ТОП-темы

Знiчкi Айчыны: Вілейка

21:00, 12 августа 2010
Падарожжа па Вілейцы заўсёды нязменна пачынаю з Вілейскага раённага краязнаўчага музея. Тым болей, што кожная новая сустрэча з гэтай скарбніцай памяці дорыць і дорыць новыя адкрыцці. Такія ўжо тут людзі працуюць – энергічныя шукальнікі звестак пра свой край і яго слаўных ураджэнцаў.
І сёлетнім ліпенем, калі мы з Уладзімірам Аляксеевічам Ліхадзедавым завіталі ў Вілейку, то навуковы супрацоўнік музея і ўкладальнік гісторыка-дакументальнай хронікі Вілейскага раёна “Памяць” Вольга Аляксандраўна Коласава прапанавала паказаць “нешта цікавае”. Адразу павезла нас да сядзібы мясцовага прадпрыемства раённых энергетычных сетак, якое раней узначальваў вядомы на Міншчыне краязнаўца Анатоль Рогач. Аўтар многіх гістарычных адкрыццяў і сур’ёзных навуковых даследванняў, пастаянны выступоўца з грунтоўнымі дакладамі на рэгіянальных краязнаўчых канферэнцыях, на вялікі жаль, ён нядаўна пайшоў з жыцця. Апантаны збіральнік гістарычных памятак пра Вілейшчыну розных часін, Анатоль Рогач звозіў у горад знойдзеныя ў вёсках раёна жорны, дзіўныя камяні. Так спакваля і быў створаны сапраўдны міні-музей гэтых маўклівых сведкаў мінуўшчыны. Вілейка. 1916 г.Па сваёй энергетыцы, мушу зазначыць, не горшы, чым вядомы Музей валуноў, што месціцца ў мінскім мікрараёне Уручча. Аднаму з вілейскіх валуноў, на якім засведчаны сляды апрацоўкі каменя старажытным чалавекам, нават нададзены статус помніка. Разглядаючы гэтыя валуны, мы гаворым з Вольгай Аляксандраўнай: пара ўжо і філіял раённага музея тут адкрыць. А ў самім двары прадпрыемства (астатнія камяні выстаўлены перад арганізацыяй, на гарадской вуліцы) — камень-помнік Юзафу Пілсудскаму. Выцягнуты аднекуль з занядбанай лясной мясціны, ён выклікаў нямала спрэчак. Была ініцыятыва з боку польскіх дыпламатаў устанавіць яго на тэрыторыі польскай амбасады ў Мінску. Вілейскі краязнаўца і мясцовыя музейшчыкі выступілі супраць. Відаць, спрэчку ўсё ж трэба неяк вырашыць. І, відавочна, тэрыторыя дзеючага прапрыемства — таксама не зусім прыгоднае месца для ўзнаўлення памяці пра колішняга прэзідэнта Польшчы. Тым болей, што першапачаткова помнік знаходзіўся ў іншым месцы. Вілейка. Георгіеўская плошча. Пачатак XX ст.
Калі згадваю гэты прыклад краязнаўчай руплівасці, на памяць прыходзіць і легендарны вілейскі фатограф Берка Берман (нарадзіўся ў 1881 годзе ў Іўі). Ён у свой час стаў ахвярай бальшавіцкай улады па прычыне сваёй цікаўнасці да польскага прэзідэнта. Праўда, яшчэ да Масціцкага, а не Пілсудскага. Сфатаграфаўшы кіраўніка тагачаснай Польшчы ў час яго прыезду ў Вілейку ў 1930 годзе, мясцовы фотамайстар адправіў партрэт свайму герою. Факт гэты, як і тое, што яшчэ ў сярэдзіне 20-х Бермана ўзнагародзілі медалём “3 мая”, успомнілі ў 1939-м, калі была змена ўлады. Сляды фатографа згубіліся недзе ў сталінскіх астрогах. У мясцовым музеі захоўваецца каля дваццаці фотаздымкаў Вілейкі, зробленых Берманам. Захаваўся і дом, дзе была фотамайстэрня. Ёсць і ініцыятыва зрабіць у ім музей фатаграфіі.
Мяркую, што ў будучым музеі магла б размясціцца калекцыя фотаздымкаў сямейнага характару ўраджэнцаў Вілейкі і Вілейскага раёна. А людзі адсюль выправіліся ў вялікі свет і сапраўды цікавыя, адметныя сваімі лёсамі і справамі. У Вілейцы ў 1945 годзе нарадзілася Наталля Пятроўна Машэрава, доктар філасофскіх навук. Вёска Жаўткі — радзіма партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза Андрэя Іванавіча Валынца (яго імя носіць адна з гарадскіх вуліц). Вілейка. Жаночая гімназія. Пачатак XX ст.У Касуце ў 1954 годзе нарадзіўся Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, заслужаны юрыст нашай краіны Пётр Пятровіч Міклашэвіч. Апошні міністр гандлю Савецкага Саюза Кандрат Зігмундавіч Церах (нарадзіўся ў 1935 годзе) — таксама з Вілейшчыны, з вёскі Альковічы. У 1977—84 гадах займаў пасаду старшыні Белкаапсаюза. У 1984 годзе ўраджэнца Вілейскага раёна прызначылі намеснікам старшыні Савета міністраў БССР. На пасаду саюзнага міністра Кандрата Зігмундавіча вылучыў тагачасны старшыня Саўміна СССР Мікалай Рыжкоў. Наш зямляк адзначаны за сумленную працу ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”.
З 1948 па 1951 год у Вілейскай бальніцы працаваў ураджэнец вёскі Жаўткі Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі. Яго навуковыя заслугі, багаты практычны досвед у медыцыне двойчы адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1974 і 1984 гады). Такія прыклады досыць рэдкія, калі гаварыць пра 70-80-я гады. Гэта ў 1940-1950-я Сталінская прэмія прысуджалася вучоным і дзеячам мастацтва па тры-чатыры разы, а часам і болей. Мікалаю Нікадзімавічу Маліноўскаму прысвоена і званне Героя Сацыялістычнай Працы. Доўгі час віляйчанін працаваў галоўным хірургам чацвёртага галоўнага упраўлення Міністэрства аховы здароўяВілейка. Павятовы з`езд. Пачатак XX ст. СССР. Установа дастаткова вядомая ў звязку з тым, што менавіта яна апекавалася здароўем кіраўнікоў дзяржавы, дзеячаў культуры і мастацтва. Сярод пацыентаў нашага земляка былі Любоў Арлова, Сяргей Лемешаў, Георгій Жукаў, Юрый Андропаў, Міхаіл Гарбачоў, іншыя маскоўскія знакамітасці.
Калі ўжо размова зайшла пра медыкаў, то варта згадаць і Антона Шчэрбу, загадчыка хірургічнай клінікі Люблінскай медыцынскай Акадэміі. Ён таксама нарадзіўся на вілейскай зямлі. Доўгі час прафесарам Акцюбінскага медыцынскага інстытута працаваў віляйчанін В. Савіцкі. З медыкаў — ураджэнцаў Вілейскага краю — і заслужаны ўрач Расійскай Федэрацыі Міхаіл Наркевіч.
Сёе-тое з гэтых фактаў і мы з Уладзімірам Ліхадзедавым расказваем Вользе Аляксандраўне Коласавай. А яна ў сваю чаргу дзякуе за падказку і выказвае спадзяванне, што і экспазіцыя, і музейныя фонды папоўняцца новымі звесткамі пра Вілейку, Вілейскі край і іх слаўных сыноў і дачок.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
.

Ирина ОВСЕПЬЯН
Ирина ОВСЕПЬЯН
Институт беспамятства