Зоя Белахвосцiк: У дачыненні да прафесіі я зусiм не ўспрымаю самаадданасць як ахвяру

Зоя Белахвосцiк. Партрэт у дэкарацыях

Гэтую актрысу часта пазнаюць на вулiцы, але не адразу на сцэне. Майстэрствам пераўвасаблення Зоя Белахвосцiк валодае дасканала. I хаця ў яе прафесiйнай скарбонцы ўжо больш за паўсотнi роляў, выглядае заслужаная артыстка Беларусi ледзь не ўдвая маладзейшай за равеснiц.

Сакрэту з прычын такога поспеху Зоя Валянцiнаўна не робiць:

— У мяне ёсць любiмая справа, якая вельмi хвалюе, якая сур’ёзна цiкавiць, якой я прысвяцiла сваё жыццё i ў якой iмкнуся развiвацца. У дачыненні да прафесіі я зусiм не ўспрымаю самаадданасць як ахвяру. Усё, што робiцца, гэта на карысць — i для працы, i для сябе. Гэта вялiкае шчасце!

Прызнанне прыйшло да Зоi Белахвосцiк з першай роллю. Адразу пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута дзяўчына трапiла ў Купалаўскi, ды не ў звычайны спектакль, а ў вiзiтоўку тэатра — «Паўлiнку», ды не ў масоўку цi эпiзод, а на цэнтральны персанаж. Зайздроснiкi лiхасловiлi, маўляў, такi гонар — заслуга дзеда i бацькi, легендарных акцёраў. Але хто ведае, якiх намаганняў, якой працы каштавала маладой актрысе гэтая роля! Чаго толькi не робiць у час дзеяння гарэзная Паўлiнка! Яна i сумуе, i жартуе, i танчыць, i спявае… I каб гераiня ўсё гэта рабiла лёгка, арганiчна, усяму гэтаму навучылася яе выканаўца. 

— Я лiчу, у нашай прафесii нельга крыўдзiцца, што цябе не абралi на ролю. Гэта тупiковы шлях, — разважае Зоя Валянцiнаўна. — Трэба спачатку ў сабе разабрацца — чаму не абралi. Калi ты нешта з сябе ўяўляеш, заўсёды месца сабе знойдзеш. Я ўсё жыццё баялася пасаромiць i падвесцi сям’ю — дзеда Глеба Глебава, тату Валянцiна Белахвосцiка. Дынастыя — гэта не толькi вялiкi гонар, але i вялiкая адказнасць. Напэўна, маёй дачцэ Валянцiне Гарцуевай, якая ўжо дзевяць гадоў працуе ў нашым тэатры, у сто разоў цяжэй, чым мне. Як бы тое нi было, усе творчыя людзi амбiцыйныя. Але добра, калi амбiцыi маюць пад сабой падставы, тады ёсць сэнс развiвацца i будзе чым ганарыцца.

Самой Зоi Белахвосцiк ёсць не толькi чым ганарыцца, але i падзялiцца, што яна i робiць, шчодра, але вельмi далiкатна. Даваць парады — занятак няўдзячны, ды i вопыт нiкому не перадасi — у кожнага павiнен быць свой. Нават дачцэ актрыса нешта падказвае, толькi калi тая настойлiва просiць. Не атрымаеш сапраўдных пачуццяў, калi твае праблемы вырашае хтосьцi iншы. 

— Ёсць у мяне i кепскiя рысы характару, — гаворыць актрыса, — я, магчыма, больш старанная, чым патрэбна. Вядома, не перфекцыянiстка, але ў нейкім сэнсе, здаецца, ужо наблiжаюся. Проста не люблю самадзейнасцi. Калi ўжо бярэшся за працу, трэба рабiць яе прафесiйна, з добрым рэжысёрам, у сапраўдным тэатры. Такi падыход выклiкае залiшняе нервовае напружанне, але, зрэшты, калі гэта ёсць, то i дзякуй Богу. 

Бона Сфорца ў «Чорнай панне Нясвіжа» Аляксея Дударава, Марцэля ў «Хаме» паводле аднайменнага рамана Элiзы Ажэшкі, маці Франца ў спектаклі «Не мой» паводле Алеся Адамовіча, жонка кума ў гогалеўскай «Ночы на Каляды», Алена ў «Людзях на балоце» Івана Мележа, матуля i жонка ў «Местачковым кабарэ», Ірына Мікалаеўна Аркадзіна ў п’есе Чэхава «Чайка» — гэта тое, з чым Зоя Валянцiнаўна сёння выходзiць на сцэну Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Я. Купалы. Яны такія розныя, гэтыя жанчыны, якіх абагульняе толькі партрэтнае падабенства…

— Мне заўсёды шанцавала на ролi, я шмат зрабiла таго, чаго магла i не зрабiць. I ўпэўнена: калi чагосьцi моцна пажадаю, то ў маiх сiлах гэта ажыццявiць. Але я нiколi не мару аб няздзейсным. Напрыклад, калi б я хацела сыграць Джульету, адразу ж адкiнула б гэтую думку, бо не ставяць у нашым тэатры «Рамэа i Джульету»! Вось за «Чайку» я Богу ўдзячная. Чэхава люблю i ведаю ўсяго, ад коркi да коркi. I мне падабаецца, як паставіў п’есу Мiкалай Пiнiгiн — не прывязана да эпохi, бо тэма гэта вечная. Але «Чайка» ў нашым рэпертуары — нячастая з’ява. Не такая частая, як хацелася б. Тэатру трэба жыць, а каб было на што жыць, мы вымушаны iграць тое, на што пойдзе публiка. На жаль, не ўсе нашы гледачы — гурманы, большасць патрабуе не тых твораў, што прымушаюць задумацца, а тых, што выклiкаюць смех. Мiж iншым, наша «Чайка» — камедыя, хаця гэта i сур’ёзны спектакль, ён зусiм не нудны. 

Ёсць сярод наведвальнiкаў беларускага храма Мельпамены i асаблiвая каста. Гэтыя спецыялiсты здольныя iстотна паўплываць на стан спектакляў i нават на лёс акцёраў.


— Яны мiфатворцы, — усміхаецца Зоя Валянцінаўна. — Бачу ў прэсе дзіўны рэйтынг — «лепшыя спектаклi года» паводле інтэрнэт-даследаванняў… Аказваецца, у лiку самых удалых — тое, што я б i спектаклем не назвала. Гэта нейкае прадстаўленне, якое, канечне, мае права на iснаванне, але да тэатра нiякага дачынення не мае. Наадварот, там, дзе крытык павiнен быць нашым сябрам, добрым дарадцам, так бы мовiць, экскурсаводам для гледачоў, ён чамусьцi выступае нашым ганьбавальнікам. Дарэчы, яму самому не перашкодзіла б уважлiва глядзець i слухаць тое, што адбываецца на сцэне, да таго ж ведаць умовы нашай працы, прызначэнне тэатра i яго магчымасцi. Замест гэтага крытыкi не абцяжарваюць сябе дэталёвым праглядам пастаноўкі, судзяць аб ёй павярхоўна, скажаюць факты, падмяняюць каштоўнасцi. Выходзiць, мы робiм творчы прадукт, а яны на ім робяць свой, другасны прадукт, не заўсёды годны. Крытыка павiнна быць канструктыўнай, асцярожнай, тонкай. Акцёр — чалавек чуллiвы і ранiмы, нейкае няспраўнае выказванне можа зламаць яму лёс. 

Некалькі гадоў таму НАТ імя Я. Купалы істотна змяніўся, як звонку, так і знутры. Калі раней адбор у трупу галоўнага беларускага тэатра быў вельмі жорсткі, дык цяпер трапіць сюды стала прасцей. На думку прымы гэтай сцэны, калі-нікалі трапляюцца выпадковыя людзі, але з часам яны самі разумеюць, што апынуліся не там. 

— Тут патрэбна вялізнае цярпенне! Спачатку — каб акцёрам стаць, потым — каб ім заставацца. Наш тэатр — рэпертуарны, спектаклі ідуць з года ў год, а іграць іх заўсёды трэба як у першы раз. Не кожны гэта вытрымае. Трэба ўмець чакаць ролі. А што рабіць, калі іх недастаткова, а сям’ю карміць трэба? Маладым цяжэй — зарплаты маленькія, а спакусаў шмат. Раней мы знаходзілі сабе падзаробкі — чыталі спектаклі на радыё, здымаліся на тэлебачанні. Цяпер усяго гэтага няма. Затое ёсць кіно. Нашы артысты актыўна шукаюць дадатковую працу там. Вельмі іх за гэта паважаю — што не сядзяць і не чакаюць невядома чаго. Я сама знялася ў 33 фільмах. Можна было б і больш зрабіць, але надоўга для мяне шлях на савецкі экран быў закрыты. Карцін тады ў рэспубліцы здымалася мала, і адмовіцца ад здымкаў азначала нанесці нязмыўную крыўду. Аднойчы мне прыйшлося гэта зрабіць — не адпускалі ў тэатры. Так я надоўга патрапіла на кінастудыі ў чорны спіс. Зрэшты, я не вельмі ад гэтага пакутавала — мне было больш важна, каб усё склалася на сцэне. 

Сёння ў Зоі Валянцінаўны ёсць яшчэ адна ніва, якую яна апрацоўвае з ўсёй адказнасцю і любоўю, — студэнты Акадэміі мастацтваў. Каб напрыканцы чацвёртага курса паставіць з імі дыпломны спектакль і выпусціць у свет гатовых артыстаў, увесь астатні час яна займаецца амаль што асветніцтвам.

— Вядома, сярод студэнтаў трапляюцца напоўненыя, здольныя і разумныя. Але, на жаль, гэта адзінкі. Звычайна першыя два гады я вымушана даваць ім не толькі матэрыял па навучальнай праграме, але і элементарныя веды па літаратуры, музыцы, жывапісе. Прычым, каб іх прымусіць нешта чытаць, слухаць, глядзець, трэба выдумляць усялякія нагоды. Я трачу на гэта даволі многа энергіі, якую можна было б накіраваць на штосьці іншае. Напрыклад, на кнігу. Я ўжо неаднойчы намагалася распачаць твор пра маіх славутых продкаў, але на гэта часу ўжо не застаецца. Можа, калі пайду на пенсію…

А заслужаны адпачынак Зоя Белахвосцік марыць праводзіць спакойна — на дачы сярод дрэваў і кветак альбо дома з роднымі, для якіх з радасцю б стварала парадак і чысціню, пякла пірагі… 

— Дзеля гэтага я нават згодная пайсці з тэатра! Ну, не зусім. Пакінула б сабе два спектаклі для душы. Не, лепей тры! Ці чатыры…

Словам, творчасць апантанага чалавека не ведае межаў. І гэта цудоўна! Значыць, з любімай актрысай аматары і прыхільнікі будуць сустракацца яшчэ доўга.

Алена ДАВЫДАВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter