Знiчкi Айчыны

“У матэрыяльным свеце нельга змясціць вялікае ў малым. Аднак у духоўнай сферы, у сферы культурных каштоўнасцяў гэта не так: у малым можам змясціць вялікае, а ў вялікім, калі змесцім вельмі малое, — яно проста перастане існаваць як нешта вялікае, каштоўнае, значнае… Бачыць вялікае ў малым, увасабляць ў малым вялікае — асабліва важна ў навуцы… Вялікія пошукі ісціны павінны пачынацца ў малым”, — словы гэтыя належаць вялікаму культуролагу XX стагоддзя Дзмітрыю Ліхачову.
Слонім. Рынак.1916 годСлонім — адзін з малых гарадоў Беларусі. Знахо-дзіцца на рацэ Шчара пры ўпадзенні ў яе ракі Іса. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ваўкавыск. За 143 км на паўднёвы ўсход ад Гродна. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Дзятлавам. Насельніцтва — крыху болей як 50 тысяч чалавек… Паводле археалагічных даследаванняў, узнік у ХІ стагоддзі… Гісторыя “малога гарадка” Слоніма і яго блізкіх ваколіц наўрад ці ўмесціцца ў добры тузін тамоў! Сапраўды, “вялікае ў малым”…

Асэнсаванне гэтай важкай для развіцця духоўнасці асобы і грамадства ў цэлым ісціны ў дачыненні да Слоніма прыйшло да мяне ў самым юнацтве. Калі і горад я яшчэ жыўцом не бачыў і нікога асабіста са сланімчан не ведаў. Прыехаўшы са Львова ў Беларусь, улетку 1985 года пазнаёміўся з паэтам Сяргеем Міхайлавічам НовікамПеюном. Легендарная асоба ў гісторыі заходнебеларускай культуры! У 1926 годзе на Нясвіжчыне ў родных Лявонавічах стварыў беларускі народны хор (існуе і цяпер!) і беларускі народны тэатр. Амаль на пяць гадоў быў высланы польскімі ўладамі за сваю энергічную беларускую “палітыку”.

Пасля аказаўся пад наглядам польскай паліцыі ў Слоніме. І зрадніўся, з’яднаўся са Слонімшчынай як з самай роднай старонкай. Перад Вялікай Айчыннай працаваў дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музея. У вайну прайшоў праз фашысцкі астрог, цудам ацалеў ў канцлагеры ў Калдычэва. У 1944 годзе вярнуўся да працы ў музеі. А ў снежні таго ж года ізноўку выправіўся ў шматпакутную лагерную вандроўку. Вярнуўся з ГУЛАГа толькі ў 1958… Сустрэліся мы з Сяргеем Міхайлавічам у ліпені 1985, маючы ззаду ці не год ліставання.

Прагаварылі, пэўна ж, з самага ранку да позняга вечара. Прынёс я тады паэту, краязнаўцу і сціплы падарунак — “ Кабзара” на ўкраінскай мове. І як быў здзіўлены, калі Сяргей Міхайлавіч пачаў напамяць чытаць у арыгінале вершы Тараса Шаўчэнкі. З таго часу — мая цікавасць да Слоніма, Слонімшчыны. І гэта не выпадкова, бо край сапраўды здолеў умясціць у сабе шматабсяжную гісторыю Беларусі. Відаць гэта і па асобах, народжаных у Слоніме, у малых і вялікіх слонімскіх вёсках і вёсачках…

Са Збочна — пісьменнік Кандрат Лейка. Нарадзіўся ў 1860 годзе. Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Азярніцы. У пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца з 1478 года як “прысёлак” маёнтка Дзярэчын. Поруч з царквою дзейнічала тут у свой час сінагога. Сярэднюю школу ў мястэчку Азярніца ўжо ў шматкроць бліжэйшы да нас час закончыў паэт, празаік, перакладчык, крытык, доктар філалагічных навук Мікола Арочка. Лёс распарадзіўся такім чынам, што ён вырас у Мінску як літаратар і вучоны, але вярнуўся на Слонімшчыну і цяпер жыве ў вёсцы Вецявічы.
Ёсць на Слонімшчыне вёскі, якія падобна Слоніму, багатыя канцэнтрыраванай энергетыкай вялікай культуры, вялікага асветніцтва.

Іначай як растлумачыць тое, што, прыкладам, з Чамяроў у вялікі свет выправілася гэтулькі знакамітых асоб?! Гэта ж сапраўднае гняздо культуры! Толькі ў 1905 го-дзе ў Чамярах была адкрыта аднакласная царкоўна-прыхадская школа. Дагэтуль працаваў “гарнцавы настаўнік” ( вучыў па чарзе дзяцей па хатах, за што яму плацілі збожжам ці грашыма). А ў 1925 годзе ( вёска , нагадаем, — пад белапольскай акупацыяй) у Чамярах адкрываецца прыватная беларуская школа. Настаўнік Максім Бурсевіч не толькі вучыць чытаць і пісаць , але і стварае гурток для пастаноўкі “Паўлінкі”, “Прымакоў”, сцэн з іншых п’ес.

Усяго тры месяцы працавала школа ў Чамярах!.. Палякі зачынілі яе, хаця быў і запыт беларускіх паслоў у сейм на гэты конт… Ды зерне, кінутае ў добрую раллю, дало свае ўсходы. Чамяроўцы ішлі ў навуку, ехалі вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. Гімназістамі сталі Мікола Бурсевіч, Якуб Міско, Ігар Бурсевіч і шмат хто яшчэ. Родам з Чамяроў — драматург і тэатразнаўца Уладзімір Іскрык. Вёска выпеставала заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, скульптара Івана Міско. У Чамярах нарадзіўся, тут закончыў сямігодку крытык, літаратуразнаўца Іван Чыгрын. У 1980-ыя гады пабачылі свет яго манаграфіі “Проза “Маладняка”. Дарогамі сцвярджэння” і “Крокі: проза “Узвышша”. А ў 1990-ыя — “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа” і “Паміж былым і будучым”. Іван Чыгрын — аўтар сямі вершаваных кніг, хаця друкавацца з паэтычнымі творамі пачаў досыць позна, толькі на пачатку 1990-ых… І для кандыдата мастацтвазнаўства Сцяпана Міско Чамяры — родная вёска, нарадзіўся тут 18 студзеня 1930 года. Кандыдацкую дысертацыю, між іншым, абараняў у Кіеве пад кіраўніцтвам самога Максіма Фадзеевіча Рыльскага. Мы яшчэ не згадалі чамяроўцаў паэта Анатоля Іверса, прафесара медыцыны Андрэя Пракапчука, доктара гістарычных навук Міхася Міско…

Культурнымі, асветніцкімі асяродкамі здаўна на Слонімшчыне лічацца Альбярцін (цяпер у межах Слоніма), Жыровічы, Вялікая і Малая Кракоткі (апошняя — радзіма літаратуразнаўца, фалькларыста Янкі Саламевіча), Парэчча… Са Слоніма — паэт, славуты даследчык гісторыі беларускай літаратуры, аўтар кніг пра Купалу і Скарыну ў “маладагвардзейскай” серыі “Жыццё знакамітых людзей” Алег Лойка, паэт Сяргей Дарожны, беларускі і рускі славіст Канстанцін Пушкарэвіч, археолаг, краязнаўца, музеязнаўца Восіп Стаброўскі… Пра кожнага з гэтых сланімчан наш расповед можа стацца, паверце, бясконцым.

Алесь Карлюкевіч

Паштоўка з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter