Знiчкi Айчыны

Лепель, калі ў вандроўку ў Віцебск выбіраешся з Мінска, ніяк не абмінуць. Лічы, пры самай дарозе. Калі надараецца якая вольная гадзіна, то я заўжды спыняюся ў гэтым сімпатычным гарадку. Абавязкова зазіраю ў мясцовы краязнаўчы музей. А па горадзе экскурсаводам у мяне заўжды Ілья Юльянавіч Януш. Нам, даўнім, спярша завочным, знаёмцам, ёсць пра што пагаварыць, паразважаць…
Лепель. Азёрная вуліцаЛепель, калі ў вандроўку ў Віцебск выбіраешся з Мінска, ніяк не абмінуць. Лічы, пры самай дарозе. Калі надараецца якая вольная гадзіна, то я заўжды спыняюся ў гэтым сімпатычным гарадку. Абавязкова зазіраю ў мясцовы краязнаўчы музей. А па горадзе экскурсаводам у мяне заўжды Ілья Юльянавіч Януш. Нам, даўнім, спярша завочным, знаёмцам, ёсць пра што пагаварыць, паразважаць…

Лепель заўжды прыцягваў да сябе даследчыкаў. Многія гісторыкі і краязнаўцы рупіліся, каб занатаваць у стагоддзях памяткі зямлі Лепельскай. У 1905 годзе ў Віцебску быў выдадзены нарыс Дз. І. Даўгялы “Лепель, павятовы горад Віцебскай губерні”. Цытую невялічкі фрагмент з выключна цікавай і фактаграфічна багатай кніжкі: “Местечко Лепель, в Витебской губернии состоящее и Виленскому бернардинскому женскому монастырю принадлежащее, которое заключает в себе до 274 душ — монастырских крестьян и в котором находится уездный город, повелеваем: со всеми крестьянами причислить в казенное ведомство и обратить оное в уездный город, причислив и самих жителей того местечка в мещанское состояние, а окружную землю в городской выгон; бернардинскому же монастырю взамен того произвести из казны ежегодно получаемый им ныне с того местечка доход, сколько оного по действительному расчету окажется». Гэта — з указа імператара Аляксандра I ад 5 красавіка 1805 года.

А хто ж, якія асобы звязаны з Лепелем і прыгожымі ляснымі і азёрнымі ваколіцамі, што раскінуліся побач?.. З 1833 па 1839 год на Лепельшчыне жыў і працаваў паэт Ян Чачот. Адзін з філаматаў (сяброў навук). У Лепель патрапіў ужо пасля 10-гадовай высылкі, якую адбываў у Кізільскай крэпасці, а пасля ва Уфе. Чачот сабраў два зборнікі наднёманскіх і наддзвінскіх песень. Адзін з рукапісаў так і называўся — “Вясковыя песні з-над Дзвіны, з ваколіц Лепеля і з самога Лепеля, размешчанага над вялікім возерам і выходзячай з яго ракі Улы (часам называемай Ульянкай), якая ўплывае ў Дзвіну пад мястэчкам Улай”.

Лепель. Гарадскі садзікЛепель — радзіма знакамітага расійскага акцёра Карпа Саленіка. Нарадзіўся ён у павятовым горадзе ў 1811 годзе. Спярша вучыўся на матэматычным факультэце Віленскага універсітэта. Але цяга да акцёрства, захапленне камедыйнымі пастаноўкамі перамаглі. І ў 1831 годзе Карп — ужо ў складзе Харкаўскай тэатральнай трупы І. Ф. Штэйна. Спярша працаваў суфлёрам. Праз год таленавітага маладога чалавека заўважылі і перавялі ў склад акцёраў. Карп выступаў у тэатрах Курска, Кішынёва. Перада мною — “Дзённік” Тараса Шаўчэнкі (Масква, 1954 г.). У адным з запісаў (ад 20 ліпеня 1854 года) Кабзар успамінае: “Ильин день. Ильинская ярмарка в Ромни, — теперь, кажется, в Полтаве. В 1845 году я случайно видел это знаменитое торжище…» І далей: “Тогда же я в первый раз видел гениального артиста Соленика в роли Чупруна (“Москаль–чаривник”), он показался мне естественнее и изящнее неподражаемого Щепкина…” Што цікава, у каментарыях да дзённікавых запісаў Тараса Шаўчэнкі пра Саленіка гаворыцца наступнае: “…выдатны украінскі акцёр-комік, выступаў пераважна ў Харкаве”. Такі вось “украінскі” майстар сцэны нарадзіўся ў Лепелі.
З Лепельшчыны — археолаг і краязнаўца Міхаіл Францавіч Кусцінскі (нара-дзіўся 28 верасня 1829 года). Сваё жыццё ён прысвяціў даследаванню роднай старонкі. Сабраў багатую калекцыю каменных, бронзавых, жалезных, гліняных прадметаў даўніны. Бальшыня гэтага збору патрапіла ў музеі Беларусі, Расіі, Польшчы. Матэрыялы раскопак фатаграфаваў. Стварыў археалагічную карту Лепельскага павета. Захаваліся публікацыі М. Кусцінскага ў перыядычным друку: “Заметка аб знаходках у Віцебскай губерні ў курганах са спаленнем”, “Вопыт археалагічных даследаванняў у Лепельскім павеце Віцебскай губерні”, “З заметак аб курганах Лепельскага павета”…

Увогуле Лепельшчыне пашчасціла на даследчыкаў. Поруч з кнігай Дз. Даўгялы варта назваць і нарыс Івана Гарбачэўскага “Лепельскі павет Віцебскай губерні” (1895 год). Адным жа з першых збіральнікаў памятак пра гісторыю і культуру рэгіёна быў Рыгор Кладніцкі. Ён доўгі час жыў на Лепельшчыне. І ў 1850 годзе адправіў у Пецярбург, у Рускае геаграфічнае таварыства работу “Этнаграфічныя звесткі аб жыхарах Лепельскага павета”. Рыгор Кладніцкі быў і адным з аўтараў зборніка “Быт беларускіх сялян” (Пецярбург, 1854). У 1843 годзе ў Лепель выкладчыкам гісторыі і геаграфіі дваранскага вучылішча прыехаў Адам Юцэвіч. Тут ён працаваў над кнігай “Литовские песни в переводе Людовика из Покева», жыццяпісамі славутых вучоных. Памёр Адам-Людовік Дзяменцьевіч Юцэвіч 12 сакавіка 1846 года. Пахаваны на старых лепельскіх могілках.

Традыцыі тых гісторыкаў і краязнаўцаў прадаўжаюць іх наступнікі. Яркая асоба — Анатоль Ханяк. Краязнаўствам захапіўся ў 1953 годзе, калі маладога педагога прызначылі дырэктарам Лепельскай сямігодкі. Пазней у Лепельскай школе-інтэрнаце стварыў краязнаўчы музей, дзе было нямала арыгінальных матэрыялаў пра помнік гідратэхнічнага будаўніцтва XVIII–XIX стагоддзяў — Бярэзінскую водную сістэму. Доўгі час вывучаў жыццё, дзейнасць “беларускага Мічурына”, лепельскага селекцыянера Язэпа Мароза. Некаторы час Анатоль Сямёнавіч працаваў дырэктарам раённага музея. Геаграфічнае краязнаўства Лепельшчыны, сучасны экалагічны стан рэк і азёр края — кола зацікаўленняў Уладзіміра Шушкевіча. Пра Ілью Януша мы ўжо згадвалі. Настаўнік гісторыі, ён некаторы час працаваў у Лепельскім краязнаўчым музеі. Шмат сіл і намаганняў прыклаў, рыхтуючы артыкулы для гісторыка-дакументальнай хронікі Лепельскага раёна “Памяць”. І цяпер публікацыі Ільі Януша з’яўляюцца на старонках друку.

Лепельшчына — слаўны край. Гэта ж, пэўна, пра сваю родную старонку сказаў вядомы беларускі паэт, ураджэнец лепельскай вёскі Дзямешкава Анатоль Вярцінскі:

“Мы жывём, каб вяртацца
час ад часу туды,
дзе мінула юнацтва,
дзе маленства сляды.
Мы жывём, каб вяртацца.
І лепшага шляху няма”.

Сапраўды, мы жывём, каб вяртацца. І ў нашай багатай на гісторыю краіне столькі куточкаў, каб вяртацца дадому ўсім сынам і дочкам, куды б іх лёс ні заносіў.

Алесь Карлюкевіч

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter