Знiчкi Айчыны: Слонім

Адна з істотных заваёў гістарычнага вопыту жыцця на зямлі Беларусі – верацярпімасць, існаванне ў межах адной прасторы розных рэлігійных канфесій. Збор старых паштовак таксама сведчыць на карысць такога меркавання. Угледзьцеся, напрыклад, у выявы слонімскіх рэлігійных храмаў… На паштоўках з 1920-х і 1930-х гадоў — і мячэць у Слоніме. Калі згадаць перапіс насельніцтва яшчэ ў Расійскай імперыі ў 1897 годзе, то вядома, што ў горадзе пражывала болей 360 чалавек магаметанскай веры.
Адна з істотных заваёў гістарычнага вопыту жыцця на зямлі Беларусі – верацярпімасць, існаванне ў межах адной прасторы розных рэлігійных канфесій. Збор старых паштовак таксама сведчыць на карысць такога меркавання. Угледзьцеся, напрыклад, у выявы слонімскіх рэлігійных храмаў… На паштоўках з 1920-х і 1930-х гадоў — і мячэць у Слоніме. Калі згадаць перапіс насельніцтва яшчэ ў Расійскай імперыі ў 1897 годзе, то вядома, што ў горадзе пражывала болей 360 чалавек магаметанскай веры. Не выпадкова ж і адна з вуліц называлася Татарскай. Захавалася яе выява пачатку XX стагоддзя.
Слонім. Від на Спаса-Праабражэнскі сабор. 1916 г.Слонім. Касцёл. 1930 г.Дастаткова ў айчыннай філакартыі і “поглядаў” на Вялікую сінагогу ў Слоніме. Іудзеяў жа ў 1897 годзе ў Слоніме пражывала звыш 11 500 чалавек. Ёсць сінагога на паштоўках, што былі надрукаваны са здымкаў нямецкіх салдат. У 1915 годзе Слонім быў акупіраваны кайзераўскімі войскамі. Ёсць карткі, зробленыя “за польскім часам”. А яшчэ на старых “слонімскіх” паштоўках — каталіцкія і праваслаўныя храмы. Яны і цяпер навідавоку ў сталых насельнікаў горада і турыстаў, якія даволі часта завітваюць у Слонім: Свята-Троіцкая царква, Андрэеўскі касцёл, капліца Святога Дамініка…
Вось і ўраджэнцы Слоніма, людзі розных веравызнанняў, фарміраваліся як асобы пад уплывам даўніны рознахарактарнай, шматаблічнай. У сям’і яўрэйскага служачага вырас Мадэст Абрамавіч Шамашкін. У 1919 годзе 24-гадовы юнак, маючы медыцынскую адукацыю, уступіў у Чырвоную Армію. Пасля грамадзянскай вайны так і застаўся ў страі. Працаваў у шпіталях, на адміністрацыйнай службе. Абараніў доктарскую дысертацыю. У час Вялікай Айчыннай Мадэст Абрамавіч — начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Паўночна-Заходняга фронта, затым на такой пасадзе на 1-м і 3-м Беларускіх франтах. Пасля вайны яшчэ да 1951 года — на службе. Затым заняўся выкладчыцкай работай. Дзяржава высока ацаніла заслугі генерал-маёра медыцынскай службы М. Шамашкіна. Сярод яго ўзнагарод — ордэн Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў.Слонім. Агінскі канал. Пачатах ХХ ст.
А вось пратаіерэя Георгія Спаскага, які нарадзіўся ў Слоніме ў 1877 годзе, грамадзянская вайна вывела ў другі бок. Наш зямляк — з сям’і праваслаўнага святара. Закончыў Літоўскую духоўную семінарыю. Вядома, што вянчаўся ў Слоніме ў 1903 годзе. Служыў у Вільні. Першая Сусветная зрабіла яго выгнаннікам з роднай старонкі. Выкладаў Закон Божы ў Севастопальскім марскім кадэцкім корпусе. Нёс службу ў Севастопальскім саборы, да таго ж лічыўся галоўным святаром Чарнаморскага флота. З 1921 года — у эміграцыі ў Тунісе. Заснаваў праваслаўную царкву Святога Паўла ў Марскім корпусе. Памяшканнем для службы быў абраны адзін з казематаў старога ваеннага форта Джэбель Кебір паблізу Бізерты. Пасля перабраўся ў Парыж, там і нёс службу ў Аляксандра-Неўскім кафедральным храме.Слонім. Парадная вул. Пачатах ХХ ст.
Крыху маладзейшы за Георгія Спаскага другі ўраджэнец Слоніма — Лукаш Дзекуць-Малей, які нарадзіўся ў 1888 годзе. Рана, у чатыры гады, застаўшыся без бацькоў, Лукаш атрымаў добрую па тым часе адукацыю: закончыў школу, настаўніцкую семінарыю. Служыў у арміі ў Беластоку, дзе ў салдацкім асяродку пазнаёміўся з расіянамі-баптыстамі. У ноч з 31 снежня 1911 на 1 студзеня 1912 года на рацэ Супрасль прыняў воднае хрышчэнне. Пачаўшы ў 1912 годзе прапаведаваць баптызм, быў арыштаваны ў вёсцы Лыскава Пружанскага раёна. Верніка даставілі ў брэсцкую турму, але ў хуткім часе вызвалілі. У 1913 годзе Лукаш паступіў на біблейскія курсы евангельскіх хрысціян у Санкт-Пецярбургу. Пасля 1916 года Дзекуць-Малей працуе пастарам у Гродне. Удзельнічае ў гро-дзенскім сялянскім з’ездзе ў снежні 1918 года. Прымае ўдзел у іншых грамадскіх ініцыятывах. Вядома, што гродзенскі пастар арганізаваў у 1919 годзе пратэст супраць памкненняў літоўцаў далучыць да сябе тэрыторыю Гродзеншчыны. А 20 лістапада 1919 года Антон Луцкевіч перадаў Юзафу Пілсудскаму сабраныя Дзекуцем-Малеем матэрыялы пра супрацьдзеянне польскіх улад адкрыццю беларускіх школ на Гродзеншчыне. З канца 1921 года Лукаш жыў у Брэсце, займаўся рэлігійнай дзейнасцю. Пераклаў на беларускую мову 17 брашур, а таксама “Новы Запавет”. 19 чэрвеня 1941 года быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны да смерці, з прыходам немцаў вызвалены з турмы. А ў 1943-м арыштаваны ўжо фашыстамі: за дапамогу яўрэям. Высланы быў у працоўны лагер у Ліпянах. Апошнія гады жыцця правёў у Польшчы.Слонім. Вул. Касцюшкі. 1930 г.Слонім. Капліца на рыначнай плошчы. Пачатак ХХ ст.
Яшчэ адно яркае і малавядомае імя ў звязку са слонімскай гісторыяй — Хаім Ленскі. Яўрэйскі паэт, які нарадзіўся ў 1905 годзе “ў Слоніме, паблізу Гродна”. Няма яго біяграфіі ні ў гісторыка-дакументальнай хроніцы Слонімскага раёна “Памяць”, ні ў “Беларускай Энцыклапедыі”. Таму пра яго — крыху болей, чым пра іншых слонімскіх знічак. Выхоўваў Хаіма дзядуля. Бо маці, не чакаючы, пакуль дзіця навучыцца гаварыць, з’ехала ў Аўстрыю (марыла пра кар’еру балерыны ці танцоўшчыцы), а бацька — некуды ў Расію. Працаваў выкладчыкам рускай і французскай моў. Першую сусветную Хаім сустрэў у Слоніме. Пасля, як Заходнюю Беларусь акупіравалі палякі, малады чалавек перайшоў савецка-польскую мяжу. Быў арыштаваны, пад канвоем патрапіў ажно ў Царыцын. Затым уцёк і дайшоў да Баку, дзе сустрэўся з бацькам. Ды адносіны з ім і мачахай не склаліся. З 1925 года Ленскі — у Ленінградзе. Першы верш Хаім напісаў у 12 гадоў. У Ленінградзе ў хуткім часе Ленскі набывае славу аднаго з лепшых паэтаў, якія пі-шуць на іўрыце. Пра яго ведае нават Максім Горкі. Ды ў той час, як ствараўся Саюз савецкіх пісьменнікаў, увесь ленінградскі гурток іўрыцкіх літаратараў арыштоўваюць. Новы, 1935, год Ленскі сустракае ў лагеры. Адзін з лістоў паэта дайшоў да Ізраіля: “Нада мною здзекуюцца самыя нізкія элементы… Мяне абабралі ўчыстую, сцягнулі нават кацялок разам з супам… Твар увесь мурзаты… Ізноў даводзіцца ўзнаўляць па памяці вершы. А іх калі 5000 радкоў…” Вядома, што памёр Хаім пасля 23 сакавіка 1943 года. А пакуль ён быў у лагеры, у Ізраілі ў 1939 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік. Праўда, у тым самым 1939-м Ленскага на некаторы час вызвалілі. Арыштавалі ж ізноўку ўжо на пачатку вайны. З лагера Ленскі ўжо не вярнуўся. А новыя яго кнігі пабачылі свет пасля смерці паэта — “Адсечаная галінка” ў 1954-м, “Па той бок Леты” ў 1986 годзе. Валерый Слуцкі пераклаў многія вершы ўраджэнца Слоніма на рускую мову. Кнігі з публікацыямі гэтых перакладаў выдадзены ў Рызе і Тэль-Авіве. Застаецца спадзявацца, што і ў Беларусі ўспомняць Хаіма Ленскага.
Слонім шматканфесійны — радзіма многіх славутасцяў. Адных толькі вайскоўцаў з генеральскімі званнямі выйшла ў вялікі свет з гэтай старонкі мо чалавек з дзесяць. Гэта — генерал-палкоўнікі Леанід Мальцаў, Пётр Чавус, Уладзіслаў Корчыц, генерал-лейтэнанты Яўген Леашэня, Міхаіл Уласік, віцэ-адмірал Васіль Апановіч, генерал-маёр Нікіфар Гярко і іншыя. Славутасцямі Слонім і яго ваколіцы багатыя.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter