«Знайсці словы пра трывогі і радасці вёскі»

КРЫНІЦА натхнення ў паэтаў з глыбінкі не перасыхае. Яны з замілаваннем пішуць пра вёску. Аб гэтым сведчаць лісты з вершамі, якія прыходзяць у «Белорусскую ниву». А вось вясковая проза, якая звязана са зваротам да традыцыйных каштоўнасцей у паказе сучаснага вясковага жыцця, ці не засталася ў мінулым? Можа, яна — феномен дваццатага стагоддзя? Таго часу, калі пісалі Іван Мележ, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін і іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі? Ці ёсць сёння пакаленне празаікаў, якое надае ўвагу вясковаму жыццю? Маюць яны нейкі новы погляд на вёску, якая за апошнія гады моцна змянілася? Рэаліі там зусім іншыя, не такія, як нават гадоў дваццаць таму… Ці знойдуцца творы вясковых празаікаў на паліцах бібліятэк? А можа, такая літаратура вычарпала свой рэсурс разам з паступовым перасяленнем моладзі ў гарады? Ці прыйдзе заўтра вясковай прозы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы вырашылі атрымаць у Алеся КАРЛЮКЕВІЧА, старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда».

Калі прыйдзе час беларускім пісьменнікам вяртаць доўг сучаснікам з правінцыі?

КРЫНІЦА натхнення ў паэтаў з глыбінкі не перасыхае. Яны з замілаваннем пішуць пра вёску. Аб гэтым сведчаць лісты з вершамі, якія прыходзяць у «Белорусскую ниву». А вось вясковая проза, якая звязана са зваротам да традыцыйных каштоўнасцей у паказе сучаснага вясковага жыцця, ці не засталася ў мінулым? Можа, яна — феномен дваццатага стагоддзя? Таго часу, калі пісалі Іван Мележ, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін і іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі? Ці ёсць сёння пакаленне празаікаў, якое надае ўвагу вясковаму жыццю? Маюць яны нейкі новы погляд на вёску, якая за апошнія гады моцна змянілася? Рэаліі там зусім іншыя, не такія, як нават гадоў дваццаць таму… Ці знойдуцца творы вясковых празаікаў на паліцах бібліятэк? А можа, такая літаратура вычарпала свой рэсурс разам з паступовым перасяленнем моладзі ў гарады? Ці прыйдзе заўтра вясковай прозы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы вырашылі атрымаць у Алеся КАРЛЮКЕВІЧА, старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда».

— Алесь Мікалаевіч, ці існуе сёння вясковая проза? Ёсць такая думка, што, магчыма, яна выпала з актуальнай літаратуры…

— Гледзячы што мець на ўвазе, калі гаварыць пра вясковую прозу. Гэта проза пісьменнікаў, якія пішуць мастацкія ўспаміны са свайго жыцця, пішуць вобразы тых пакаленняў, якія былі ім знаёмыя ў дзяцінстве, у маленстве? Альбо гэта тая проза, якая адлюстроўвае сучасныя пераўтварэнні ў вясковым жыцці? З усімі іх клопатамі, з усімі іх надзённымі праблемамі. Калі казаць пра вясковую прозу як адлюстраванне тых падзей, што адбываюцца сёння ў вёсцы, то мне здаецца, што пісьменнікі ў вялікім даўгу перад сучаснікамі.

Калі гаварыць пра адбітак свайго ўласнага ўспрымання, то, магчыма, і ёсць шмат твораў, якія распавядаюць пра вясковае жыццё. Я назваў бы дастаткова ўражлівую аповесць Андрэя Федарэнкі «Дзікі луг», якая параўнальна нядаўна была надрукавана ў часопісе «Маладосць».

Андрэй Федарэнка, які нарадзіўся ў  1964 годзе, з Мазырскага раёна. І, канешне, гэта чалавек, на вачах якога адбываліся многія пераўтварэнні. Хаця, безумоўна, з маладых гадоў, са студэнцтва ён жыве ў горадзе. І, магчыма, нешта ўяўляе не зусім так, як гэта бачаць тыя, хто пражыў апошнія дзесяцігоддзі на вёсцы. Але ў гэтым, у многім настальгічным, творы мне бачыцца жаданне чалавека вылучаць галоўныя парадыгмы жыцця: маральныя, духоўныя складальнікі, нормы паводзін чалавека. У якой бы яны прасторы ні адбываліся — у вясковай ці гарадской… Таму раю ўсім прачытаць гэтую аповесць.

— Ці ёсць нейкія значныя імёны, літаратары, якія пішуць вясковую прозу? Магчыма, у Мінскай вобласці можаце назваць кагосьці?

— Я з цікавасцю заўсёды чытаю тое, што з’яўляецца з-пад пяра Уладзіміра Сцяпана, Алены Брава, Анатоля Крэйдзіча… І самых розных аўтараў, якія выйшлі з вёскі. Так, Анатоль Крэйдзіч жыве ў Іванава, рэдагуе раённую газету. Алена Брава — з Барысава. Працуе там таксама ў раённай газеце. Уладзімір Сцяпан — уласны карэспандэнт газеты «СБ. Беларусь сегодня». Мне здаецца, што гэта аўтары, якія праз прызму свайго светабачання разглядаюць жыццё ў самых розных праявах у мястэчках, невялікіх райцэнтрах. Дарэчы, у Анатоля Крэйдзіча вельмі моцны мастацка-публіцыстычны запал. Ён піша пра сучаснікаў, у яго шмат дакументальных твораў. І адна з апошніх кніг Анатоля Крэйдзіча, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», — гэта якраз адлюстраванне яго сучаснага светабачання. Мне вельмі спадабалася яго аповесць, прысвечаная мастаку Янку Рамановічу, які звязаў свой лёс з вясковым жыццём. Сёння ён жыве і працуе ў Моталі. Знайшоў там вучняў, вобразы, сімвалы, ён малюе тых людзей, якія сваёй цяжкай працай здабывалі дасягненні для ўсёй нашай краіны. І вось у гэтай аповесці пра Янку Рамановіча Анатоль Крэйдзіч распавёў не толькі пра мастацкі свет, не толькі пра чалавека, які захоплены выяўленчым мастацтвам, жывапісам. Ён увогуле апісаў Берасцейшчыну, Моталь, Іванаўскі край. Знайшоў свае словы, якія адлюстроўваюць усе тыя трывогі, усе тыя радасці, якія ўласцівыя людзям вёскі.

— Якія вясковыя тэмы і праблемы ўздымаюць аўтары? Хто іх героі?

— З той літаратуры, што трапляе мне на вочы, з тых кніг, якія я чытаю, калі гаварыць пра партрэт сучасніка, то сярод герояў беларускіх празаікаў — самыя розныя людзі. Гэта тыя, хто працуе ў школе, у полі, у жывёлагадоўлі. Гэта людзі, якія адчуваюць рэальнае, практычнае жыццё. І прыўносяць нешта новае ў каларыт гэтага жыцця.

Мне здаецца, што пісьменнікі ўвогуле жывуць аднымі клопатамі з грамадствам. Пра гэта гаворыць і руплівая актыўнасць многіх і многіх аўтараў, якія, дарэчы, працуюць не толькі ў галіне прозы, але і ў публіцыстыцы, паэзіі. Шмат піша пра сённяшнюю вёску, кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу публіцыст Васіль Шырко. У свой час — аўтар і штатны супрацоўнік «Белорусской нивы». На старонках часопіса «Полымя» часта друкуюцца нарысы пра найбольш уражлівыя поспехі хлебаробаў. І аўтарам гэтых нарысаў з’яўляецца лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч.

А хто герой сённяшняга часу на вёсцы? Той чалавек, які стварае матэрыяльныя каштоўнасці. Пра яго можна пісаць многа і цікава. Так пра вяскоўцаў пішуць журналісты. Я думаю, пісьменнікам трэба быць больш уважлівымі да працы газетчыкаў, разумець, што тыя, хто працуе ў перыядычных выданнях, бачаць самыя цікавыя моманты ў жыцці, бачаць персанажы, асобы. Хацелася б, каб пісьменнікі больш прычыніліся да гэтага.

— Дзе можна знайсці вясковую літаратуру шырокаму колу чытачоў? Ці ёсць магчымасць купіць такія кнігі?

— Калі хтосьці хоча бачыць самую сучасную літаратуру, то варта лепш за ўсё звяртацца да літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Да часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман». У апошнія гады ўражліва развіваецца часопіс «Маладосць». Гэта фактычна адлюстраванне маладой літаратуры. Рэдакцыя часопіса і яго аддзелы прозы, паэзіі, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі знаходзяць вельмі цікавых аўтараў, якія працуюць у правінцыі, якія жывуць на вёсцы, у невялічкіх гарадках. Сярод іх я назваў бы і ўдзельнікаў конкурсу апавяданняў, які ўжо вельмі шмат гадоў праходзіць на старонках газеты «Звязда». У яго рамках друкаваліся якраз многія аўтары з вёсак, невялікіх райцэнтраў, паселішчаў. Назваў бы аўтарку вельмі шчымлівага лірычнага абразка — Марыну Яўсейчык. Актыўны ўдзельнік гэтага конкурсу і чалавек вельмі ўважлівы да сучаснасці, вельмі цікавы апавядальнік — Віктар Супрунчук. Дарэчы, у былым журналіст «Сельской газеты».

Мне здаецца, што шмат цікавых твораў з’яўляецца на старонках часопіса «Нёман». Гэта не толькі выключна вясковая проза, гэта ўвогуле літаратура пра сённяшняе жыццё…

— А што вы скажаце наконт Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім кіруеце?

— Там працуе цэлы шэраг празаікаў. Гэта Анатоль Смалянка і Алег Буркін, Генадзь Аўласенка і Зіновій Прыгодзіч, Наталля Голубева і згаданая ўжо Алена Брава і іншыя. Усяго ў складзе Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі больш за 80 літаратараў. Ёсць і празаікі, і публіцысты, і драматургі, і кінасцэнарысты, і паэты, і літаратурныя крытыкі.

— Адкажыце, ці ёсць сёння ў аўтараў праблема надрукавацца? Усё-такі не кожны можа трапіць на старонкі часопіса. Не кожнаму, мабыць, пашчасціць у выдавецтве. Ці, магчыма, сёння трэба больш актыўна праз Інтэрнэт прасоўваць сваю літаратурную творчасць?

— З таленавітым, цікавым творам заўсёды надрукуешся. Таму што ў нашай краіне сотні ліцэнзіянтаў, якія маюць магчымасці для выдання мастацкай літаратуры асобнымі кнігамі. Можна друкавацца не толькі ў тых названых часопісах, якія выходзяць у рамках дзейнасці Выдавецкага дома «Звязда», але існуе яшчэ цэлы шэраг іншых літаратурна-мастацкіх выданняў. У тым ліку часопіс Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая Вежа». Таксама ёсць цэлы шэраг выдавецтваў. У першую чаргу — «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»…

— Алесь Мікалаевіч, апошняе пытанне. Як вы лічыце, ці ёсць заўтра ў вясковай прозы?

— Калі ўвогуле ёсць будучыня ў вёскі, то, відаць, ёсць будучыня і ў літаратуры, якая будзе распавядаць пра вёску.

— Дзякуй за сустрэчу і цікавую размову!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter