Знiжэнне для павышэння

Патанненне крэдытаў паспрыяе росту iнвестыцый у эканомiку

Патанненне крэдытаў паспрыяе росту iнвестыцый у эканомiку

У канцы бягучага года афiцыйны абменны курс долара ЗША не перавысiць 2275 беларускiх рублёў, а расiйскага рубля — 77,65. Сёлета ў абарачэнне можа паступiць 100-тысячная купюра. Нацбанк услед за продажам насельнiцтву мерных залатых злiткаў прыступiць да рэалiзацыi каштоўных камянёў.

За студзень долар “падрос” толькi на 2 рублi, паведамiў на прэс-канферэнцыi старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусi Пётр Пракаповiч. I гэта, па яго словах, дае падставу спадзявацца, што задачы на бягучы год будуць выкананы, i афiцыйны абменны курс айчыннай валюты ў дачыненнi да амерыканскай прырасце не больш як на 3,4 працэнта i спынiцца на ўзроўнi 2200—2275 рублёў. Расiйская валюта за той жа час у адносiнах да беларускай, як прагназуецца, падаражае максiмум на 2,4 працэнта. Выкананне такiх параметраў дазволiць стрымаць рост iнфляцыi ў бягучым годзе ў межах 8—10 працэнтаў. За мiнулы год Нацбанк знiзiў стаўку рэфiнансавання з 28 да 17 працэнтаў. Да канца года гэты паказчык плануецца давесцi да 9—12 працэнтаў. Такiм чынам у галоўнай крэдытна-фiнансавай установе краiны павышаюць даступнасць крэдытных рэсурсаў. Са снежня 2004-га да снежня 2005-га сярэднiя стаўкi па крэдытах плануецца давесцi з 20 працэнтаў гадавых да 12—15. Дзякуючы такой палiтыцы толькi летась беларускiя банкi выдалi крэдытаў у паўтара раза больш, чым за папярэднi год. Клiенты атрымалi iнвестыцыйных пазык на 2,5 трыльёна рублёў. На будаўнiцтва жылля пайшло 862,4 мiльярда, на спажывецкiя патрэбы насельнiцтва — 431 мiльярд. Актыўна карысталiся пазыкамi i суб’екты аграпрамысловага комплексу. Сёлета рэсурсную базу банкаў плануецца прырасцiць яшчэ на 32—37 працэнтаў. Сёння, прызнаўся старшыня праўлення Нацбанка, “не хапае рэсурсаў для яшчэ больш паспяховага эканамiчнага развiцця”. Павялiчваць аб’ёмы крэдытавання эканомiкi плануецца, як i дагэтуль, за кошт прыцягнення ў дэпазiты грашовых зберажэнняў насельнiцтва. Сёлета за кошт гэтага папоўняцца рэсурсы банкаў на 1,4—1,7 трыльёна рублёў. Разлiчваюць i на прыход у банкаўскi сектар рэспублiкi буйных замежных iнвестараў. На бягучы год стаiць задача прывабiць 5—6 такiх стратэгiчных капiталаўкладальнiкаў. Невысокiя тэмпы iнфляцыi даюць падставу задумацца пра магчымае правядзенне дэнамiнацыi. У 2005-м “скiдвання нулёў” абсалютна дакладна не будзе, паабяцаў П.Пракаповiч. Гэта праблема, па яго словах, будзе больш канкрэтна абмяркоўвацца ў наступай пяцiгодцы. Тым не менш у грашовай сiстэме рэспублiкi ў бягучым годзе ўсё ж адбудуцца змены. Ужо праз 4—5 месяцаў жыхары краiны змогуць напоўнiць свае кашалькi новымi 100-тысячнымi банкнотамi. Гэта купюра будзе мець каля 20 ступеняў абароны. Па гэтым паказчыку яна будзе пераўзыходзiць усе дагэтуль выпушчаныя ў абарачэнне банкноты. Рыхтуе Нацбанк для насельнiцтва яшчэ адзiн сюрпрыз. З бягучага года ў галоўнай крэдытна-фiнансавай установе рэспублiкi ўзялiся за стварэнне фонду каштоўных камянёў. Сёння гэтыя запасы ацэньваюцца ў 10 мiльёнаў еўра. У далейшым iх плануецца давесцi да 50 мiльёнаў. З канца першага паўгоддзя 2005-га Нацбанк разам з практыкай продажу мерных залатых злiткаў плануе арганiзаваць i рэалiзацыю насельнiцтву каштоўных камянёў з названага фонду. Ацэньваючы перспектывы ўвядзення ў Беларусi адзiнай з Расiяй валюты, старшыня Нацбанка адзначыў, што асноўныя пытаннi ўжо вырашаны. Засталося толькi ўзгаднiць пазiцыi адносна лёсу адзiнага эмiсiйнага цэнтра. Увядзенне адзiнай валюты — гэта заключны этап iнтэграцыi, адзначыў П.Пракаповiч. Пакуль не будуць створаны неабходныя перадумовы, увядзенне адзiнай валюты не дасць адчувальнага эфекту. Каб быў плён, трэба, перакананы ён, перш-наперш завяршыць фармiраванне адзiнай эканамiчнай i мытнай прасторы, забяспечыць роўныя ўмовы дзейнасцi суб’ектам гаспадарання Беларусi i Расii.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter