Зорак, як на небасхiле

Уладзімір Співакоў залучыў у Мінск Дзмітрыя Хварастоўскага

Нью-Ёркскі Карнэгі-хол, міланскі «Ла Скала», лонданскі Вігмар-хол… Сёння ў гэтым спісе з’явіцца і Палац Рэспублікі. Больш трыццаці гадоў Дзмітрый Хварастоўскі гастралюе па свеце, яго з нецярпеннем чакаюць на розных музычных пляцоўках. У Беларусі ён рэдкі госць. Яму вельмі падабаецца наша краіна, але графік міжнародных выступленняў такі шчыльны, што наведвацца часцей няма магчымасці. За сустрэчу з маэстра аматары опернага мастацтва павінны дзякаваць Уладзіміру Співакову. Менавіта ён запрасіў праслаўленага барытона на свой фестываль, які адбудзецца ў Беларусі ўжо трэці раз.

Співакоў здзіўляе заўсёды, як прыязджае ў Мінск. Цяперашняя праграма адрозніваецца ад дзвюх папярэдніх яшчэ большай жанравай разнастайнасцю. «У гэты раз вы адкрыеце для сябе новыя імёны, атрымаеце задавальненне ад сустрэч з сусветна вядомымі музыкантамі, — абяцае маэстра. — Гэта будзе ні з чым не параўнальная асалода для сэрца і розуму».

Сапраўды, акрамя Хварастоўскага ў Беларусь завітаюць і іншыя зоркі опернай сцэны — салісты Вялікага і Марыінскага тэатраў Расіі Ганна Аглатава, Васіль Герэла і Алег Кулько. Яны выступяць на закрыцці фестывалю. Таксама ў праграме сольны канцэрт піяніста Аркадзя Валадося ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Гэта прозвішча добра вядома ў нашай краіне. Бацька госця пачынаў свой музычны шлях з Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. І хоць Аркадзь Валадось-малодшы нарадзіўся ўжо за межамі нашай краіны, ён з задавальненнем пагадзіўся выступіць на радзіме яго продкаў.

Упершыню ў праграме фестывалю «Зоркі сусветнага балета». Яны прадставяць у асноўным традыцыі брытанскіх і нямецкіх школ, будзе некалькі нумароў у пастаноўцы піянера сучаснай рускай харэаграфіі Барыса Эйфмана. Дарэчы, канцэрты сёлетняга музычнага форуму пройдуць таксама ў Гомелі, Магілёве і Віцебску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter