Мінскі аэраклуб прыадкрыў фортачку ў космас

Зорныя браты трапілі ў гісторыю

У Мінскім аэраклубе ДТСААФ адкрыўся павільён “Космас”.  Акцэнт зроблены на беларускім следзе ў гісторыі касманаўтыкі. У павільёне прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, напрыклад, спускальны апарат карабля “Саюз”, лажамент і касмічны скафандр лётчыка-касманаўта Пятра Клімука. Тут жа і касцюмы экіпажа міжнароднай касмічнай станцыі, і ўнікальныя здымкі, зробленыя з калязямной арбіты, і знакамітыя “цюбікі з баршчом і катлетамі” — наборы бартавога харчавання для касманаўтаў.



Сімвалічна, што на цырымонію адкрыцця павільёна прыехалі ўсе лётчыкі-касманаўты ўраджэнцы Беларусі — двойчы Героі Савецкага Саюза генерал-палкоўнікі ў адстаўцы Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, Герой Расіі палкоўнік Алег Навіцкі. У ліку ганаровых гасцей быў і знакаміты лётчык-касманаўт Герой Расіі Аляксандр Калеры, які прабыў у космасе 769 сутак — трэці вынік у гісторыі. Кампанію сваім “зорным” калегам склалі заслужаныя лётчыкі-выпрабавальнікі СССР — Герой Савецкага Саюза Віктар Пугачоў і выпускнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ Герой Расіі Яўген Фралоў, імёнамі якіх названы фігуры вышэйшага пілатажу. Пра ўвагу да праекта з боку дзяржавы сведчыў удзел Прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі генерал-лейтэнанта Станіслава Зася.

Для экспазіцыі Алег Навіцкі падарыў камбінезон, у якім ён трэніраваўся перад палётам і насіў на самой МКС. Свае афіцэрскія кіцелі перадалі Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук. А цэнтральны экспанат — рэальная капсула спускальнага касмічнага апарата, на якім касманаўты вяртаюцца на Зямлю. Унутры адрэстаўравалі прыборную панэль і крэслы. Гэтая капсула хоць і знаходзіцца ў рабочым стане, у космасе не пабывала. Энтузіясты знайшлі яе на мінскім прадпрыемстве НВА “Цэнтр”, які працаваў раней на касмічную прамысловасць. Яшчэ адзін не­звычайны экспанат — дзверы нумара N305 з гасцініцы “Касманаўт”, у якой касманаўты жывуць перад палётам на арбіту. На ёй пакінулі аўтографы ўсе лётчыкі-касманаўты, якія прыехалі на адкрыццё. Пасля імправізаванай аўтограф-сесіі Алег Навіцкі адзначыў:

— Пытанні супрацоўніцтва знаходзяцца на першым месцы, паколькі асобна ад іншых у космасе не можа працаваць ніхто. Расія і Беларусь вельмі шчыльна працуюць разам. Прычым гэтае ўзаемадзеянне бярэ свой пачатак яшчэ з савецкіх часоў. Беларусь сёння можа ганарыцца сваёй выдатнай оптыкай і складанай тэхнікай для касмічных даследаванняў.

4 гады назад, 22 ліпеня 2012 года, ракета-носьбіт “Саюз” разам з расійскім спадарожнікам на 500-кіламетровую арбіту вывела беларускі касмічны апарат — наглядны прыклад сумеснай работы навукоўцаў дзвюх краін. А ў студзені гэтага года на арбіту вывелі і першы беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік, які стаў асновай нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання.

У будучыні, лічыць начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ Мікалай Мачанскі, які і сабраў многія экспанаты, экспазіцыя можа атрымаць статус Музея авіяцыі і касманаўтыкі.

Андрэй Дробаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter