Знiчкi Айчыны

Газета расказвала ўжо, што ў Мінску, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, адбылася святочная вечарына, якая мае самае непасрэднае дачыненне да гісторыі слаўнага Полацка. Сабраліся разам палачане, вызначыўшы сваю сустрэчу як пачатак дзейнасці зямляцтва ўраджэнцаў Полацка і Полацкага краю. Міністр культуры Уладзімір Матвейчук, сённяшні мэр горада на Дзвіне Уладзімір Тачыла, пісьменнікі Алесь Савіцкі, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Арлоў…У кожнага з іх — свае асабістыя стасункі са слаўным горадам, з яго рэчаіснасцю і яго промнямі культуры і гісторыі, што асвятляюць і Віцебшчыну, і ўсю Беларусь, і ўвесь бязмежны свет…
Полацк. Агульны выгляд горада. Канец ХІХ ст.Газета расказвала ўжо, што ў Мінску, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, адбылася святочная вечарына, якая мае самае непасрэднае дачыненне да гісторыі слаўнага Полацка. Сабраліся разам палачане, вызначыўшы сваю сустрэчу як пачатак дзейнасці зямляцтва ўраджэнцаў Полацка і Полацкага краю. Міністр культуры Уладзімір Матвейчук, сённяшні мэр горада на Дзвіне Уладзімір Тачыла, пісьменнікі Алесь Савіцкі, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Арлоў…У кожнага з іх — свае асабістыя стасункі са слаўным горадам, з яго рэчаіснасцю і яго промнямі культуры і гісторыі, што асвятляюць і Віцебшчыну, і ўсю Беларусь, і ўвесь бязмежны свет…

Мажліва, новая грамадская ініцыятыва стане рухавіком і працы калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, які збірае свой, філакартычны партрэт роднага горада. Тым болей, што істотны падмурак ужо закладзены. На гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага універсітэта працуе пастаянна дзеючая экспазіцыя рэпрадукцый старых паштовак, прысвечаных роднаму гораду, яго храмам веры, Полацкаму кадэцкаму корпусу, гарадскім вуліцам... А я, прызнацца, як уважлівы глядач збораў Уладзіміра Аляксеевіча (а толькі пра Полацк старых паштовак у яго калекцыі — сотні!), усё чакаю, калі ж на паліцы кнігарняў і бібліятэк прыйдзе адметны альбом “У пошуках страчанага. Полацк”.

Свята-Ефрасіннеўскі храм. Пачатак ХХ ст..Мо поруч з выявамі багатага на гісторыю, на многія падзеі горада з’явіцца на старонках яго альбома і падрабязны расповед пра гараджан розных пакаленняў. Давайце паспрабуем згадаць імёны хаця б некаторых. Асаблівае месца ў памяці пра Полацк займае настаўніцкая семінарыя. Пачала яна сваю работу ў 1872 годзе. У 1912 годзе навучальнай установе было нададзена імя героя Айчыннай вайны 1812 года генерала Я. Кульнева. З пачаткам Першай сусветнай вайны семінарыю эвакуіравалі ў Расію — у горад Вязнікі Уладзімірскай губерні. З 1918 года семінарыя вядома як педагагічны тэхнікум. Тарас Хадкевіч, які вучыўся ў ім у 1927–1929 гадах, пакінуў такія ўспаміны пра горад: “Полацк — стары, але невялікі па тым часе горад, здаўся мне казачным. Брукаваныя вуліцы, каменныя дамы, гмахі колішняга кадэцкага корпуса, высока ўзнятыя купалы і шпілі, што трапляліся мне на вочы, — выглядалі інакшымі, чым у нас на вёсцы — нібыта яны былі зусім з інакшага свету. Потым у жыцці я бачыў шмат гарадоў — большых і прыгажэйшых за Полацк, — але такога ўражання яны не пакідалі”.

Полацк. Сафійскі сабор. Пачатак ХХ ст..Ды вернемся ў часы крыху ранейшыя, калі тэхнікум яшчэ быў семінарыяй… Сярод першых навучэнцаў яе — краязнавец, фалькларыст і пісьменнік Іван Данілавіч Гарбачэўскі (1860–1914). Яркая, шматаблічная асоба, чалавек высокай эрудыцыі, ён паспеў за непрацяглае жыццё змяніць нямала заняткаў. Быў выкладчыкам народнага вучылішча, працаваў у газеце “Витебские губернские ведомости». Але найгалоўнешым клопатам заставалася вывучэнне фальклору, побыту беларусаў, гісторыі Віцебшчыны, нашай Айчыны. Цікавай краязнаўчай крыніцай і цяпер застаецца праца Івана Данілавіча “Лепельскі павет Віцебскай губерніі”. Пра палешукоў Гарбачэўскі напісаў працу “Старына старадаўняя”. Ён аўтар і мастацкіх твораў, у тым ліку — аповесці з сімвалічнай назвай “Не дайшоў да роднай хаты”.

Крыху пазней вучыўся ў семінарыі гісторык і літаратуразнавец Даніла Мінавіч Васілеўскі (1889–1963). Пачатак яго творчай, публіцыстычнай дзейнасці звязаны з газетай “Наша Ніва”, у якой Васілеўскі пачаў друкавацца ў 1914 годзе. У 1926 годзе было надрукавана даследаванне Данілы Мінавіча “Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі”. Сярод выпускнікоў Полацкай семінарыі — і Фларыян Данатавіч Манцэвіч (1890–1941), педагог, грамадскі дзеяч і фалькларыст. У 1941 годзе яго арыштавалі гітлераўцы і пасля катаванняў расстралялі.

Полацк — горад, які ва ўсе вякі славіўся сваімі навучальнымі ўстановамі. Менавіта гэта перш-наперш і прыцягвала сюды самых розных людзей, якія пасля ўзбагачалі навуку ды іншыя галіны чалавечай дзейнасці ва ўсім, лічы, свеце. Узяць, прыкладам, славуты Полацкі кадэцкі корпус, нямала выяў якога захавалася і на старых паштоўках. Адна сям’я Кайгародавых чаго вартая!.. Нічыпар Іванавіч — генерал-маёр, на службе ў кадэцкім корпусе — з 1836 па 1865 год. Сыны: Міхаіл Нічыпаравіч — генерал ад інфантэрыі, Нестар Нічыпаравіч — генерал-лейтэнант, быў камендантам Выбаргскай крэпасці, Дзмітрый Нічыпаравіч — вучоны-прыродазнавец, пісьменнік-натураліст (яго кнігі “Гутаркі пра рускі лес”, “З царства птушак”, “З зялёнага царства” вытрымалі многія і многія выданні).

Полацк. Млын на рацэ Палаце. Пачатак ХХ ст.У 1874 годзе Полацкі кадэцкі корпус закончыў ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант Раман Ісідаравіч Кандраценка. У руска-японскую вайну ён камандаваў сухапутным фронтам крэпасці Порт-Артур. Загінуў пры артабстрэле, пахаваны ў Пецярбургу ў Аляксандра-Неўскай лаўры. 20 мая 1910 года ў кадэцкім корпусе ў Аляксандраўскай зале ўстанавілі скульптурны бюст Р. Кандраценкі. Ушаноўваюць памяць пра военачальніка і цяпер. Ёсць у Полацку вуліца, названая ў яго гонар. Некалькі гадоў запар Уладзімір Ліхадзедаў ініцыяваў на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага універсітэта (а ён размешчаны якраз у старым будынку Кадэцкага корпуса) дні памяці. Збіраліся навукоўцы, літаратары, студэнты, прадстаўнікі мясцовай улады. Добра было б, каб традыцыя праводзіць у снежні Дзень горада атрымала сваё развіццё. І мо тая ж грамадская ініцыятыва па аб’яднанні палачан Беларусі (а мо і ўсяго свету?!.) прыйшла са сваімі, несумненна, вартымі ўвагі, праектамі ў родны Полацк. Сёння там хапае клопатаў — і па фарміраванні гісторыка-архітэктурнага ландшафту горада, і па ўмацаванні музейнай прасторы. Горад-турыст, горад-асветнік, Полацк з’яўляецца эпіцэнтрам прыцягнення ўвагі цікаўных да гісторыі жыхароў самых розных краін. Сюды едуць журналісты і вернікі розных канфесій, вучоныя і моладзь — усе, хто нераўнадушны да новых адкрыццяў…І нам толькі застаецца сцвярджаць багацце гістарычных, асветніцкіх памятак роднага горада. У тым ліку — і праз веданне лёсаў знакамітых суайчыннікаў.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter