Зорка — Сонцу ў падмогу

Да беларускіх народных традыцый у Іркуцку могуць далучыцца ўсе, хто пажадае
Да беларускіх народных традыцый у Іркуцку могуць далучыцца ўсе, хто пажадае

З савецкіх часоў памятае лідар іркуцкіх беларусаў Алег Рудакоў, як у Беларусі трапляліся і тады паштоўкі-віншаванкі “З Новым годам! З Калядамі!”. У Расіі ж такіх няма. Што за Каляды, часам пытаюць яго сібіракі. З ліста, дасланага у рэдакцыю, бачна: Алег такую “арыгінальнасць” беларусаў тлумачыць… кансерватызмам. Таму і захаваліся ў нас даўнія традыцыі. “Пра гэта яшчэ ў ХІХ стагоддзі захоплена пісалі многія расійскія этнографы, якія ехалі ў Беларусь па легенды, міфы, паданні, змовы ды аўтэнтычныя песні”, — нагадвае ён.
Праўда, блытаюць часам нашы сучаснікі, асабліва ў Расіі, язычніцкія Каляды, свецкі Новы год і хрысціянскае Раство Хрыстова. А ўсё таму, што святы ў календары зусім побач, ды яшчэ і “святкі” яны: раней па цэлым тыдні іх святкавалі. Неяк адна жанчына, пабываўшы на іркуцкай Калядзе, якую ладзілі беларусы, казала Алегу Рудакову: “Ну вы і арыгінальна Новы год адзначаеце!”. Але ж гэта — усяго толькі нашая традыцыя. Адкуль яе карані? “Нашы продкі ў старажытныя часы заўважылі: да канца снежня Ноч даўжэе, а Дзень усё карацее, — тлумачыць логіку свята Алег. — Гэта, безумоўна, праблема: калі нічога не рабіць, то Цемра канчаткова паглыне Сонца, і наступяць “Цёмныя часы”. Як жа дапамагчы Сонцу? Трэба рабіць Калядную Зорку, сімвал Сонца, і хадзіць ад хаты да хаты, спяваць рытуальныя Калядныя песні. Бо Каляда, паводле старажытных паданняў беларусаў, гэта дачка Дажбога — бога Сонца. Дарэчы, сярод калядоўшчыкаў раней Зорку насіла абраная самая прыгожая дзяўчына абшчыны. Яе і называлі: Каляда, у гонар багіні”. Алег нагадвае: у беларускіх навагодніх песнях на першым месцы стаяць тыя, што праслаўляюць Каляду. А калі пачаць калядаванні з 24 снежня і працягваць да 7 студзеня, то будзе цуд: Цемра пачынае адступаць, а Дзень дадавацца! Так і пачынаецца гадавы цыкл — Новы год.
Пра ўсё гэта, як і пра абрад калядавання, цікавых яго персанажаў — Каза, Мядзведзь, Механоша… — больш падрабязна кожны, хто пажадаў, змог даведацца 7 студзеня на імпрэзе “Беларускія Каляды”. Яна прэзентавалася ў Іркуцку як даўняя традыцыя сустрэчы Новага года, ладзілася з удзелам дудароў з Мінска і Краснаярска. А напрыканцы снежня сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага згулялі “Жаніцьбу Цярэшкі” — калядныя вячоркі з добрым гумарам і таксама даўнімі традыцыямі. У нашы дні абрад сустракаецца рэдка, а іркуцкія беларусы яго ўпадабалі ды праводзяць штогод.

Аляксандр Мурочак
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter