Зоркавы парад. Гала-канцэрт “Беларусь — гэта мы!” на працягу пяці гадзін будзе радаваць гледачоў.

Маляўнічае шоу чакае мінчан і гасцей горада сёння, у Дзень Незалежнасці. Нябачанае прадстаўленне са складанейшымі дэкарацыямі разгорнецца ля абеліска “Мінск — горад-герой”. Гала-канцэрт “Беларусь — гэта мы!” стане кульмінацыяй грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, якая зараз праходзіць у гарадах і пасёлках нашай краіны, а таксама за мяжой.

Маляўнічае шоу чакае мінчан і гасцей горада сёння, у Дзень Незалежнасці. Нябачанае прадстаўленне са складанейшымі дэкарацыямі разгорнецца ля абеліска “Мінск — горад-герой”. Гала-канцэрт “Беларусь — гэта мы!” стане кульмінацыяй грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, якая зараз праходзіць у гарадах і пасёлках нашай краіны, а таксама за мяжой.

Па гарадах і вёсках

Грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!”, якая стала маштабным праектам, крочыць па краіне з сакавіка сёлетняга года. У рэгіёнах Беларусі прайшлі выступленні Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, ансамбляў “Харошкі”, “Песняры”, “Сябры”, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, іншых калектываў і выканаўцаў.
— Для маіх падначаленых — Ані Шаркуновай і Германа — гэта быў вялікі гонар, — расказвае прадзюсер Уладзімір Кубышкін. — Ім даверылі адкрываць акцыю. Я лічу, што такая ініцыятыва Міністэрства культуры вартая захаплення. Па-першае, гэта вялікае свята для гледачоў, асабліва ў правінцыі. Па-другое, гэта добры шанс для артыстаў засвяціцца, пашырыць сваю аўдыторыю. Не мае значэння, дзе ты выступаеш, — у вясковым ДК або на сцэне Палаца Рэспублікі. Сапраўдны артыст павінен усюды аднолькава выкладвацца. Дзякуючы акцыі, дарэчы, мы пашырылі рэпертуар, у прыватнасці ўключылі ў праграму некалькі песень на беларускай мове. Гэта не можа не радаваць.

З Беларусі — з любоўю

Асобнай яркай старонкай акцыі “Мы — беларусы!” сталі канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі за мяжой. Першы канцэрт за межамі рэспублікі з поспехам прайшоў у Санкт-Пецярбургу 11 красавіка. Аншлагі суправаджалі выступленні беларускіх артыстаў і ў Рызе, Вільнюсе, Гданьску — усюды, дзе лепшыя выканаўцы і калектывы гаварылі гледачам: “З любоўю — з Беларусі”. У самай вялікай зале латвійскай сталіцы было ўстаноўлена дадаткова 500 месц для гледачоў канцэрта. У Польшчы свята мастацтва прайшло пад назвай “Мінск—Гданьск: музычная дружба”.
Ідэю акцыі “Мы — беларусы!” падхапілі таксама тэатральныя калектывы, мастакі і музейшчыкі. Так, у сярэдзіне чэрвеня ў Вільнюскай ратушы прайшлі выставы работ сучасных беларускіх мастакоў Уладзіміра Вішнеўскага і Уладзіміра Зінкевіча, а таксама фотамастака Юрыя Іванова. Акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы апладзіравала фінская публіка, дзе ў рамках акцыі купалаўцы паказалі свае лепшыя спектаклі “Вечар” Аляксея Дударава і “С.В.” па матывах “Вішнёвага сада” Антона Чэхава.

Ці тое яшчэ будзе

Другі этап акцыі “Мы — беларусы!” запланаваны на жнівень—кастрычнік. Будуць арганізаваны вялікія дабрачынныя гала-канцэрты творчых калектываў і выканаўцаў з Мінска і рэгіёнаў у абласных цэнтрах і буйных гарадах. Канцэрты адбудуцца на адкрытых пляцоўках. Адначасова ва ўсіх раёнах будуць арганізаваны выступленні мясцовых творчых калектываў і выканаўцаў. Фіналам акцыі стане грандыёзная праграма ў аэрапорце “Мінск-1”, дзе выступіць мноства калектываў і выканаўцаў, якія прынялі актыўны ўдзел у канцэртах акцыі ў рэгіёнах. У расійскай сталіцы Маскве гала-канцэрт акцыі плануецца восенню, як і ў сталіцы Украіны Кіеве.

Спяваем усёй краінай

Сённяшні гала-канцэрт пачнецца ў 21 гадзіну і будзе падзелены на два блокі. У першым прагучаць лепшыя песні пра Беларусь. А ў 23.00 зводны хор, дзяржаўная капэла імя Шырмы, камерны хор, капэла “Сонорус” і духавы аркестр Міністэрства абароны выканаюць гімн Рэспублікі Беларусь, пасля чаго неба асвеціцца феерверкам. У другім блоку канцэрта “Беларусь — гэта мы!” выступяць вядомыя беларускія артысты, а таксама выхадцы з Беларусі, якія жывуць і працуюць у Расіі. Тэлегледачы змогуць убачыць свята ў прамым эфіры АНТ 3 ліпеня ў 21.05.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter