
Завяршаюцца работы па ліквідацыі дэфектаў, кладцы граніту і абнаўленні шыльды.
Здалёк бачны пік стэлы. На ёй зорка горада-героя ў абрамленні лаўровай галіны. Калі глядзець толькі наверх, то ніякіх рамонтных работ і не заўважыць. Варта апусціць галаву ўніз, да падножжа, дзе ўсталявана скульптура жанчыны з фанфарамі ў руках, — гэта «Радзіма-маці», бачны зялёны плот. За ім ідзе праца. Сяргей Панёў, галоўны інжынер УКБ Цэнтральнага раёна Мінска, тлумачыць, што тут адбываецца:
Сяргей Паўлавіч акцэнтуе ўвагу: тут нічога не перабудоўваюць. Манумент гэты — гісторыка-культурная каштоўнасць, і ўсе касметычныя і іншыя работы па паляпшэнні яго вонкавага выгляду — выключна аднаўленчыя.
Першым этапам пасля распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, праходжання экспертызы стала замена гранітнай абліцоўкі пастамента стэлы. Механічная ўборка снегу плюс выкарыстанне падлеткамі ўсёй тэрыторыі комплексу як пляцоўкі для катання на скейтах і роліках сталі разбуральнымі фактарамі для пастамента. Драпіны, удары, сколы з’явіліся не выпадкова, і пытанне аб тым, як усё ж такі выкарыстоўваецца манументальны комплекс, паўстала больш востра. Цяпер адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска ініцыюе вылучэнне сродкаў на будаўніцтва скейт-парка, каб у падлеткаў, якія любяць катацца, была для спорту ўсё ж такі свая пляцоўка.

180 квадратных метраў граніту — столькі на пастамент і на нахільныя паверхні паклалі наноў. Дарэчы, працэдура закупкі граніту была няхуткай. Важна было знайсці менавіта такі ж колер, такую ж тэкстуру матэрыялу, якія выкарыстоўваліся пры стварэнні помніка. Цяпер засталіся ўжо апошнія штрыхі па ўкладцы граніту, усталююць на яго і антывандальнае мацаванне.

Работы па рамонце тут вядуцца са снежня.
Дар’я Аляксандраўна падводзіць нас да будаўнічых рыштаванняў каля стэлы, паказвае: вось набірае трываласць раствор ля гранітнай шыльды. Хутка на ёй з’явяцца новыя адрэстаўраваныя літары, пакрытыя сусальным золатам. На гэтым тыдні іх з дапамогай дзюбеляў і клею размесцяць на шыльдзе. Так што вось-вось тэкст указа аб прысваенні Мінску ганаровага звання «горад-герой» зноў з’явіцца на стэле.Заўважаю белы саляны налёт на самім абеліску. Сяргей Панёў:
— Мы планавалі ў сакавіку-красавіку правесці герметызацыю стыкаў на стэле, ачыстку ад высолы. Чакалі, што надвор’е будзе куды цяплей для такіх работ: для прымянення ачышчальнай тэхналогіі хімічнымі складнікамі неабходны пэўны тэмпературны рэжым. Але ў начных замаразкаў, як бачым, свае планы. Адкрываючы стыкі, мы павінны забяспечыць пранікненне вадкіх складнікаў у шчыліны, а ў выпадку замаразкаў вада можа нанесці толькі шкоду манументу.

З другога боку, ужо хутка 9 Мая, а затым і II Еўрапейскія гульні, таму майстры возьмуцца за гэтую няпростую і доўгую працу толькі пасля ўсіх афіцыйных і святочных мерапрыемстваў. Пакуль жа завяршаюцца работы па ліквідацыі дэфектаў, кладцы граніту і абнаўленні шыльды. Да канца гэтага тыдня, калі ўсё складзецца як трэба, плот прыбяруць і жыхары ды госці Мінска зноў змогуць блізка падысці да манумента.
kasel@sb.by