Знiчкi Айчыны

Вандроўкі па старажытнай Гародні, нататкі пра ўраджэнцаў горада, якія пакінулі пасля зямнога быцця выразны, сапраўды зоркавы след, могуць быць вельмі доўгімі.
Гродна. Фарны касцёл і рыначная плошча. 1915 г.Вандроўкі па старажытнай Гародні, нататкі пра ўраджэнцаў горада, якія пакінулі пасля зямнога быцця выразны, сапраўды зоркавы след, могуць быць вельмі доўгімі.

Пачнем са знаёмства з Іванам Данілавічам Жангаловічам, які ў Расіі вядомы як адзін з заснавальнікаў касмічнай геадэзіі. Ён нара-дзіўся ў Гродне 20 лютага 1892 года. У 1946-м Івану Данілавічу прысуджана ступень доктара фізіка-матэматычных навук. З 1920 па 1966 гады працаваў у Інстытуце тэарэтычнай астраноміі Акадэміі навук СССР. Удзельнічаў у палярных экспедыцыях. Пакінуў працы па вывучэнні фігуры Зямлі, касмічнай геадэзіі, геафізіцы. Некаторы час займаў пасаду дырэктара астранамічнага інстытута, у 1943–1966 гадах — намесніка дырэктара. Аўтар манаграфіі “Знешняе гравітацыйнае поле Зямлі і фундаментальныя пастаянныя, звязаныя з ім”. У гонар Жангаловіча названа малая планета.

Гародзенцы ва ўсіх сваіх пакаленнях былі ўважлівымі да навукі, асветніцтва. І ў ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя, у часіны, да якіх найболей прывязаны выявы старых беларускіх паштовак, — таксама.

Прыкладам, у 1846 годзе ў Гродне нарадзіўся беларускі і рускі мовазнавец-славіст Ігнат Ігнатавіч Казлоўскі. Сярод найболей яркіх яго работ — кніга “Лёс народнай мовы ў Літве і на Жмудзі”, выдадзеная ў Вільні ў 1870 годзе.

У гісторыю айчыннага жывапісу як мастак-баталіст увайшоў Януар Сухадольскі (нарадзіўся ў 1797 годзе). Першыя ўрокі жывапісу будучы майстар браў у знакамітага польскага мастака А. Брадоўскага. Што цікава: наш зямляк у якасці баталіста ўдзельнічаў у руска-іранскай вайне ў 1826-1828 гадах. Знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча. На заказ военачальніка стварыў цыкл карцін. У 1830–1831 гадах Сухадольскі ўдзельнічаў у паўстанні. Затым вымушана эміграваў, жыў у Рыме. Калі прыйшла амністыя, вярнуўся на ра-дзіму, дзе жыла сям’я. Па запрашэнні імператара Мікалая I паехаў у Пецярбург. Там атрымаў заказ на цыкл карцін пра батальныя сцэны Айчыннай вайны 1812 года. Цяпер частка карцін славутага гарадзенца захоўваецца ў Гомельскім краязнаўчым музеі — якраз тыя работы, што былі створаны на заказ фельдмаршала І.Паскевіча.

Калі будзеце аглядаць на паштоўках Дварцовую плошчу, Губернатарскі дом, то ведайце: гэтыя гістарычныя фрагменты памяці былі вядомыя і мастаку Льву Баксту (сапраўднае прозвішча — Розенберг). Нарадзіўся ён у Гродне ў 1866 годзе. Праўда, яшчэ малым разам з бацькамі пераехаў у Пецярбург. Калі закончыў гімназію, па парадзе скульптара М. Антакольскага, які быў досыць вядомай фігурай у рускім мастацтве ХІХ стагоддзя, паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Праўда, доўга там не правучыўся. Некалькі гадоў працаваў кніжным ілюстратарам. Удзельнічаў у мастацкіх выставах.

Рэдка цяпер згадваецца імя Эміля Абрамавіча Абрамовіча, які нарадзіўся ў Гродне ў ліпені 1862 года. А між тым гэта — яркая асоба ў сацыял-дэмакратычным руху канца ХІХ стагоддзя. У 1884 годзе Эміль Абрамовіч стварыў гурток у Дэрпце, калі вучыўся там ва універсітэце.

Пасля пераязджае ў Вільню і актыўна займаецца рэвалюцыйнай прапагандай. Затым стварае гурток у Кіеве. У 1892 го-дзе быў арыштаваны. Пасля турэмнага зняволення ў Кіеве, Санкт-Пецярбургу Абрамовіча выслалі ў Сібір, дзе ссыльны працаваў урачом. У 1912 годзе надрукаваны артыкул Абрамовіча ў “Правде” пра славуты Лен-
скі расстрэл рабочых. Памёр наш зямляк у Сібіры у 1922 годзе.

У кагорце слаўных ураджэнцаў Гродна і тых, хто спрычыніўся да гісторыі горада, асаблівае месца займаюць рупліўцы на ніве прыгожага пісьменства. Згадаем некаторых з іх. У 1909 годзе нарадзілася празаік, дзіцячы пісьменнік Зінаіда Бандарына. І цяпер, праз паўвека пасля першага выдання, цікавасць у самага шырокага кола чытачоў, прынамсі, у тых, хто не раўнадушны да беларускага слова, выклікае яе аповесць “Ой, рана на Івана…” Ёмка, лаканічна і разам з тым па-майстэрску расказала пісьменніца пра маленства, юнацтва Янкі Купалы.

Васіль Быкаў пражыў у Гродне амаль трыццаць гадоў. Многія свае вядомыя творы народны пісьменнік Беларусі напісаў менавіта тут. А Данута Бічэль-Загнетава, Міхась Васілёк, Юрка Голуб, Марыя Шаўчонак, Аляксей Пяткевіч, Вольга Іпатава, Аляксей Карпюк… У кожнага з іх — свая сувязь з Гродна. Не часта ў кантэксце гісторыі беларускай літаратуры згадваецца імя паэта Міхася Карпенкі. Яно і зразумела: жыў у асноўным у Туркменіі, пісаў вершы на рускай мове, выдаваўся ў Ашхабадзе і Нукусе. За журналісцкую руплівасць адзначаны званнем заслужанага работніка культуры Туркменскай ССР. А вытокі, пачаткі яго літаратурнай работы — у Гродне. Першая паэтычная публікацыя — у “Гродзенскай праўдзе”. Першыя ўрокі літаратурнага майстэрства браў у Міхася Васілька. І пісаць пачынаў на беларускай мове, калі яшчэ вучыўся ў Гродзен-скім культурна-асветніцкім вучылішчы.

Не чужы для Гродна чалавек і паэтэса Аўгіння Кавалюк, якая сваё жыццё звязала з Расіяй: доўгі час жыла ў Санкт-Пецярбургу. А вучоны-кнігазнаўца Мікола Нікалаеў (ураджэнец Наваградчыны) часта наведваецца з Санкт-Пецярбурга ў Гродна, нават чытае лекцыі студэнтам мясцовага універсітэта. Жаданне вяртання, жаданне жыць адным лёсам з Айчынай, роднай старонкай. І гэта ўпрыгожвае нашых землякоў. А цікавыя людзі, у сваю чаргу, упрыгожваюць сам горад.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter