Знiчкi Айчыны

Пінск, Піншчына — багатая на знакамітых землякоў старонка. Тут нарадзіліся вучоныя, пісьменнікі, мастакі, вынаходнікі… Імёнаў можна прыводзіць мноства. З часоў, у якія вяртаюць старыя паштоўкі, — літаральна армія зорак, дзякуючы якім развіваліся навука, мастацтва, ваенная справа…
Пінск. Пецярбургская вуліца. Пачатак ХХ ст.Пінск, Піншчына — багатая на знакамітых землякоў старонка. Тут нарадзіліся вучоныя, пісьменнікі, мастакі, вынаходнікі… Імёнаў можна прыводзіць мноства. З часоў, у якія вяртаюць старыя паштоўкі, — літаральна армія зорак, дзякуючы якім развіваліся навука, мастацтва, ваенная справа…

З Піншчыны, з вёскі Плянта Мураваная паходжаннем мастак Альфонс Дунін Баркоўскі. У Лагішыне нарадзіўся геолаг, прафесар Аляксандраўскага універсітэта ў Варшаве Марцін Антоній Паўловіч. Піншчына выправіла ў вялікую творчую дарогу пісьменнікаў Франца Савіча, Міхаіла Дубянецкага, Міколу Антаноўскага, Любоў Тарасюк, Зіновія Прыгодзіча, Фёдара Одрача, Марыю Пшыбыляк, Яўгенію Янішчыц, Валерыя Грышкаўца, Леанарда Кандрашэнку…

Пінск. Палац Скірмунтаў. Пачатак ХХ ст.Ёсць сярод пінчукоў і выбітныя вайскоўцы. Адзін з іх, здаецца, абыйдзены увагай. А між тым… Вось крыху падрабязней і раскажам пра Аляксандра Вітмера, які нарадзіўся ў Пінску. Асоба яркая і шматгранная, ён шмат што паспеў зрабіць за сваё жыццё. Ды фактычна, калі можна так выразна заўважыць, паспеў пражыць два жыцці. Другое пачалося ў Крыме, куды Аляксандр Мікалаевіч патрапіў ужо ў сталым узросце: улічваючы стан здароўя, дактары параілі ратавацца ў цёплай старонцы, на марскім узбярэжжы. Але ж не мог чалавек актыўны, дзейсны адседжвацца на пляжы ды адно толькі транжырыць генеральскую пенсію. Прыехаўшы ў Крым, маючы пэўны дастатак, у 1890-я гады Вітмер набыў мноства зямельных надзелаў у Севастопалі, Балаклаве, Ялце. Пабудаваў некалькі гасцініц і рэстаранаў на Ялцінскай набярэжнай. Адкрыў кінатэатр. Заснаваў друкарню. Адным з самых паспяховых праектаў вайскоўца, які доўгі час і не задумваўся ні пра які бізнес, у пачатку 1900-х стала будаўніцтва і адкрыццё мэбляваных пакояў “Арэанда”. Забягаючы наперад, скажам, што гатэль “Арэанда”, пабудаваны ў 1907 годзе, працуе і цяпер. Рэканструяваны ў 2001, гатэль у 2003 годзе становіцца ўдзельнікам гасцінічнай сеткі Premier Hotels. Калі некалькі гадоў назад прапраўнучка генерал-маёра Вітмера Л.Ю. Меншыкава (кандыдат гістарычных навук, яна да нядаўняга часу працавала выкладчыцай лацінскай мовы ў гімназіі № 610 Санкт-Пецярбурга) меркавала, дзе правесці прэзентацыю толькі што выдадзенай кнігі Аляксандра Мікалаевіча “Што бачыў, чуў, каго ведаю”, то выбар прыпаў на ялцінскі гатэль “Арэанда”.

Пінск. Манастыр. Канец ХІХ ст.Але вернемся да “першага жыцця” Аляксандра Вітмера. Нарадзіўся ён 26 сакавіка 1839 года. Ваенную адукацыю спярша атрымаў у Паўлаўскім кадэцкім корпусе. Удзельнічаў, як тады пісалі, у польскай кампаніі 1863 года. Служыў у Свеабаргу. Займаў пасаду начальніка штаба абароны Свеабарга ў 1878 годзе. Перад гэтым узначальваў штаб 2-га армейскага корпуса. Закончыў Акадэмію Генеральнага штаба. Займаў пасаду прафесара ваеннай гісторыі і ваеннага мастацтва Мікалаеўскай Акадэміі Генеральнага штаба. З 1882 года генерал-маёр Аляксандр Вітмер (яму было толькі 43 гады!) пакідае службу, сыходзіць у адстаўку. Пачынае займацца літаратурнай дзейнасцю. Піша п’есы. Выступае як публіцыст у “Русской старине”, “Историческом вестнике”, “Русской летописи”, “Военном сборнике”. Трэба заўважыць, што пры ўсёй публіцыстычнай актыўнасці тагачасных вайскоўцаў ваенны друк напрыканцы ХІХ стагоддзя быў наўздзіў казённым, прымітыўным. На працягу многіх дзесяцігоддзяў “надвор’е” на армейскай інфармацыйнай прасторы рабіла газетка “Инвалид». Вядомы кнігавыдавец Іван Сыцін на гэты конт выказаўся наступным чынам: “І ў самой гэтай назве адбілася як быццам насмешка гісторыі”.

Рэальнае вучылішча на Вялікай Кіеўскай вуліцы. Пачатак ХХ ст.Аляксандр Вітмер выдае ў 1864 годзе кнігу “Уплыў французскіх ваенных устаноў канца мінулага стагоддзя на ход рэвалюцыйных войн і крытычны разгляд кампаніі 1800г. у Італіі”. Праз пяць гадоў да чытача прыходзіць новая работа нашага земляка — “1812 год у “Вайне і міры” … Л.М.Талстога”. У сваіх публікацыях Аляксандр Мікалаевіч смела выкладаў уласныя крытычныя погляды на ўзбраенне рускай арміі, спосабы вядзення вайны Расіяй. Магчыма, гэта і стала прычынай звальнення Вітмера ў адстаўку. На шчасце, і заняткаў, і клопатаў, і захапленняў на той час у генерала было звышдастаткова: літаратурная работа, ваенная гісторыя, калекцыянаванне твораў выяўленчага мастацтва... А пасля — яшчэ і прадпрымальніцтва.

На пачатку 1900-х гадоў у Санкт-Пецярбургу і Севастопалі выходзяць кнігі Вітмера, прысвечаныя знакамітым ваеначальнікам: “Генерал Лявіцкі” і “Скобелеў і яго юнацтва”. Памёр Аляксандр Мікалаевіч у 1916 годзе, у Ялце. Помнік Вітмеру — не толькі гатэль “Арэанда”, але і кніга “Што бачыў, чуў, каго ведаў”. У ёмістым фаліянце ў 700 з нечым кніжных старонак — успаміны пра генерала М. Скобелева, адмірала Бутакова, хіміка Бутлерава, мастака Ге і пра іншых вядомых сучаснікаў.

Часцей, чым прозвішча генерала-земляка, згадваецца імя пінчука Сямёна Абрамавіча Кузняца (ці Сайманта Сміта), які нарадзіўся ў палескім гарадку 30 красавіка 1901 года. А завяршылася яго жыццё ў Кембрыджы ў 1985 годзе. І зразумела, чаму часцей гавораць менавіта пра яго… Кузнец — вядомы амерыканскі эканаміст. За поспехі ў распрацоўцы эканамічнай тэорыі, што паспрыяла новаму разуменню эканамічнай і сацыяльнай структуры і працэсу развіцця грамадства ў цэлым, адзначаны ў 1971 годзе Нобелеўскай прэміяй… Перад тым, як эміграваць з Расійскай імперыі ў ЗША, сям’я Кузняца некаторы час жыла ў Харкаве. Ступень доктара навук пінчук атрымаў у Калумбійскім універсітэце. Служыў прафесарам ва універсітэтах у Гарвардзе і Пенсільваніі. У 1954 годзе быў абраны прэзідэнтам Амерыканскай эканамічнай асацыяцыі. Узнагароджаны медалём Фрэнсіса Уокера.

Вось толькі некаторыя згадкі пра славутых пінчукоў, што трымалі ў памяці горад на Палессі як сваю малую радзіму. Спадзяёмся, што і Пінск памятае сваіх слаўных сыноў і дачок.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter