Што такое індыйскае вяселле?

Зорка Анадрата выбiрае каханых

Што такое індыйскае вяселле? Нам, беларусам, і ўявіць сабе проста немагчыма, якое ж яно яркае, шматкаляровае, шматгалосае, мнагалюднае. Асабіста мне ўдалося толькі крыху паглядзець на яго, калі вандраваў па гэтай экзатычнай краіне. Быў цудоўны надвячорак, і ў адным шыкоўным парку мы ўбачылі мноства па-святочнаму апранутых людзей, абвешаных гірляндамі жывых кветак. Яны хадзілі паміж сталамі, ажыўлена гутарылі, смяяліся. Чулася лёгкая і вельмі прыемная музыка. «Гэта вяселле, — растлумачыў мне гід. — Яно будзе доўжыцца ўсю ноч». — «Вельмі многа гасцей», — здзівіўся я. «У Індыі так прынята. Але ж гэта яшчэ і вельмі багатае вяселле, такая раскоша бедняку нават і не прысніцца», — уздыхнуў гід.


Iснуе вельмі хвалюючая індый­ская легенда пра мужа і жонку. Гэта была ідэальная пара, іх шлюб моцна трымаўся на гарачым узаемным каханні, павазе i вернасці. Самыя шчырыя сардэчныя пачуцці прынеслі ім сапраўднае шчасце. Ніхто з іх ніколі не цікавіўся кім-небудзь іншым. Пэўна, вельмі магутная сіла жыла ў гэтых пачуццях, бо абое памерлі ў адзін і той жа дзень. І ў той жа вечар недалёка ад Палярнай зоркі ўзышла новая зорка — Анадрата, як памяць аб шчаслівай сямейнай пары. Яна, па індыйскім павер’і, свеціць у вячэрнім небе і цяпер, яе ў дзень вяселля жаніх паказвае сваёй нявесце. Абое гатовы жыць так, як тыя шчаслівыя закаханыя, каму прысвечана гэта хвалюючая легенда.

Індыя — велізарная краіна з мноствам самых розных традыцый, звычаяў, жыццёвых укладаў. Таму ў ёй і вельмі шмат вясельных абрадаў, яны адрозніваюцца ў межах аднаго штата, нават аднаго горада ці суполкі. Але ж дзве важнейшыя асаблівасці абавязковыя для кожнага вяселля, без якіх яно проста не можа адбыцца. Першая — агонь, які азначае прысутнасць бога на ўрачыстасці. Другая — мноства людзей, што так уразіла аўтара гэтых радкоў, калі ўдалося хоць коратка назіраць за такім дзеяннем.

Вясельныя абрады ў Індыі за тысячагоддзі амаль не змяніліся. Тут галоўная роля адназначна належыць бацькам. Па сваім гусце і патрабаванням яны падбіраюць для свайго сына нявесту, дамаў­ляюцца пра будучы шлюб. Можа здарыцца і так, што бацькі загадаюць дачцэ выйсці замуж за хлапца, якога яна вельмі мала ведае, і тая не можа адмовіцца.

А якое значэнне надаецца пасагу нявесты? У штаце Пенджаб, напрыклад, павялося, што пасаг бацькі павінны падрыхтаваць даволі багаты. Многа сары на ўсе выпадкі жыцця, іншае адзенне, розныя ўпрыгажэнні, кухонны посуд… Гасцей 700—800 чалавек, бацькі нявесты павінны іх частаваць, забяспечыць на час вяселля жытлом. Вельмі прыгожа апранаюць нявесту: ярка-чырвонае сары, такога ж колеру на яе руках бранзалеты, якія азначаюць, што дзяўчына выходзіць замуж. Вечарам нявесту выводзяць на пляцоўку, тут яна чакае жаніха. Ён прыязджае, бы той прынц у цудоўных казках, вярхом на кані, у незвычайна маляўнічым убранні: вопратка расшыта золатам, падпярэзаны вогненным поясам, на галаве яркі турбан.


Жаніх і нявеста абменьваюцца гірляндамі кветак, гэта і ёсць вянчанне. Калі заканчваецца вячэра, маладых вядуць у маленькі просценькі храм — пяць бамбукавых кіёў, пакрытых тэнтам. Тут у цэнтры самае святое для вяселля — гарыць агонь. Сімвалічны момант, які азначае трывалы саюз уступаючых у шлюб: адзін канец сары нявеста прывязвае да пояса жаніха, маўляў, нікуды ты ад мяне не пойдзеш. Маладыя бяруцца за рукі і сем разоў абходзяць вакол агню.

У Заходняй Бенгаліі свая цікавая адметнасць. Тут на вяселлі абавязковы абрад ухвалення жоўтага колеру. Госці фарбуюць сабе лбы, абсыпаюць адзін аднаго жоўтым парашком. Такая «павага» да жоўтага тлумачыцца тым, што ён асацыіруецца ў індыйцаў з колерам сонца і з’яўляецца сімвалам вернасці.

Вяселле праходзіць у доме нявесты, дзе будуюць маленькі храм для абраду. Прыязджае жаніх, становіцца на плоскі камень і чакае, калі вынесуць у драўляным паланкіне нявесту. Святар гаворыць малітву і пасля клятвы маладых злучае іх рукі гірляндай кветак. Жаніх наносіць чырвоны колер на лоб і прабор сваёй нявесты — з гэтага моманту яны муж і жонка. Затым пачынаецца надзіва яркае прадстаўленне з танцамі і песнямі, якое доўжыцца ўсю ноч.

І ў час сваіх вандровак па Індыі, і потым з розных крыніц я даведаўся шмат цікавага пра вяселлі ў гэтай экзатычнай краіне. А тут яшчэ журналісцкая ўдача. Разгаварыўся неяк з былым дырэктарам Мінскага мотавелазавода Анатолем Язвінскім, мы з ім даўно знаёмыя. Расказаў яму, што быў у Індыі.

— І я туды ездзіў аж некалькі разоў, — кажа Анатоль Сцяпанавіч. – З сусветна вядомай фірмай «ПАККА» ў нашага завода былі кааператыўныя сувязі. Тое, што я ўбачыў у Індыі, не забываецца.

— Мо і вяселле бачылі?

— Не толькі ба­чыў, але ж адной­чы нават удзельнічаў у вяселлі ў якасці госця з Беларусі. У час такой службовай камандзіроўкі на 


«ПАККУ» мне перадаюць, што ў нядзелю вяселле сына прэзідэнта гэтай фірмы і я запрошаны як госць. Можна зразумець маё нецярпенне, з якім я чакаў нядзелі. Паколькі была страшная спякота, у цяні +40—45 градусаў па Цэльсію, перакладчык растлумачыў мне, што ўрачыстая цырымонія будзе праходзіць не ў памяшканні, а ў вялікім і вельмі маляўнічым парку. Пачатак а 23-й гадзіне, па сутнасці ноччу.

І вось мы ў тым парку. Перакладчык, дзякуй яму, пастаянна са мной, і я магу пытацца ў яго пра ўсё, што мяне цікавіць. Першае, што мяне незвычайна ўразіла — мноства гасцей. Пытаюся ў перакладчыка, колькі ж іх. Адказвае, што запрошана звыш трох з паловай тысяч. Але мне тады здалося, што сабралася больш, бо ўсіх гасцей проста немагчыма было акінуць вокам. І ўсюды сталы, сталы. Паміж дрэвамі, на пешаходных дарожках. Прыгожа, страката, шумна.

Тут перакладчык кажа, што мяне запрашаюць павіншаваць маладых. Разам з ім займаю месца ў чарзе, ды такой доўгай, што не бачу яе канца. Зразумела, я прыйшоў на вяселле не з пустымі рукамі — маім падарункам быў наш цудоўны гадзіннік «Прамень». Мне вешаюць на шыю шыкоўную гірлянду з жывых кветак, уручаюць нешта падобнае на беларускі каравай. Падыходжу да маладых, дзякую ім за запрашэнне на вяселле, кажу, што вельмі рады гэтаму, сардэчна віншую іх з уступленнем у шлюб, жадаю шчасця. Ад маладых нельга адвесці вачэй, настолькі прыгожыя, апранутыя ў яркае нацыянальнае адзенне. Доўга іх віншаваць нельга, кожнаму адводзіцца хвіліна, не больш, трэба ж каб паспелі ўсе госці. Мне хапіла адведзенага часу, але ж калі паглядзеў на чаргу, дык убачыў, што яна расцягнулася кіламетры на два. Віншавалі маладых да трох гадзін ночы, потым пачалося застолле. Ну, тут, як гаворыцца, частуйся — не хачу. Самыя розныя традыцыйныя індыйскія стравы. Праўда, усе вельмі салодкія. І хаця я такое люблю, але ж на тым вяселлі салодкага было зашмат. Напоі любыя: багацейшы набор він, індыйская гарэлка і гэтак далей.

— А як былі апранутыя госці? І якія казалі тосты?

— У лёгкім адзенні, вельмі зручным пры такой спякоце. У касцюмах былі толькі іншаземцы, дзелавыя амерыканцы, немцы і іншыя. Усе госці стаялі за сталамі, бо толькі рэдка былі расстаўлены лавачкі, відаць, для сталых людзей.

Што датычыць тостаў, дык іх было шмат, сэнс найбольш важных перакладчык мне даводзіў. Канешне, усё гэта былі самыя добрыя пажаданні маладым, як і ў нас. Цырымонія суправаджалася танцамі, увесь час гучала музыка, шум такі, што калі госці віншавалі маладых, дык вымушаны былі гаварыць вельмі гучна.

А дзясятай гадзіне раніцы мы разышліся і цэлы дзень адпачывалі. Паколькі мы збіраліся адлятаць у Мінск, дык вечарам нас яшчэ раз запрасілі на тую ўрачыстасць. Безумоўна, гэта было вельмі багатае вяселле.

Важны момант: нягледзячы на тое што гэтыя ўрачыстасці маюць свае адметнасці ў розных штатах Індыі, клятва маладых усюды амаль адна і тая ж. Яна глыбока высакародная па сваім змесце. Юнак і дзяўчына клянуцца быць разам і ў горы, і ў шчасці ўсё сваё жыццё. Таму святым і чыстым сімвалам сямейнай вернасці і стала па індыйскай легендзе зорка Анадрата…

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter