ТОП-темы

Знiчкi Айчыны

21:00, 4 декабря 2008
Брэст. Уезд у горад. Пачатак ХХ ст.Філакартычныя вандроўкі па Брэсце могуць мець рознымі. Некаму цікавыя сустрэчы са знакамітымі ўраджэнцамі, вядомымі гараджанамі. А іншых цікавяць помнікі даўняй пары. Урэшце, уся справа ў тым, які час і якія сцежкі прадвызначым мы самі ва ўласным неспатольным жаданні адкрываць новае і невядомае раней…

Да разваг пра лёсы берасцейцаў яшчэ і таму цікава прыцягваць старыя паштоўкі як ілюстрацыі пэўных гістарычных адрэзкаў часу, што горад у развіцці сваім ніколі не забываўся пра старое. Архітэктары, гарадскія ўлады розных часоў вельмі ўважліва ставіліся да новага і разам з тым былі і застаюцца ашчаднымі да старога. Як прыклад — будынак пошты па вуліцы Маскоўская, 32. Пабудаваны ён яшчэ ў сярэ-дзіне ХІХ стагоддзя, і цяпер служыць Брэсцкаму паштамту. І на вуліцы Савецкай захаваўся асабняк з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У другой яго палове пабудавана мураваная Брацкая Мікалаеўская царква. Раней Савецкая насіла самыя розныя назвы — Мільённая, Паліцэйская, Дамброўскага… Дарэчы, цікавы факт занатаваны ў запісцы гарадской рады і магістрата міністру унутраных спраў Польшчы ад 17 сакавіка 1925 года: “Перад вайной у Брэсце было каля 3670 дамоў. У 1915 годзе ў час акупацыі пры эвакуацыі грамадзянскіх асоб знішчана 2500 дамоў, што складае каля 70 працэнтаў. Знішчэнню падверглася найболей заселеная частка горада, прычым забудаваная мураванымі дамамі — тры чвэрці ўсяго горада, 75 працэнтаў ад агульнай кубатуры.

Ідзе ўжо восьмы год мірнага жыцця. Францыя і Бельгія адбудаваліся лепей, чым былі да вайны. А як складваюцца справы ў нас? Вось лічбы. Да 1921 года ўключна пабудавана 60 дамоў, у 1922 — 150, у 1923 — 240, у 1924 — 100. За 7 гадоў пасля вайны — 540 аб’ектаў, г.зн. 21 працэнт. Па кубатуры адбудаваных — напалову меней, чым да вайны. Да агульнай кубатуры знішчаных — 15 працэнтаў.

Высокая лічба ў 1923 годзе таму, што дапамагаў амерыканска-яўрэйскі камітэт. У 1924 годзе — эканамічны крызіс, дапамогі не было. Людзі не ў стане былі ўзнаўляць дамы сваімі сродкамі. Пры магістраце паўгода існуе камісія, якая выдае пазыкі на доўгі тэрмін. Яна з першага дня засыпана просьбамі. Гэтая камісія мае на ўвазе найбяднейшыя сем’і, якія жывуць у зямлянках, разбураных пабудовах…

Брэст. Чыгуначны вакзал. Прыбыццё кур’ерскага цягніка з Варшавы. Пачатак ХХ ст.Камісія па пазыках змагла выдаць сродкі толькі 136 асобам, вычарпаўшы крэдыт у 130 тысяч злотых, якія выдзелены Брэсту дзяржаўнай казной. Як вынік, на 2 тысячы знішчаных дамоў — усяго толькі 130 тысяч злотых пазыкі…”

Такая рэчаіснасць з гісторыі горада над Бугам пачатку 1920-х гадоў. За спінамі людзей — Першая сусветная, рэвалюцыя, развал імперыі, грамадзянская… А жыццё ішло, працягвалася... Берасцейская прастора багацела на яркіх асоб, якія набывалі веды, пракладвалі свой след у навуцы і мастацтве, узбагачалі прыгожае пісьменства сваімі адметнымі здабыткамі.

І не дзіва, што Брэст быў і застаецца пунктам прыцягнення талентаў, своеасаблівай навукова-мастацкай сталіцай нашай старонкі. Таму сведчаннем і нядаўняя навуковая імпрэза, праведзеная ў горадзе над Бугам. Расказвае намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага Ала Міхайлаўна Мяснянкіна:

— Здзейснілася наша даўняя мара — мы змаглі правесці канферэнцыю “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”. Канферэнцыя не выпадкова насіла міжнародны характар. З Санкт-Пецярбурга прыехаў доктар гістарычных навук Мікалай Віктаравіч Нікалаеў, з Вільнюса — загадчык аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі Акадэміі навук Літвы Дайва Нарбуцене, з Кіева — доктар гістарычных навук Галіна Іванаўна Кавальчук. Канферэнцыя працавала па трох секцыях — “Кнігі і кніжная культура Берасцейшчыны ХVІ–ХІХ стст.”, “Кніга і бібліятэчная справа на Берасцейшчыне ў ХІХ–ХХ стст.”, “Кніжная спадчына Берасцейскай зямлі і яе сённяшні лёс”…

Невыпадковасць падзеі абумоўлена і даўнім гістарычным фундаментам. Першая друкарня на тэрыторыі сучаснай Беларусі была адкрыта менавіта ў Бярэсці восенню 1553 года. Спрыялі таму розныя прычыны.

Брэст. Сабор Брэсцкай крэпасці. 1916 г.Сярод яркіх імёнаў, якімі Брэст можа ганарыцца ва ўсе вякі, — Мікалай Фёдаравіч Залатніцкі, які нарадзіўся ў Брэст-Літоўску ў 1851 годзе.
Так склалася, што яшчэ падлеткам ён патрапіў у Германію. Вучыўся ў гімназіі ў Дрэздэне. Пасля закончыў 5-ю маскоўскую гімназію і матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. З дзяцінства захапіўся назіраннямі над светам жывёл і раслін. Стаў з часам адным з самых знакамітых папулярызатараў навукі, найперш — батанікі, кветкаводства і акварыумістыкі. Свае артыкулы друкаваў у часопісах «Нива», «Родник», «Любитель природы», іншых перыядычных выданнях. Асаблівую ўвагу чытачоў прыцягнула кніга Мікалая Залатніцкага “Акварыум аматара”, якая была адзначана залатымі медалямі навуковых таварыстваў у Маскве і Кіеве, а таксама ганаровым медалём у Парыжы. Па ініцыятыве Залатніцкага ў Маскве было створана таварыства аматараў акварыума і хатніх раслін. Сярод сяброў таварыства былі многія знакамітыя вучоныя. У тым ліку — і палачанін Дзмітрый Кайгародаў, вядомы рыбакам Леанід Сабанееў, пісьменнік Уладзімір Гіляроўскі. Вялікую папулярнасць займела кніга Мікалая Фёдаравіча “З казак прыроды”.

Брэст — радзіма Вікенція Васільевіча Макушава (1837–1883). І хаця значная частка яго жыцця звязана з Польшчай, наш зямляк вядомы ў свеце як рускі гісторык-славіст. Закончыў Пецярбургскі універсітэт. У 1862-65 гадах выконваў абавязкі сакратара рускага консульства ў Дуброўніку. У 1867 годзе абараніў дысертацыю на тэму “Даследаванні аб гістарычных помніках і бытавых пісьменніках Дуброўніка”. Пасля некаторы час працаваў у архівах і бібліятэках Італіі, вышукваючы невядомыя гістарычныя крыніцы. У 1871–1883 гады — прафесар Варшаўскага універсітэта. Выдаў двухтомны збор дакументаў “Гістарычныя помнікі Паўднёвых славян…»

Горад над Бугам вывеў у вялікі свет знакамітага вучонага Арсенія Іванавіча Маркевіча (нарадзіўся 31 сакавіка 1855 года ў сям’і святара). Закончыў гімназію ў Польшчы. У Варшаўскім універсітэце вывучаў славянскія мовы. У 1883 годзе пераехаў у Сімферопаль. Выкладаў рускую мову ў жаночай і мужчынскай гімназіях. Спрыяў адкрыццю ў горадзе універсітэта. Вывучаў гістарычныя помнікі Крыма. Напісаў артыкулы, якія і цяпер з’яўляюцца каштоўнай крыніцай гістарычнай інфармацыі: “Да гісторыі ханскага Бахчысарайскага фантана”, “Паездка ў Стары Крым” і іншыя. У 1927 годзе нашага земляка абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. Многія работы Арсенія Маркевіча патрабуюць перавыдання. Як прыклад — “Таўрычаская губернія ў час Крымскай вайны”, “Тапаніміка Крыма”, “Сімферопаль, яго гістарычны лёс, даўніна і нядаўняе мінулае”.

…Прыйдзе час — і Брэст, несумненна, пабагацее яшчэ на адзін музей — музей навуковай славы горада над Бугам і Берасцейскага краю.

Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Ирина ОВСЕПЬЯН
Ирина ОВСЕПЬЯН
Институт беспамятства