Старажытны горад Шчучын рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства

Зноў спачатку будзе слова

Карэспандэнт «СГ» паглядзела, як рыхтуецца старажытны Шчучын да Дня беларускага пісьменства

Карэспандэнт «СГ» паглядзела, як рыхтуецца старажытны Шчучын да Дня беларускага пісьменства.


ВЕРАНІКА АЛЯКСЕЙ з сынам Давідам у Шчучын з Мінскага раёна прыехалі ўпершыню і ў захапленні ад гэтага прыгажэйшага горада Гродзеншчыны: «Бачна, што тут вельмі старанна рыхтуюцца да свята — рамантуюць, фарбуюць, тынкуюць. Дамы, палац, пляцоўка ля возера – праца кіпіць. І адначасова паўсюль утульнасць, чысціня неверагодная». Гэта, дарэчы, далёка не ўвесь спіс аб’ектаў, якія ўжо 5 верасня прадстануць перад жыхарамі і гасцямі свята ў сваім новым абліччы.


АЎТОБУС Мінск—Гродна зварочвае на Шчучын. Злева, быццам грыбы, параскіданы прыгожыя домікі, а справа — нешта дзіўнае: на пясчанай пляцоўцы стаіць прыгожы самалёт, збоку рабочыя ладзяць нейкі пастамент. Прашу вадзіцеля спыніцца, іду спытаць, што там і навошта робіцца.

Зацікаўленага карэспандэнта сустракае майстар Шчучынскага ПМС Міхаіл Саковіч: «Наша брыгада з васьмі чалавек даводзіць да ладу пастамент,  на  якім  у хуткім часе будзе красавацца адноўлены МіГ-25. Не сакрэт, што Шчучын лічыцца горадам авіятараў: раней тут дыслацыраваліся лётчыкі. Таму тое, што на ўездзе сустракаць гасцей будзе самалёт, мне здаецца, зусім лагічна». 

— А як жа такую машыну падняць амаль на два метры? — пытаюся.

— Проста — кранам, вага самалёта невялікая — усяго 17 тон. Да свята мы яго прывядзём у парадак. Будзе цудоўна, — хваліцца Міхаіл Сяргеевіч. 

— І самалёт добра, і добра, што горад пакрысе мяняе аблічча, маладзее. Гэта як бальзам на душу, — далучаецца да размовы цясляр Міхаіл Швед.



Гэтыя сцены памятаюць многае.

АДНАК гэтыя змены трэба ўбачыць на свае вочы, таму рушу ў напрамку цэнтра. На шляху — стадыён «Алімп». Не падмануў цясляр: рамонт ідзе поўным ходам. Далей — рэканструкцыя будынка пад новую кнігарню, якая адчыніць дзверы якраз да свята. «Яна, дарэчы, неабходная, — быццам чытае ў маіх вачах пытанне прадавец кніжнай крамы (пакуль адзінай у горадзе) Ларыса Вароніна. — Я працую ў асноўным з дзіцячай літаратурай. Але вельмі часта просяць беларускую класіку, спецыялізаваную літаратуру па медыцыне, агранаміі, адміністратыўныя кодэксы. На жаль, такое прапанаваць не магу, а вось у новай краме ўсё гэта будзе. Бо зараз, што б там ні казалі, чытаюць і моладзь, і дарослыя. Канешне, новыя тэхналогіі адсеялі частку патэнцыяльных аматараў кнігі. Але звесткі аб тым, што чытаць, тая ж моладзь знаходзіць менавіта ў інтэрнэце. Таму ў апошні час сталі цікавіцца юнакі і дзяўчаты Рэмаркам, Камю, Салжаніцыным. Для горада новая кніжная крама — гэта сапраўдная падзея, да таго ж у Дзень пісьменства яшчэ і сімвалічная».


Такое свята горад прымае ўпершыню, рыхтуюцца да яго адказна і сумленна. Сама Ларыса Васільеўна кожны дзень, вяртаючыся з працы, праходзіць каля палаца Друцкіх-Любецкіх — нашай жамчужыны архітэктуры — і бачыць, як завіхаюцца будаўнікі. Бывае і такое, што ўжо цямнее, а праца ідзе поўным ходам. «А што робіцца каля возера — і чысцяць, і раўняюць... На такія добрасумленныя адносіны прыемна глядзець. Памятаю, як радаваліся нашы жыхары, калі Шчучын рыхтавалі да юбілею горада. Усе казалі, што ў нас — сапраўдны еўрапейскі горад, толькі маленькі. Чысты, акуратны, з добрай інфраструктурай», – знаходзіць важкія аргументы на карысць свайго горада мая суразмоўніца. 

Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ян Майсей раскрывае сакрэты эфектыўнага добраўпарадкавання: 

— Мы пастараліся зрабіць так, каб былі задзейнічаны ўсе нашы будаўнічыя арганізацыі. Працуюць для сябе, сваіх дзяцей, а значыць, з большым імпэтам і адказнасцю. Бо свята, якое мы так чакаем, пройдзе, а тое, што зроблена, — застанецца жыхарам. Мне вельмі цяжка выдзеліць найбольш значны аб’ект рэканструкцыі. Для нас усе яны важныя: і школы, і стадыён, і палац, і бібліятэка. Аднак працы яшчэ шмат, а адлік пайшоў не на дні, а на гадзіны...

ТЫМ часам карэнная жыхарка Надзея Вайтко, з якой знаёмлюся каля былога будынка кінатэатра «Беларусь», упэўнена, што Дзень пісьменства якраз да часу — можна прывабіць і зацікавіць гасцей гісторыяй, культурнымі аб’ектамі: «Мы чакаем змен. Бачым, як літаральна на вачах мяняецца наш родны куток. Але працы яшчэ шмат... А само свята таксама чакаем — можна будзе не толькі весела правесці вольны час, але і набыць свежую літаратуру, пазнаёміцца з беларускімі выданнямі, пабачыць на свае вочы нашых літаратараў».


У хуткім часе на месцы былога кінатэатра з’явіцца новы забаўляльны комплекс.

Згодна з Надзеяй і яе сяброўка Анастасія: «Я, напрыклад, хачу, каб хутчэй адчынілі наш кінатэатр «Беларусь». Кажуць, на яго месцы будзе сучасны комплекс з більярдам, кафэ і дыскатэкамі, а яшчэ 3D-залай. Зараз з сынам у кіно ездзім у абласны цэнтр — трэба ж не адставаць ад часу і сачыць за кінанавінкамі. Нават не верыцца, што хутка і да нас прыйдуць новыя тэхналогіі. Гэта ацэняць перш за ўсё падлеткі. У 3D-залу яшчэ чарга будзе». 

Будынак кінатэатра даводзяць да ладу спецыялісты будаўнічага ўпраўлення № 221 ААТ «Гроднапрамбуд» — усяго каля 40 чалавек. Дырэктар кінатэатра Павел Ясюкевіч тлумачыць: «Будынак гэты 1976 года. У наступным годзе адзначыць, дарэчы, юбілей. Плануем зрабіць на гэтым месцы рознаўзроставы забаўляльны цэнтр». 

Каб ён выглядаў сучасна, спецыялісты паглядзелі, што падобнае ёсць у Мінску і Гродне. У выніку распрацавалі такі праект, які сабраў тое, што падабаецца і моладзі, і дарослым, у адным месцы. «Ва ўсіх гарадах такія цэнтры дзейнічаюць асобна, а тут мы жадаем сумясціць восем у адным. Напрыклад, залу кінатэатра разбіваем на некалькі памяшканняў. Наверсе будзе дзіцячы забаўляльны цэнтр з кафэ. Яшчэ адно памяшканне — для інтэлектуальных гульняў, дзе можна ладзіць канцэрты, праводзіць сустрэчы каманд КВЗ. Далей — непасрэдна сама кіназала на 112 месцаў з тэхналогіяй 3D. У фае будуць праходзіць выставы», — дзеліцца планамі Павел Расціслававіч.


На рэканструкцыі палаца Друцкіх-Любецкіх працуюць спецыялісты.

ЦЯПЕР трэба паглядзець, як ідзе рэканструкцыя палаца Друцкіх-Любецкіх, аб якім усе гавораць з такім замілаваннем. Калі падыходжу да будынка, разумею чаму. Пастэльныя таны, магутныя і ў той жа час вытанчаныя калоны... Гісторыка-культурная каштоўнасць XIX стагоддзя Шчучына і палац Малы Трыанон французскага Версаля, дарэчы, амаль браты-блізняты. Вось толькі першы пакуль не адноўлены. Але праца тут не спыняецца. Як тлумачыць прараб Шчучынскай ПМК-167 Андрэй Гарбін, кожны дзень на аб’екце завіхаюцца каля 70 чалавек: «Прыемна вяртаць прыгажосць. Мы разумеем, што аднаўляем архітэктурную і гістарычную каштоўнасць. Таму стараемся рабіць гэта годна і якасна, каб палац радаваў не адно пакаленне шчучынцаў». Над складанымі элементамі дэкору працуюць ужо рэстаўратары ААТ «Белрэстаўрацыя»: ляпніна, столевыя карнізы, разеткі пад люстры – усё на іх плячах. Менавіта яны вяртаюць дэкаратыўным элементам палаца першапачатковы выгляд.


КАЛЯ фантана ў скверыку, што ў самым цэнтры Шчучына, адпачывае Алена Мулярчык з дзецьмі. Прызнаецца: «Пакуль гэта наша любімае месца. Аднак чакаем, калі адновяць пляцоўку каля возера. Для адпачынку з дзецьмі лепшага месца і не знойдзеш. Вельмі прыемна, што змены ва ўбранстве нашага роднага куточка адбываюцца кожны дзень. Мы можам гэтым ганарыцца. Здаецца, пасля Дня пісьменства госцяў да нас пацягнецца яшчэ больш».


Іх, дарэчы, у Шчучыне чакаюць не толькі на свята 5 і 6 верасня. І нездарма. Упэўніваю, тут ёсць на што паглядзець. Калі не верыце, прыедзьце і пабачце. 

ДАВЕДКА «СГ» 

Галоўнымі тэмамі XXII Дня беларускага пісьменства стануць 70-годдзе Вялікай Перамогі і Год моладзі. У планах шмат цікавых культурных падзей: літаратурныя сустрэчы, канцэрты, конкурсы, выставы… 6 верасня фестываль беларускага слова разгорнецца на розных тэматычных пляцоўках. Адкрыццё свята адбудзецца на галоўнай — каля раённага Дома культуры. На пляцоўцы каля адноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх пройдзе рыцарскі турнір, каля Беларусбанка размесціцца дзіцячая пляцоўка. Месцам святочных мерапрыемстваў стане і плошча Свабоды, дзе пройдзе фестываль кнігі і прэсы. Тут жа будуць выступаць пісьменнікі і паэты, якія прыедуць на свята. 

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter