В среднем 200-250 машин за сутки: как проходят санобработку автомобили скорой помощи, комбинезоны и средства индивидуальной защиты медиков

Зроблена блiскуча!

Урачы i фельчары, якiя транспарцiруюць кожны дзень тых пацыентаў, што мелi кантакты з хворымi на COVID-19, безумоўна, апранутыя з галавы да ног у сродкi iндывiдуальнай абароны. Але кожная такая перавозка чалавека — гэта падстава для дэзынфекцыi як сродкаў iндывiдуальнай абароны медработнiка, так i транспарту. Мы даведалiся, як гэта адбываецца.

«Санiтарнай апрацоўцы падлягае»

Кожны дзень працуюць з iнфекцыяй, якая захапiла свет, тысячы спецыялiстаў розных прафесiй. Каб абаранiць у тым лiку i ўрачоў, дзень i ноч працуюць спецыялiсты аддзялення ачагавай дэзынфекцыi з цэнтральным санiтарным прапускнiком Гарадскога цэнтра дэзынфекцыi i стэрылiзацыi (ААД з ЦСП ГЦДiС), якi знаходзiцца на вулiцы Петруся Броўкi, 11. Яны праводзяць санiтарную апрацоўку — дэзынфекцыю машын хуткай медыцынскай дапамогi (ХМД), транспарта УП «Мiнсксанаўтатранс», якi задзейнiчаны ў перавозцы медыцынскага персаналу, а таксама транспарта патолагаанатамiчнай службы i ўласнага транспарта, калi ў iм перавозiлi чалавека з каронавiруснай iнфекцыяй.


— Санiтарнай апрацоўцы падлягаюць тыя машыны, якiя былi задзейнiчаны ў транспарцiроўцы асобы з падазрэннем на iнфекцыйнае захворванне або пацверджаным iнфекцыйным захворваннем, якое можа прадстаўляць надзвычайную сiтуацыю ў галiне грамадскай аховы здароўя i маюць мiжнароднае значэнне. Як толькi адбылася шпiталiзацыя пацыентаў у стацыянары горада, машыны ХМД павiнны прыязджаць на дэзынфекцыю, — тлумачыць Рэгiна Завадская, загадчыца аддзялення ачагавой дэзынфекцыi з цэнтральным санiтарным прапускнiком.


Каб убачыць, як адбываецца апрацоўка транспарта, мы адправiлiся да Гарадскога цэнтра дэзынфекцыi i стэрылiзацыi. Адрасам дакладна не памылiлiся: у адзiн i той жа двор заязджалi i выязджалi аўтамабiлi хуткай дапамогi. На спецыяльна адведзенай пляцоўцы, дзе адбываецца апрацоўка, кожны дзень праходзяць дэзынфекцыю ў сярэднiм 200—250 машын ХМД за суткi. Па стане на 5 мая санiтарную апрацоўку ўжо прайшлi больш за 7000 машын. Рэгiна Завадская дадае:

— Аднак не толькi тут праходзiць санiтарная апрацоўка транспарта ХМД. Дэзынфекцыя таксама праводзiцца на спецыяльна абсталяваных пляцоўках у такiх установах аховы здароўя, як Гарадская клiнiчная iнфекцыйная бальнiца, Гарадская дзiцячая iнфекцыйная клiнiчная бальнiца.

Адна машына — пяць хвiлiн 

Па стане на 1 мая у ГЦДiС працуюць ва ўзмоцненым рэжыме 15 эпiдбрыгад. Яны займаюцца не толькi дэзынфекцыяй медработнiкаў i машын хуткай дапамогi, але i камернай дэзынфекцыяй, правядзеннем заключнай дэзынфекцыi ў ачагах iнфекцыйных захворванняў. Штат у цяперашнiх умовах узмацнiлi спецыялiстамi УП «Цэнтр прафiлактычнай дэзынфекцыi». Акрамя гэтага, дапамог i камiтэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельнiцтва Мiнгарвыканкама: працаўладкавалiся ў ГЦДiС новыя супрацоўнiкi. Ужо на месцы iх навучылi правядзенню заключнай дэзынфекцыi.

Пасля шпіталізацыі пацыентаў у стацыянары горада машыны «хуткіх» прыязджаюць для дэзынфекцыі на спецыяльна адведзеную пляцоўку ГЦДіС.
 
Перш чым узяцца за працу, кожны спецыялiст надзявае ахоўную экiпiроўку: аднаразовы камбiнезон, рэспiратар, фартух, нарукаўнiкi, герметычныя акуляры, медыцынскiя аднаразовыя пальчаткi i бахiлы. На адзiнку транспарта — па два спецыялiста. Адзiн праводзiць дэзынфекцыю машыны, другi кантралюе працэс зняцця супрацоўнiкамi ХМД «камплектаў адзення супрацьэпiдэмiчнага тыпу 1». Паглядзiм, як гэта адбываецца на справе?


На залiтую сонцам пляцоўку заязджае чарговая машына хуткай дапамогi. Вадзiцель i медперсанал выходзяць з аўто i накiроўваюцца на санiтарную апрацоўку касцюмаў i гiгiенiчную апрацоўку рук. Рэгiна Мiкалаеўна тлумачыць кожны момант:

— Усе СIА, якiя выкарыстоўвалi работнiкi «хуткiх», пасля апрацоўкi пакуюцца ў мяшкi, адпраўляюцца ў камерную дэзынфекцыю, i ўжо пасля ва ўтылiзацыю. Што тычыцца ахоўных акуляраў, якiя можна выкарыстоўваць паўторна, то iх апрацоўваюць сродкамi экстранай дэзынфекцыi.

Адначасова пачынаецца работа над машынай. У гэты час супрацоўнiкi ХМД могуць трохi выдыхнуць i пагрэцца пад сонцам, або прыняць душ — для гэтага ёсць усе ўмовы.


— Апрацоўка праводзiцца метадам арашэння — для гэтага прымяняюцца дэзынфiцыруючыя сродкi, дазволеныя да ўжывання Мiнiстэрствам аховы здароўя, — паказвае Рэгiна Мiкалаеўна. — Для арашэння выкарыстоўваюцца высоканапорныя распыляльнiкi — гiдрапульты тыпу «Квазар», а таксама распыляльнiкi аэразоляў «Bure».

Спецыялiст у мелкадысперсным воблаку дэзынфектантаў апрацоўвае ўсе паверхнi машыны. Па гуку здаецца, што працуе пыласос. Ён распыляе сродак на абсталяванне, дзверы, ручкi i самыя дробныя элементы. На кожную машыну патрабуецца каля 5—10 хвiлiн у залежнасцi ад камплектацыi, i ў сярэднiм 2,5 лiтра сродку. Усё, можна ехаць? Рэгiна Завадская тлумачыць, што не ўсё так проста:

— Не, пасля апрацоўкi машыны павiнны застацца на пляцоўцы для забеспячэння экспазiцыi працоўнага раствора дэзынфiцыруючага сродку. Але гэта нядоўга, у сярэднiм ад 15 да 30 хвiлiн.

Заключная дэзынфекцыя

Пасля таго як спецыялiст правёў санiтарную апрацоўку транспарта, ён павiнен правесцi практычна ўсё тое ж самае са сваёй экiпiроўкай. Усё, у чым працаваў, калега апрацуе дэзынфiцыруючым сродкам. Пасля СIА адправяць у камерную дэзынфекцыю i ўтылiзацыю. Усё гэта не тычыцца толькi акуляраў — для кожнага супрацоўнiка ёсць зменныя, пакуль папярэднiя дэзынфiцыруюцца ў растворы. Дарэчы, а як праходзiць камернае абеззаражанне рэчаў i прадметаў з ачагоў iнфекцыйных захворванняў, якiя сюды таксама паступаюць?


У цэнтры ўстаноўлены тры стацыянарныя парапаветраныя камеры, дзе дэзынфiцыруючым агентам служыць насычаны вадзяны пар, якi падводзiцца знiзу — пад рэчамi, i змешваецца з паветрам у камеры. Тэмпература такой парапаветранай сумесi можа дасягаць 100 градусаў.

Дарэчы, акрамя ўсёй гэтай работы, не радзей 1 раза на 10 дзён у начны час санiтарнай апрацоўцы падвяргаюцца ўсе палiклiнiкi горада — нi адну не пакiдаюць без увагi. Таксама, паведамiлi ў ГЦДiС, урачы-эпiдэмiёлагi эпiдэмiялагiчных аддзелаў (супрацьэпiдэмiчных аддзяленняў) тэрытарыяльных цэнтраў гiгiены i эпiдэмiялогii горада, а таксама ведамстваў, праводзяць эпiдэмiялагiчнае расследаванне кожнага выпадку захворвання на COVID-19. Рэгiна Мiкалаеўна заключае:

— Вызначаецца кола кантактных асоб i межы ачага, у якiм трэба праводзiць санiтарна-супрацьэпiдэмiчныя мерапрыемствы. Па вынiку падаецца заяўка ў цэнтралiзаваную дыспетчарскую ГЦДiС — яна працуе кругласутачна i прымае заяўкi на выкананне заключнай дэзынфекцыi толькi ад спецыялiстаў тэрытарыяльных цэнтраў гiгiены i эпiдэмiялогii i ведамстваў, а таксама ад медыцынскiх работнiкаў устаноў аховы здароўя, на выкананне нарада на заключную дэзынфекцыю. Зараз заключная дэзынфекцыя праводзiцца ў кватэрах, пад’ездах, цэхах прамысловых прадпрыемстваў, iнтэрнатах, навучальных карпусах ВНУ i ССНУ, школах i iншых значных аб’ектах.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Татьяна СТОЛЯРОВА