Национальный художественный музей получил подарок из Греции: древний орнат украсит выставочный зал в будущем году

Золатам па тканiне

Шаўковы ўбор святара, аб’ёмная рэльефная вышыўка з пераплеценымi раслiннымi парасткамi. Малюнак птушак у палёце, зайцоў цi трусоў, рыб. Усё выканана ў тэхнiцы залотнага шыцця. Уявiлi? Выглядае ярка i незвычайна. У канцы кастрычнiка мастак i скульптар з Грэцыi Лiза Сатылiс перадала гэты старажытны артэфакт Нацыянальнаму мастацкаму музею. Зараз арнат знаходзiцца на рэстаўрацыi. «Р» даведалася, у чым яго асаблiвасць i калi мы зможам палюбавацца новым экспанатам.

У канцы кастрычніка мастак і скульптар Ліза Сатыліс перадала арнат у валоданне Нацыянальнага мастацкага музея.

Для пачатку невялiкая даведка. Арнат — убор каталiцкага святара, вядомы з часоў устанаўлення хрысцiянства. Уяўляе сабой выкананае з узорыстай тканiны адзенне без рукавоў, якое апранаюць на падоўжаную кашулю з рукавамi, з карункавай аблямоўкай — альбай. За доўгiм тлумачэннем хаваецца не толькi гiстарычная, але i мастацкая каштоўнасць. Арнат адразу прыцягвае погляд. А разгляданне багацця яго дэталяў можа зацягнуцца надоўга.

У сямейнай калекцыi Лiзы Сатылiс вялiкая колькасць каштоўных рэчаў. Адну з iх мастачка вырашыла прынесцi ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею. Гiсторыя экспаната невядомая. Адзiныя ўстаноўленыя факты — iм валодала некалькi пакаленняў сям’i арыстакратаў.

— Мы мяркуем, што гэта твор iтальянскiх або грэчаскiх манастырскiх майстэрняў залотнага шыцця. Перыяд — прыблiзна другая палова XVI — пачатак XVII стагоддзя. Гэты час Позняга Рэнесансу — ранняга барока, — дзелiцца здагадкамi навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага мастацкага музея Алена Карпенка. — Твораў гэтага перыяду ў нас адзiнкi. А калi казаць пра iтальянскiя тканiны XVI стагоддзя — усяго адна ўстаўка ў арнат больш позняга часу — XVII стагоддзя. Гэты экспанат стане другiм.

Аналагi арнаментальнага шыцця на артэфакце знайсцi цяжка. Хутчэй за ўсё, гэта манастырская праца. Магчыма, выкананая для канкрэтнага святара высокага рангу — бiскупа. Праца па атрыбуцыi арнату толькi пачалася, спецыялiсты праглядваюць апублiкаваныя мастацкiя тканiны са збораў Iталii, Польшчы, Лiтвы, iншых еўрапейскiх краiн. Нягледзячы на рэдкасць выкарыстанай арнаментыкi, удалося выявiць падобныя элементы ў польскiх калекцыях. Супрацоўнiкi музея плануюць працягнуць гэтую працу.

— Сама тэхнiка залатога шыцця падразумевае спосаб вышыўкi пры дапамозе залатой або срэбнай металiзаванай нiткi-дроту, абгорнутай вакол шаўковай асновы, — дае невялiкую даведку Алена Карпенка. — Гэта роднiць беларускiя вышытыя арнаты i падораны твор. Але ў нас захавалася залатое шыццё больш позняга перыяду: канца XVIII—XIX стагоддзя.

Арнат — убор каталіцкага святара, вядомы з часоў устанаўлення хрысціянства.

Экспанат, улiчваючы, колькі яму стагоддзяў, мае патрэбу ў кансервацыi i асцярожным аднаўленнi. Гэтымi работамi займаецца спецыяльны аддзел пры музеi. У штаце больш за 20 супрацоўнiкаў, тры з iх спецыялiзуюцца на працы па тканiнах.

— Рэстаўрацыйныя работы зоймуць не менш за год. Наперадзе вялiкая колькасць аперацый: ачыстка, дэмантаж складальнiкаў i акантоўкi, дублiраванне. Гэта доўгая i карпатлiвая праца, — адзначыла Алена Карпенка. — Этапы працэсу будуць дэманстравацца на рэстаўрацыйнай нарадзе.

Пасля аднаўлення арнат хутчэй за ўсё размесцяць у экспазiцыi старажытнабеларускага мастацтва. Толькi ў гэтай зале паказаны мастацкiя ўзорыстыя тканiны. Калi за час рэстаўрацыi новага экспаната ў аддзеле заходне-еўрапейскага мастацтва з’явяцца падобныя ўзоры мастацкага ткацтва, то адноўлены твор пяройдзе ў гэты раздзел экспазiцыi.

Нацыянальны мастацкi музей упершыню атрымаў такi дар ад Грэцыi. Але наперадзе, падобна, доўгае супрацоўнiцтва. Лiза Сатылiс збiраецца застацца ў нашай краiне да канца года. У планах — выстава ў Нацыянальным мастацкiм музеi. Яе намерваюцца правесцi ў другой палове снежня. Мастачка прапанавала для гэтага старадаўнi барэльеф перыяду Рэнесансу — выяву Мадонны з немаўляткам.

tychko@sb.by

Фота прадстаўлены Нацыянальным мастацкім музеем.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter