Знiчкi Айчыны

Штораз, збіраючыся ў Віцебск, узгадваю свайго знаёмага мастака Пятра Явіча. Ведаю, што ў яго была даўняя мара — пакінуць роднаму гораду напісаныя на працягу многіх дзесяцігоддзяў палотнішчы. Віцебск — сапраўды горад мастакоў і паэтаў…
Штораз, збіраючыся ў Віцебск, узгадваю свайго знаёмага мастака Пятра Явіча. Ведаю, што ў яго была даўняя мара — пакінуць роднаму гораду напісаныя на працягу многіх дзесяцігоддзяў палотнішчы. Віцебск — сапраўды горад мастакоў і паэтаў…

Віцебск. Замкавая вуліцаПётр Максавіч Явіч, чые творы знаходзяцца не толькі ў музеях і галерэях Беларусі, а яшчэ і ў Траццякоўскай галерэі, — вучань, адзін з апошніх вучняў Юдэля Пэна, легендарнага віцебскага жывапісца, які заснаваў у горадзе на Дзвіне адмысловую мастацкую школу. Працавала прыватная школа-майстэрня Пэна ў 1898-1918 гадах. Звычайна мастак набіраў ад 10 да 25 дзетак. У праграму заняткаў уваходзілі маляванне з натуры, маляванне геаметрычных прадметаў, арнаментаў і гіпсавых фігур, работа на пленэры. У 1907 і 1914 гадах адбыліся выставы прац Ю.Пэна і яго вучняў. У школе займаліся Заір Азгур, Марк Шагал, Саламон Юдовін, Якаў Мінін… Вучні майстра, без якога нельга ўявіць гісторыю беларускага мастацтва, разышліся па ўсім свеце. І сярод іх першай зоркай, канешне ж, — вядомы ўсяму свету Марк Шагал. Многія віцебскія адрасы канца дзевятнаццатага — пачатку дваццатага стагоддзяў звязаны з імем гэтай славутасці. А многія работы Шагала — партрэт Віцебска, няхай сабе і са сваімі прыдумкамі, фантазіямі, усё ж такі партрэт горада, які мы адкрываем і на старых паштоўках. Вядомы нам па іх выявах Віцебск — гэта і Віцебск цэлага сузор’я мастакоў, якія авалодвалі азамі майстэрства ў мясцовым мастацкім вучылішчы. У розныя гады яно называлася па-рознаму. Прыкладам, скульптар Заір Азгур паспеў павучыцца і ў Віцебскім мастацка-праектным інстытуце, і ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. А выкладаў тады, у 1920-я, скульптуру ураджэнец Санкт-Пецярбурга Міхаіл Аркадзьевіч Керзін. Пазней ён пакіне Віцебск, вернецца ўжо ў Ленінград. Але беларускі горад надоўга застанецца ў памяці Керзіна. Як і мастак пакіне ў Віцебску нямала сваіх слядоў. Дарэчы, і званне заслужанага дзеяча мастацтваў Керзіну прысвояць у Беларусі.

Віцебск. Духавы аркестр. 1909 г.Віцебск мастацкі — гэта і лёсы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сцэнографаў Монаса Манасзона, Мікалая Міхалапа (гэта ён стварыў у Віцебскім тэхнікуме керамічнае аддзяленне ў 1925 годзе), Аляксандра Мазалёва, Залмана Марынгофа, Міхаіла Навумава, Віктара Лук’янава, Міхаіла Міхайлава, Валерыя Лябедзькі, Уладзіміра Напрэенкі, Наталлі Лісоўскай, Валерыя Магучага, Аляксандра Мядзвецкага, Віктара Міхайлоўскага, Яўгена Нікалаева, Альберта Някрасава, Васіля Несцярэнкі, Мікалая Образава, Аляксандра Падалінскага… Безліч імёнаў! Школа магутнага гарту! Не, нават некалькі школ! Пакаленні і пакаленні творцаў, якія прыйшлі ў вялікае мастацтва, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, прыйшлі ў першай палове ХХ стагоддзя, прыйшлі ў 1950–1980-я гады. Па-рознаму склаўся лёс кожнага з гэтых рупліўцаў на ніве мастацтва. Але кожны, літаральна кожны са згаданых асоб трымаў ў полі зроку, у сваім мастацкім светапогля-дзе Віцебск. Малюючы сваіх “Плытагонаў”, відавочна, думаў пра горад свайго творчага сталення і народны мастак Беларусі Валянцін Волкаў. Ён выкладаў у Віцебску ў 1920-я… У 1925-1930 гадах вучыўся ў мастацкім тэхнікуме яго сын, славуты кніжны графік Анатоль Волкаў. Калі сустракаюся з Сяргеем Анатольевічам Волкавым — сынам і унукам вядомых майстроў, і ў нас часам заходзіць размова пра Віцебск, яго адметнасць у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.

— Нездарма ж і цяпер яшчэ пішуць мастацтвазнаўцы, аглядаючы творчую спадчыну Волкавых, пішуць пра Віцебск, — расказвае заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Анатольевіч Волкаў. — Вось, калі ласка, цытую з артыкула Наталлі Жоглы: “Нямала графічных работ зрабіў і сын Валянціна Віктаравіча, Анатоль Волкаў. Ён супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”, вядомы як цікавы плакатыст, ілюстратар. У экспазіцыі можна пазнаёміцца з яго выдатнымі партрэтамі дзяцей. Малюнкі дакладныя, востра схоплены патрэтныя рысы. Моцная школа малявання — спадчына бацькі і вынік навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, ля вытокаў якога стаяў разам з М. Керзіным і В. Волкаў”.

А я дадаю ў нашу размову і тое, што старажытны горад хвалюе і самога Сяргея Волкава як графіка, кніжнага ілюстратара. Мастак пагаджаецца з такой высновай.

У Віцебску ў другой палове 1920-х гадоў працаваў цікавы графік Зіновій Гарбавец. Выкладаў у мастацкім вучылішчы і педагагічным тэхнікуме. Стварыў цыкл гравюр на дрэве, прысвечаных гораду. Вядомыя архітэктурныя пейзажы Зіновія Гарбаўца “Віцебск” і “Вадакачка ў Віцебску”, партрэт віцебскага мастацтвазнаўца І. Фурмана. У 1927 годзе пабачыла свет і кніга З. Гарбаўца “Гравюры на дрэве”.

Калі ўжо зайшла размова пра 1920-я гады, то згаданы Марк Шагал, які пасля вядомызх кастрычніцкіх падзей знаходзіўся пад уплывам рэвалюцыйных перакананняў, стварыў мастацкую школу “новага рэвалюцыйнага ўзору”. Яна дзейнічала ў 1919-1923 гады. Існаваў некаторы час пры школе і музей сучаснага мастацтва. Фонд налічваў болей як 120 твораў авангардысцкага характару — работы Д. Бурлюка, П.Канчалоўскага, М. Ларыёнава, Н.Альтмана і іншых майстроў “новай генерацыі”. Права на эксперымент, пошукі новага Віцебск адстойваў ва ўсе часы. У 1920-1923 гады дзейнічала арганізацыя “Сцвярджальнікі новага мастацтва”. Пройдуць дзесяцігоддзі — і ў Віцебску 1980-1990-х свае новыя праекты будзе рэалізоўваць арыгінальны мастак Аляксандр Дасужаў.

Развітваючыся з Віцебскам мастацкім, я думаю пра тое, што выдатным праектам узнаўлення гістарычнай памяці мог бы стаць альбом старых паштовак, дзе поруч з выявамі фатаграфічнага кшталту былі б паказаны мастакоўскія ўражанні пра Віцебск пачатку — першай паловы 20 стагоддзя. Чаму б і не?..

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter