Зорка Івана Васільева

Выхаванец беларускай балетнай школы афіцыйна прызнаны “Узыходзячай зоркай”. Такога тытула Івана Васільева ўдастоілі заснавальнікі прыза “Душа танца”, уручэнне якога адбылося ў Міжнародны дзень танца ў Маскве
Выхаванец беларускай балетнай школы афіцыйна прызнаны “Узыходзячай зоркай”. Такога тытула Івана Васільева ўдастоілі заснавальнікі прыза “Душа танца”, уручэнне якога адбылося ў Міжнародны дзень танца ў Маскве.

Як сцвярджаюць тэатральныя крытыкі, такога імклівага ўзлёту, як у Васільева, дагэтуль не ведаў балетны свет. Яшчэ калі Іван быў навучэнцам Беларускага харэаграфічнага каледжа, ён атрымаў сваю першую міжнародную ўзнагароду. За адзін год Васільеў выйграў тры прэстыжныя міжнародныя конкурсы. Услед за гэтым маладога танцоўшчыка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі запрасілі стаць салістам адразу некалькіх вядомых балетных труп, у тым ліку Амерыканскага балетнага тэатра. Але Іван Васільеў выбірае Вялікі тэатр Расіі, дзе ён цяпер танцуе вялікія партыі ў некалькіх спектаклях.
Вундэркінд, сусветная сенсацыя, цуд, які лятае, — так пішуць пра яго англійскія, французскія, амерыканскія і расійскія крытыкі. Так што гучнае званне “Узыходзячая зорка” Іван Васільеў атрымаў заслужана.
Прыз “Душа танца” заснаваны ў 1994 годзе Міністэрствам культуры Расіі і рэдакцыяй часопіса “Балет”. За гэты час яго ўладальнікамі станавіліся многія знакамітыя расійскія харэографы, танцоры і балерыны, а таксама дзеячы сумежных творчых сфераў. Спіс новых лаўрэатаў таксама вельмі прадстаўнічы. У яго, у прыватнасці, увайшлі кампазітар Радзіён Шчадрын, майстар балетнай сцэны Ніна Сямізорава, а таксама праслаўленая балерына Наталля Бяссмертнава.

Ганна Багамазава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter