В Беларуси разработали тест-систему, которая выявляет у пациентов Лайм-боррелиоз

Знайсці любой цаной

Разважаючы пра традыцыйныя зімовыя «небяспекі», мы хутчэй успомнім пра галалёдныя траўмы, будзем асцерагацца ледзяшоў, якія звісаюць з дахаў, і цюбінгаў, якія ляцяць з гары. Наўрад ці камусьці прыйдзе на розум папоўніць гэты спіс кляшчамі — яны, па ідэі, павінны мірна адсыпацца ў кары і лісці, чакаючы надыходу вясны. Разам з тым, змяненне клімату ўплывае ў тым ліку і на паводзіны жывёл. У прыватнасці, 11 і 12 студзеня брасчане назіралі зграі белалобых гусей, якія праляталі над горадам. У Віцебску ў сярэдзіне студзеня на клумбах расквітнела прымула, а пад Навагрудкам некаторыя жыхары знаходзяць у лесе лісічкі. Вяртаючыся да кляшчоў, адзначым: толькі ў снежні ў Брэсцкай вобласці зафіксавана 5 выпадкаў укусаў гэтых крывасмокаў, а ў Гродзенскай — два выпадкі. Нічога дзіўнага ў гэтым не бачаць навуковыя супрацоўнікі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, яны адзначаюць: кляшчам больш не трэба хавацца ад холаду — яны могуць атакаваць сваіх ахвяр амаль круглы год. І ўсё бы нічога, калі б гэтыя паразіты не заражалі людзей небяспечнымі вірусамі і бактэрыямі, якія ў асобных выпадках прыводзяць да інваліднасці і нават смерці. Але спосаб іх выявіць, а значыць, спыніць развіццё хваробы, ёсць. Які — даведалася карэспандэнт «Р».


Ідэальныя ўмовы для жыцця

Ліхаманкі Эбола, Ласа і Марбург, воспа, рэдкія віды грыпу — вялікая калекцыя гэтых і іншых патагенных мікраарганізмаў захоўваецца ў лабараторыі біябяспекі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. З імі праводзяць тэсты і вывучаюць, ці не з’явіліся новыя небяспечныя вірусы на тэрыторыі нашай краіны.

— На шчасце, экзатычныя хваробы нас пакуль не атакавалі, але ў той жа час мы з кожным годам адзначаем павелічэнне колькасці інфіцыравання людзей паразітамі, якіх пераносяць кляшчы, — дзеліцца назіраннямі Анатоль Красько, загадчык лабараторыі біябяспекі. — У нас лясістая тэрыторыя, на якой пражывае шмат маленькіх пазваночных жывёл — гэта выдатны харч для кляшчоў. А яны, дарэчы, з’яўляюцца пераносчыкамі прыкладна 20 мікраарганізмаў, палова з якіх небяспечная для чалавека. Яшчэ пару гадоў таму людзі ведалі: сцерагчыся небяспечных насякомых трэба з мая па верасень і ў гэты час хадзіць у лес «пры поўным парадзе». Але змена клімату ўсё перавярнула: для кляшчоў нашы ўмовы надвор’я вельмі спрыяльныя, таму іх шмат і яны актыўныя працяглы перыяд — не спяць практычна круглы год.

У Беларусі распаўсюджаны дзве самыя актуальныя клешчавыя інфекцыі — энцэфаліт і хвароба Лайма. Калі ад першай пакутуе прыкладна 130—150 чалавек у год, то ад другой — больш за 2000.

Да апошняга была ўпэўнена, што браць кроў будуць з пальца, аднак калі медсястра дастала жгут — занервавалася.

— Лайм-барэліёз характарызуецца першасным паражэннем і аддаленымі наступствамі. Гэта значыць, адразу пасля прысмоктвання кляшча ў чалавека ўтвараецца эрытэма (запаленчы ачаг), падымаецца тэмпература, з’яўляецца недамаганне. Калі ў гэты перыяд мікроб не спыніць, ён трапляе ва ўнутраныя органы і парушае іх працу.

Кожны год, кажа Анатоль Красько, на аналіз у лабараторыю прывозяць каля 500—700 кляшчоў.

— Тэндэнцый да зніжэння інфіцыраванасці ў нас няма, наадварот, мы ўвесь час адзначаем хоць і не вельмі імклівы, але рост. Сёння ўжо можна дакладна сказаць: у краіне няма свабодных, чыстых ад заражаных кляшчоў зон — вірус сустракаецца па ўсёй тэрыторыі.

Цёмнае поле — няма праблем

Улічваючы маштаб праблемы, сёння ў лабараторыі распрацоўваюць дыягнастычныя тэсты, якія дадуць магчымасць з высокай эфектыўнасцю і пры адносна невялікіх выдатках вызначаць актуальныя патагены (мікраарганізмы, здольныя выклікаць хваробу. — Рэд.).


— Адной з апошніх мы стварылі тэст-сістэму на Лайм-барэліёз, — Анатоль Генадзьевіч дастае з халадзільніка скрынку з растворамі і прадметным шклом для аптычнай мікраскапіі. Дарэчы, захоўваюцца яны пры —20°C, таму што змяшчаюць кампаненты, якія хутка псуюцца пры больш высокай тэмпературы. — Такі набор каштуе каля 150 рублёў, яго хопіць на 200 даследаванняў. Вядома, у аптэках ён прадавацца не будзе, бо разлічаны на выкарыстанне ў лабараторных умовах. Таму ім могуць карыстацца спецыялісты інфекцыйных бальніц і цэнтраў гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Кляшчы мяне кусалі (ці, як правільна казаць, прысмоктваліся) толькі ў дзяцінстве, але праверка на наяўнасць небяспечнага віруса ў арганізме лішняй не будзе. Таму адпраўляюся на першы паверх РНПЦ — у кабінет, дзе можна здаць кроў. Да апошняга была ўпэўнена, што браць яе будуць з пальца, аднак калі медсястра дастала жгут — занервавалася. Добра, вену доўга шукаць не давялося — ужо праз хвіліну кроў запоўніла прабірку, а мне невялікае галавакружэнне не перашкодзіла зноў накіравацца ў лабараторыю.

— Зараз мы выдзелім сываратку крыві, з якой і будзем далей працаваць, — загружае пробы ў спецыяльную цэнтрыфугу Яніна Малачкова, малодшы навуковы супрацоўнік. Назад вяртаецца «пластавая» прабірка — знізу засталася чырвоная вадкасць, а над асадкам — сываратка жаўтаватага колеру.

Яніна МАЛАЧКОВА, малодшы навуковы супрацоўнік, праводзіць вопыт.
 
Далей — складаныя маніпуляцыі: спецыяліст наносіць на прадметнае шкло сываратку і патрэбныя растворы, трымае ўсё гэта паўгадзіны ў тэрмастаце, затым прамывае ў буферы, наносіць кан’югат... Нарэшце вынік можна ўбачыць пад мікраскопам. Дарэчы, калі антыцелы ёсць — шкло моцна свеціцца зялёным колерам. Але мне пашанцавала: бачу густое цёмнае поле, што значыць толькі адно: хваробы Лайма ў мяне ніколі не было.

На змену метаду «тыку»

Анатоль Красько распавядае, што хвароба Лайма асабліва непрыемная сваім адтэрмінаваным дзеяннем. Звычайна яна ўдарае па трох кропках: па суставах з наступным развіццём артрытаў і артрозаў, па сэрцы, што прыводзіць да кардыяміяпатыі, і па цэнтральнай нервовай сістэме з парушэннем рухомасці канечнасцей. Але самае сумнае, што ўсе гэтыя наступствы могуць даць аб сабе ведаць калі заўгодна — і праз год, і нават праз 5 гадоў.

— Дапусцім, пацыент звяртаецца да ўрача са скаргамі на тое, што рукі «перасталі слухацца» — папросту не згінаюцца. Медык павінен зразумець, чаму так адбываецца: гэта арганічная або запаленчая з’ява, а можа, хранічны працэс? Каб выключыць хваробу Лайма, урач пытаецца ў чалавека: «Ці быў у вас калі-небудзь кантакт з кляшчом?» Адказы, як правіла, не надта інфарматыўныя — чалавек можа і не ведаць, што да яго прысмоктваўся клешч. Ну а далей урач можа выказаць здагадку, што цяперашняя хвароба — гэта, магчыма, барэліёзная з’ява. Вось толькі пацвярджэння гэтаму ён знайсці не мог, пакуль не з’явіўся наш тэст, — тлумачыць загадчык лабараторыі.


Дарэчы, распрацавалі ў РНПЦ і яшчэ адну тэст-сістэму — яна дапамагае выявіць наяўнасць імунаглабуліну М метадам імунаблота. Яна дакладна паказвае, ці заражаны чалавек узбуджальнікам хваробы Лайма ў дадзены момант.

— Здавалася б, адкуль вірус? Быццам бы зіма, у лес мала хто ходзіць. Але праблема ў тым, што бактэрыя можа доўга знаходзіцца ў сярэдзіне клеткі і «праявіць» сябе толькі пры аслабленні імунітэту. Як толькі чалавек захварэў, патаген «выходзіць» у навакольнае асяроддзе і б’е па органах. Дрэнны ён яшчэ і тым, што хаваецца ў недаступных для антыбіётыка месцах — у суставах. Таму курс тэрапіі пры Лайм-барэліёзе адзін з самых доўгіх, складае ад 24 да 28 дзён.

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter