Зноў ляталі “Матылі”...

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў юбілейны творчы вечар кампазітара Ігара Лучанка
У Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў юбілейны творчы вечар кампазітара Ігара Лучанка.

Песню “Матылі” спявае 9-гадовая Дарэна Ігнаценка, самая юная ўдзельніца канцэрта Як цяпер помніцца: гэтую вясёлую, гарэзную песню пра маладых матылёў спявала ў 80-я ці не ўся Беларусь. І быў тады, мусіць, зорны час у творчасці кампазітара Ігара Лучанка. Меладызм, асаблівая самабытнасць яго песень пакарылі сэрцы мільёнаў слухачоў. І па гэты час жыве на эстрадзе яго ўсенародна любімая “Алеся” (пакладзены на музыку верш Аркадзя Куляшова), і цяпер гучаць песні “Памяць сэрца”, “Калі б камяні маглі гаварыць”, “Майскі вальс”, “Полька беларуская”... Гэта праз яго прыйшлі да нас і сталі хітамі такія знакавыя песні, як “Спадчына” на верш Янкі Купалы, “Мой родны кут”, у якой словамі стаў пачатак паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, “Вераніка” на верш Максіма Багдановіча і дзесяткі іншых.

Як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі ведаюць сёння Лучанка. І песні маэстра — нібы музычная візітная картка Беларусі. Яны гучалі і гучаць па ўсім свеце падчас гастроляў славутых “Песняроў”, “Сяброў”, выходзяць на кампакт-дысках. У добрых творчых стасунках з кампазітарам і па сёння вядомыя расійскія выканаўцы Іосіф Кабзон, Леў Лешчанка, Валянціна Талкунова і іншыя. Варта нагадаць, што Ігар Лучанок з’яўляецца адным з арганізатараў міжнароднага фэсту “Славянскі базар” у Віцебску. І ў Маскве канцэрты кампазітара з вялікім поспехам праходзілі ў Калоннай зале Дома саюзаў, у Вялікай зале імя Пятра Чайкоўскага, у канцэртнай зале “Расія”.

А нядаўна непаседы-матылі зноў віліся ў Мінску, над святочнай залай філармоніі. Гэта быў юбілейны творчы вечар Ігара Міхайлавіча — кампазітара, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска, прафесара. Заўважым, 70 гадоў яму споўнілася 6 жніўня. На “Жытнёвы звон” — такую лірычную назву меў вечар — сабраліся, каб павіншаваць маэстра, Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка, Георгій Калдун і іншыя зоркі беларускай эстрады.
Сімвалічна, што песню “Матылі” ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Крамко выканала самая юная ўдзельніца канцэрта — 9-гадовая Дарэна Ігнаценка, салістка Тэатра эстраднага мастацтва“Каларыт”. Як прызналася сама юная спявачка, яна вельмі хвалявалася, бо гэта было яе першае выступленне на такой сцэне. А песня, па ўсім відаць, рухавай дзяўчынцы вельмі падабаецца. Пэўна, і ў новага пакалення артыстаў эстрады будуць у рэпертуары творы Ігара Лучанка.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter