Зорка маэстра Фiнберга

У апошні дзень красавіка на Плошчы зорак у Маскве з’явіцца імянная зорка народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, прафесара, мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга. Так адзначаны вялікі ўклад вядомага дырыжора ў развіццё айчыннага музычнага мастацтва і ва ўмацаванне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Новая зорка — 75-я па ліку і трэцяя, якая будзе закладзена ў расійскай сталіцы ў гонар дзеячаў беларускай культуры. Раней на Плошчы зорак з’явіліся імёны нашых славутых землякоў кампазітара Ігара Лучанка і песняра Уладзіміра Мулявіна. Па традыцыі пасля закладкі імянной зоркі ў Дзяржаўнай канцэртнай зале “Расія” адбудзецца выступленне заслужанага калектыву канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга. Разам з беларускімі музыкантамі і спевакамі ўдзел у амаль пяцігадзіннай канцэртнай праграме прымуць многія вядомыя дзеячы культуры і зоркі расійскай эстрады, з якімі аркестр даўно і плённа супрацоўнічае. Сярод іх Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Андрэй Пятроў, Давід Тухманаў, Іосіф Кабзон, Леў Лешчанка, Юрый Антонаў, Алёна Свірыдава, Валерый Сюткін, Міхаіл Баярскі і іншыя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter