошку аб’яў плануецца адзін раз на тыдзень.
На ўчастку ЖЭУ № 4 Першамайскага раёна сухую ўборку робяць ад двух да дзесяцi разоў на месяц.
Добрае застанецца з намі
Але ці варта баяцца, што з указаннем найменшай перыя-дычнасці звыклы графік уборак будзе перагледжаны ў бок скарачэння?
— І да ўступлення ў сілу пастановы, і на сёння аказанне паслугі па ўборцы пад’ездаў і перыядычнасць у канкрэтным доме рэгулююцца дагаворам, — даводзіць Андрэй Рамашка. — Калі кошт паслугі для спажыўца дазваляў выконваць уборку пад’ездаў часцей за рэкамендуемае, то і сёння гэта не зменіцца. Пастанова дазваляе жыхарам па Законе аб абароне правоў спажыўца патрабаваць якаснага выканання паслугі. У адваротным выпадку можна запытваць пераразлік.
Перыядычнасць уборкі залежыць ад плошчы дома і колькасці жыхароў.
Глядзім, як новая пастанова дзейнічае на практыцы ў доме на праспекце Незалежнасці, 181. У пад’ездзе дворнікі актыўна працуюць венікам, змятаюць зямлю і дробнае смецце: увесь бруд прэч.
— З уступленнем у сілу пастановы графікі ўборкі дамоў мы не змянілі, — абмалёўвае сітуацыю намеснік дырэктара «ЖЭУ № 4» Першамайскага раёна Ірына Лазарава. — Перыядычнасць уборкi залежыць ад плошчы дома і колькасці жыхароў, якія аплачваюць паслугу. Напрыклад, на ўчастку нашага ЖЭУ ў залежнасці ад тыпу дома сухую ўборку робяць ад двух да дзесяці разоў на месяц.