Знiчкi Айчыны
23.10.2008 21:00:00
![Лынтупы. Палац. Пачатак ХХ ст.](/voiceimg/0908/390805.jpg)
А з цягам часу і сустрэчы былі з Лынтупамі, і вандроўкі я здзяйсняў па яго ваколіцах. І пэўныя памяткі пра ўраджэнцаў гэтай старонкі назбірваліся.
Калі яшчэ ў Лынтупах жыло мо ўсяго толькі сотні дзве насельнікаў, а мястэчка належала гаспадарам Бішэўскім, сюды зазірнуў скульптар Вінцэнты Балзукевіч. Нарадзіўся ён у Вяркяй — прадмесці Вільні, у 1835 годзе. Пражыў доўгае жыццё, захапляўся разьбой па дрэву, драўлянай скульптурай. Самавукам асвоіўшы ня-простае майстэрства, дасягнуў значных вышыняў у скульптуры. Працаваў і ў Беларусі, і ў Літве. Для Лынтупскага касцёла (не блытайце з сучасным Андрэеўскім, што цяпер стаіць на Цэнтральнай плошчы: яму ўсяго толькі каля ста гадоў) вырабіў Распяцце Хрыстова. Хто ведае, можа, твор гэты — роўня працам Канёнкава, ці Эрзя, ці мо нават Радэна… Марыю Магдалену Вінцэнты стварыў для касцёла ў Каўнасе. Анёла Ахоўніка і Святога Юрыя — для касцёла Святога Яна ў Вільні… Высокіх вышынь у мастацтве дасягнулі дзеці Вінцэнта — скульптар Баляслаў, мастакі Юзаф і Люцыя… Дарэчы, палац Бішэўскіх перабудоўваў Тадэвуш Раствароўскі, легендарны польскі і расійскі архітэктар і мастак другой паловы ХІХ стагоддзя (нарадзіўся ў Польшчы ў 1860 годзе). І хто ведае, мажліва, шмат якія сюжэты для сваіх будучых карцін ён вывез у іншы свет менавіта з лынтупскіх ваколіц.
![Лынтупы. Касцёл. 1916 г.](/voiceimg/0908/390806.jpg)
Ваколіцы, атачэнне Лынтупаў — гэта такія паселішчы, як Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Жакі, Сенькішкі або Балдучок... Некаторыя з іх некалі засценкамі лічыліся, ды з часам да вясковай біяграфіі выраслі. Іншыя спрадвеку былі вёскамі. І людзі тут наўкола заўсёды працавітыя былі. Таму, мусіць, і гаспадарлівасцю, матэрыяльным дабрабытам славіліся гаспадары Лынтупаў. Бішэўскія не толькі парк тут заклалі, але і гаспадарку моцную вялі.
З 1909 года ў Лынтупах працавала народнае вучылішча. У тым жа годзе ў якасці супрацоўніка “Нашай нівы” мястэчка наведаў Вацлаў Ластоўскі. А пад псеўданімам Лынтупскі свае артыкулы дасылаў у віленскую беларускую газету мясцовы карэспандэнт Э. Якубовіч. І быў забіты за праўдзівыя карэспандэнцыі. Дарэчы, калі звярнуцца да літаратурнай геаграфіі старажытнага паселішча, то ў розныя гады ў Лынтупах гасцявалі, прыязджалі сюды па творчых і краязнаўчых справах Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Алесь Петрашкевіч, Янка Брыль, Ігар Пракаповіч (ён і працуе непадалёку — выкладае геаграфію ў адной са школ Паставаў), Аркадзь Нафрановіч, Віктар Праўдзін ды іншыя майстры прыгожага пісьменства.
![Лынтупы. Вясковы двор. Пачатак ХХ ст.](/voiceimg/0908/390807.jpg)
Вандроўка ад Лынтуп можа прывесці нас да іншых цікавых мясцін Пастаўшчыны і суседняй Мядзельшчыны. Камаі, Свіраны, Дварчаны, Саранчаны, Спонды, Канстанцінава, Нарач… Цікавыя мясціны, прыгожыя людзі, багаты гісторыяй край…
Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава