Сусветныя тэатральныя прэм’еры можна глядзець на вялікім экране

Зорныя сеансы

Вось ужо другі год трапіць на спектаклі лонданскага тэатра Globe, парыжскага “Камеды Франсэз”, нью-ёркскай Метрапалітэн-Опера ці маскоўскага Вялікага тэатра не выклікае складанасцей. Ні віз, ні доўгіх пералётаў, ні дарагіх квіткоў — найярчэйшыя тэатральныя пастаноўкі розных краін можна паглядзець, не пакідаючы Беларусь. Для гэтага варта толькі своечасова набыць квіток у кінатэатр.

theatrehd.ru

Старт праекту TheatreHD, які сёння аб’ядноўвае звыш 60 гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Грузіі, у нашай краіне быў дадзены ў кастрычніку 2015 года, калі ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны” паказалі оперу “Трубадур” з удзелам Ганны Нятрэбка і Дзмітрыя Хварастоўскага. Пасля чаго на экранах кінатэатраў сталіцы і абласных гарадоў прайшла чарада прэм’ер, дзе галоўныя ролі выконвалі зоркі сусветнага ўзроўню: Бенядзікт Камбербэтч, Хелен Мірэн, Рэйф Файнс, Том Хідлстан, Джудзі Дэнч, Святлана Захарава, Уладзіслаў Лантратаў і многія іншыя.

У праграме толькі сёлетняга тэатральнага кінасезона прадстаўлена звыш паўсотні пастановак розных жанраў. У афішы — і бессмяротны Шэкспір, і п’есы аўтараў ХХ стагоддзя, і спектаклі на французскай мове, чаго раней у праекце не было, — да TheatreHD далучыўся легендарны парыжскі тэатр “Камеды Франсэз”.

Вялікая каштоўнасць для гледачоў — серыя The Met: Live in HD, якая дае магчымасць убачыць пастаноўкі Метрапалітэн-Опера ў прамой трансляцыі. І няхай час для прагляду спектакляў незвычайны (калі ў Нью-Ёрку вечар, у Мінску поўдзень), гэта вельмі каштоўны падарунак для сапраўдных прыхільнікаў мастацтва.

Акрамя спектакляў, TheatreHD — гэта яшчэ фільмы-выставы Філа Грабскі, якія дазваляюць перанесціся ў найбольш вядомыя музеі свету і ў дэталях разгледзець шэдэўры Манэ, Вермеера, Ван Гога, Рэмбранта і іншых вялікіх мастакоў. Вось так вакол свету за нейкіх 10—20 рублёў.

Хацелася б толькі, каб на такія паказы хадзіла як мага больш гледачоў, асабліва моладзі. І каб убачыўшы ў афішы папулярную амерыканскую камедыю і пастаноўку “Гамлета” на сцэне англійскага тэатра “Барбікан”, выбіралі ўсё ж “Гамлета”. І не таму, што там іграе зорка тэлевізійнага серыяла пра Шэрлака Холмса Беня-дзікт Камбербэтч, а па закліку душы.
У БЛІЖЭЙШЫ ЧАС

25.03. У кінатэатры “Цэнтральны” пакажуць оперу Метрапалітэн-Опера “Ідаменей” В.А. Моцарта пра крыцкага цара, вымушанага прынесці ў ахвяру Пасейдону роднага сына.

28.03. Наведвальнікаў кінатэатра “Цэнтральны” парадуюць спектаклем “Святая Іаана” па п’есе Бернарда Шоу аб простай дзяўчыне Жане д’Арк, чые дзеянні змаглі пераламаць ход вайны на карысць французаў.

29.03. У “Буцік кіно” будуць трансліраваць оперу Метрапалітэн-Опера “Рамэа і Джульета”. Версія рэжысёра Бартлета Шэра вызначаецца сапраўднай брадвейскай хвацкасцю і больш нагадвае кінематограф, чым оперу.
mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter