ЗНАЙСЦІ ЧАЛАВЕКА

Вельмі плённым для творчага калектыву сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” быў мінулы тыдзень. Шмат хто атрымаў звесткі пра сваіх родных, блізкіх, знаёмых, з якімі даўно была страчана сувязь. Мы з калегамі шчыра дзякуем за дапамогу ў пошуку нашаму добраахвотнаму памочніку Васілю Раманюку, супрацоўнікам адраснага бюро ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, а таксама тэлефаністцы рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Галіне Казлоўскай. І спадзяёмся, што і надалей нашы сумесныя пошукі будуць плённымі, будзе больш добрых навін і сустрэч.

 Жыхарка Гомеля Ніна Андрэеўна Камкова-Гугалева шукала аднакурснікаў з Полацкага ляснога тэхнікума, які закончыла ў 1964 годзе. Пасля гэтага з імі больш не сустракалася. Спачатку перапісваліся, а потым сувязь увогуле абарвалася. Яна хацела даведацца пра Зінаіду Георгіеўну Саскавец, Уладзіміра Яўгенавіча Белаша, Ганну Васільеўну Марозаву. Знайшлася Зінаіда Георгіеўна Саскавец.

— Я памятаю, як мы жылі ў адным пакоі, — расказвае Зінаіда Георгіеўна. — Разглядаю фотаздымкі, якія захавала, і ўспамінаю. Мы вучыліся разам два гады, потым я перавялася на завочнае, а затым паступіла ў педвучылішча. Хачу перадаць прывітанне яшчэ ад адной нашай сяброўкі Надзі Драгуновай, з якой таксама жылі разам, хоць вучыліся ў розных групах. Мы з Надзяй па сваіх каналах шукалі Ніну. А знайшла яна нас першая, з дапамогай праекта “Помні імя сваё”. Дарагая Ніна! Запрашаю цябе ў госці разам з мужам Уладзімірам. Буду вельмі рада ўбачыцца.
Але гэта яшчэ не ўсё. Калегі з радыё адшукалі Уладзіміра Яўгенавіча Белаша. Ён таксама ўзрадаваўся. Яго адрас і нумар тэлефона аднакурсніца атрымае па пошце.


 Валянціна Аляксееўна Круталевіч (дзявочае прозвішча Юрчук) з Пінска шукала сяброў, разам з якімі вучылася ў ГПТВ №24 імя Мікалая Кедышкі ў Мінску. Гэта было ў 1967—1969 незабыўных гадах. Яна шукала сяброўку Людмілу Лявонцьеўну Масакаву, а таксама Яўгена Макаева. Пошукі Яўгена Макаева пакуль працягваюцца. А вось Людміла Лявонцьеўна Масакава знайшлася. У яе пошуках дапамагла мінчанка Марыя Якаўлеўна Рума. Яна пакінула свае нумары тэлефонаў, якія будуць высланы пісьмом.

* Прыемную вестку атрымаў мінчанін Міхаіл Аўрамавіч Банькоў, які шукаў былых выхаванцаў Пустынскага дзіцячага дома Мсціслаўскага раёна Аркадзя Лабкоўскага, Віктара Рагоўскага і піянерважатую Ніну Куканкову.
Ад былой піянерважатай Пустынскага дзіцячага дома Ніны Куканковай прыйшла тэлеграма з яе хатнім адрасам і нумарам тэлефона. Жаданыя каардынаты хутка прыйдуць па пошце. Пошукі А.Лабкоўскага і В.Рагоўскага працягваюцца.

*Наталля Міхайлаўна Кудзёлка з горада Салігорска шукала сваіх сяброў: Мікалая Лешчанку са Слуцкага раёна і Галіну Варабей, з якой вучылася разам у Слуцкім медыцынскім вучылішчы, апошні раз яны бачыліся ў 1977 годзе.
Хатні адрас і нумар тэлефона Галіны Варабей высланы пісьмом. Спадзяёмся, што хутка адбудзецца сустрэча, пра якую вы так даўно марыце.
l Ніна Іванаўна Калодзіч з Іванава шукала сяброў маладосці, разам з якімі вучылася і ў 1953 годзе скончыла педагагічнае вучылішча ў горадзе Ганцавічы. Яна хацела даведацца, як склаўся лёс сябровак і сяброў: Лізаветы Ануфрыеўны Равінскай, Інэсы Яўстратаўны і Аліны Яўстратаўны Трухан, Ларысы Станкевіч, Аліны Берштэйн, Пятра Мелехаўца, Васіля Гаўрыкава.
Пакуль ёсць звесткі толькі пра Васіля Фёдаравіча Гаўрыкава. Як паведамілі яго родныя, пасля вучылішча ён на сваёй малой радзіме працаваў настаўнікам пачатковых класаў, быў дэпутатам мясцовых Саветаў, 12 гадоў старшынёй сельсавета. За гэты час скончыў гістарычны факультэт універсітэта (праўда, якога, родныя дакладна не памятаюць). Працаваў дырэктарам сярэдняй школы, потым быў прызначаны на пасаду загадчыка Касцюковіцкага раённага аддзела адукацыі (працаваў 5 гадоў), затым па стане здароўя зноў вярнуўся на працу ў школу. На жаль, у сакавіку 1985 года Васіль Фёдаравіч Гаўрыкаў пакінуў гэты свет. Падрабязную інфармацыю пра лёс сябра маладосці можа паведаміць яго жонка.

*Леанід Антонавіч Агеенка з Мінска прасіў дапамагчы адшукаць свайго земляка і сябра Анатоля (Антона) Валковіча. У 1959 годзе яны разам працавалі на шахце нумар 5 біс “Працоўная” ў г.Сталіна (цяпер Данецк). Адгукнулася сястра сябра Вера Іосіфаўна Пашэль. “Шчыра дзякую сябру юнацтва майго брата за памяць. Вельмі шкада, але 19 кастрычніка 1989 года ён пакінуў гэты свет. Жыў у Елгаве (Латвія), там і пахаваны”,— паведаміла Вера Іосіфаўна.

* Ала Уладзіміраўна Малішэўская з Лідскага раёна шукала бацьку Уладзіміра Васільевіча Ільюшонка, з якім не бачылася больш як 30 гадоў. Так сталася, што яе маці з бацькам рассталіся, калі дачцэ было крыху больш за гадок. Калі споўнілася 16 гадоў, яна сустрэлася з бацькам. Ён жыў у Мінску, працаваў на заводзе медыцынскіх прэпаратаў. Так з таго часу яны больш і не бачыліся.
Як паведаміла жонка Уладзіміра Васільевіча Ільюшонка, ён пакінуў гэты свет. Калі ўзнікне патрэба больш даведацца пра яго жыццё, нумар тэлефона яго жонкі будзе высланы пісьмом.

* Валянціна Сямёнаўна Новік з Брагінскага раёна вельмі хацела адшукаць сястру Алену Пятроўну Кісялёву, якая паехала ў горад Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад). Ужо трынаццаць гадоў, як сястра нічога не ведае пра Алену і яе сына Аляксандра Валер’евіча Кісялёва.
З Ніжняга Ноўгарада паведамілі дакладны адрас месца жыхарства сястры і пляменніка Валянціны Сямёнаўны.

* Генадзь Віктаравіч Арцыменя з Баранавіч у 1951—1954 гадах праходзіў тэрміновую службу ў Расіі, у горадзе Шчарбакоў (цяпер Рыбінск) Яраслаўскай вобласці. Ён хацеў знайсці таварыша па службе Уладзіміра Іосіфавіча Лазуту, сустрэцца з ім.
Пасля тэрміновай службы Уладзімір Іосіфавіч Лазута вучыўся ў інстытуце, потым працаваў на розных пасадах, ужо 16 гадоў на заслужаным адпачынку. А больш падрабязней пра свой лёс ён раскажа сам, калі сябар напіша або патэлефануе яму ў горад Сянно. Яго дакладны адрас і нумар хатняга тэлефона высланы пісьмом.

* Таццяна Пятроўна (жанчына не ўказала сваё прозвішча) з Мінска хацела даведацца пра ваенны лёс свайго дзядзькі Рыгора Антонавіча Чычко.  Да калег на радыё патэлефанаваў сын Рыгора Антонавіча Чычко і пакінуў свае нумары тэлефонаў, якія высланы пісьмом.

* У рэдакцыю “Народнай газеты” звярнуўся жыхар горада Об Новасібірскай вобласці Сяргей Цівуноў. Ён шукаў аднапалчаніна Сяргея Крыцкага, з якім разам служыў у Афганістане. Высветлілася, што С.Крыцкі жыве ў Лепелі. Па просьбе расіяніна мы знайшлі ў Бешанковіцкім раёне і Аляксандра Камовіча, таксама воіна-афганца. “Я ўжо адшукаў чатырох хлопцаў з нашай роты, дваіх з вашай дапамогай у Беларусі, дзякуй. Шкада, што са здароўем у Сашы Камовіча не ўсё ў парадку ды яшчэ і тэлефона няма. Патэлефанавалі б, падтрымалі б хоць словам, — паспачуваў сябру Сяргей Цівуноў. — Мы ж разам у Афгане дзялілі і гора, і радасць, шмат чаго разам перажылі. Дадому разам праз Ашхабад разляталіся ў канцы красавіка 1985 года. У яго тады ў аэрапорце ўкралі дыпламат з рэчамі і грашыма. Памятаю, мы з таварышамі дапамаглі яму білет на самалёт купіць”. Падзяку і прапанову аб далейшым супрацоўніцтве мы атрымалі не толькі з Расіі, але і з Малдовы ад Сяргея Зглавача. Усе разам яны служылі ў 7-й роце. Аб дружбе, службе і пошуках баявых сяброў яны абяцалі напісаць нам і ўжо прыслалі фотаздымкі.

* У дадатак наш добраахвотны памочнік са Жлобіна Васіль Мікалаевіч Раманюк перадаў шмат інфармацыі па пошуку прапаўшых без вестак. Мы апрацуем яе і паведамім родным і блізкім, якія шукалі звесткі. Васіль Мікалаевіч знайшоў у Херсоне (Украіна) адрас Аркадзя Іванавіча Баглая, якога шукаў сын Андрэй Аркадзьевіч Міхеенка з Жодзіна. Адрас высланы сыну пісьмом.

Хачу дапамагчы

“Пачула, што Валерый Міхайлавіч Альшэўскі шукае сваіх родных. У вёсцы Навасёлкі Кобрынскага раёна жыве шмат людзей з такім прозвішчам. Высылаю вам нумары іх тэлефонаў, якія я выпісала з тэлефоннага даведніка”.
Выказваем шчырую падзяку нашай добраахвотнай памочніцы (на жаль, прозвішча яе пазначана неразборліва) за шчырае жаданне дапамагчы нашай справе. Мы будзем рады, калі гэта дапаможа знайсці родных Валерыя Міхайлавіча Альшэўскага.

Хто я?

“Піша вам Іван Уладзіміравіч Барадзенка з Мінска. У пачатку трыццатых гадоў маці прывезла мяне ў Оршу і там пакінула. Хтосьці мяне знайшоў і аднёс у міліцыю. Адтуль адвезлі ў дзіцячы прыёмнік. Потым забралі ў дашкольны дзіцячы дом, што быў у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пасля гэтага перавялі ў школьны дзіцячы дом у Бялыніцкім раёне. У час вайны ён не быў эвакуіраваны, і мы, выхаванцы гэтага дома, разышліся хто куды, па вёсках. У мяне былі брат і сястра, але як іх звалі, не ведаю. Імя нашай маці Дуня. Жыла сям’я непадалёку ад Оршы. Іван Уладзіміравіч Барадзенка — гэта я па дакументах. Сапраўднае маё прозвішча, якое я добра памятаю, — Ляхоўскі”.
Можа, хто пачуе ці прачытае гэты допіс і здагадаецца, пра каго гаворка. Паведаміце на праект “Помні імя сваё”.

Спыніцца, азірнуцца

“На фотаздымку побач са мной аднакласнік Віктар Уладзіміравіч ЧАПАСАЎ, 1946 года нараджэння, з якім у 1953 годзе мы разам пайшлі ў першы клас. Ён, як і я, жыў у сяле Піцерка Саратаўскай вобласці. Затым іх сям’я пераехала ў горад Новаузенск гэтай мясцовасці. Віктара больш я не сустракала, але вельмі хачу даведацца, як склаўся яго лёс.
Яшчэ хачу знайсці родных па лініі бацькі Івана Пятровіча Чыжанькова, 1918 года нараджэння, з сяла Піцерка Саратаўскай вобласці. У яго былі браты Пётр Пятровіч і Ягор Пятровіч ЧЫЖАНЬКОВЫ. Яны, напэўна, ужо вельмі сталыя, але ж у іх, мабыць, ёсць дзеці, унукі. Няхай яны адгукнуцца. Валянціна Іванаўна Чыжанькова”.

Прапалі без вестак

“Мой бацька Пётр Кандратавіч БАРЫСЕВІЧ, 1905 года нараджэння, жыў у вёсцы Ліпнікі Пухавіцкага раёна. На вайну быў прызваны ў 1944 годзе, падчас вызвалення Беларусі. У хуткім часе прыйшло паведамленне, што ён загінуў і пахаваны ў Варшаўскім ваяводстве, назва вёскі, здаецца, Шчэраваль. Куды я ні звяртаўся, каб знайсці магілу, усё безвынікова. Хачу хоць фотаздымак яе атрымаць. А яшчэ хачу даведацца пра ваенны лёс брата Міхаіла Пятровіча БАРЫСЕВІЧА, 1925 года нараджэння, які на фронт пайшоў разам з бацькам, і праз месяц прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Разам з братам за Радзіму змагаліся яго сябры з адной вёскі Мікола Мікалаевіч Мікееў і Міхаіл Аляксандравіч Чэшка. Усе трое прапалі без вестак. Іосіф Пятровіч Барысевіч, Жодзіна”.
“Шукаю звесткі пра ваенны лёс бацькі Нікана Аляксеевіча КАВАЛЁВА, 1909 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Юркова Горацкага раёна. У 1941 годзе бацька служыў у Гродне, быў камандзірам батарэі 132-га стралковага палка 27-й стралковай дывізіі. У першы дзень вайны знаходзіўся ў летніх лагерах непадалёку ад мястэчка Сухаволя (зараз Беластоцкае ваяводства Рэспублікі Польшча). Прапаў без вестак у 1941 годзе. Так адказвалі на ўсе нашы запыты. Але аднойчы да нас дайшла навіна, што сваякі з Кіраўскай вобласці ў вайну атрымалі ліст ад майго бацькі са Сталінградскага фронту, у якім ён цікавіўся, ці ведаюць яны што-небудзь пра нашу сям’ю, якая жыла на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Пісьмо гэта, на жаль, не захавалася, таму і вайсковую часць назваць не можам. Гэта, напэўна, дапамагло б у пошуку. Здарылася так, што ўсе, з кім бацька разам служыў у войску, дамоў не вярнуліся: загінулі альбо прапалі без вестак. Зінаіда Ніканаўна Арцюховіч, Гродна”.
Зінаіда Ніканаўна Арцюховіч звярнулася таксама ад імя сваёй суседкі Зінаіды Аляксееўны Чылік. “Маёй суседцы 80 гадоў, і яна дагэтуль плача і памінае ў царкве свайго брата, які ў час вайны прапаў без вестак. Звалі яго Іван Аляксеевіч САХАРЭВІЧ, 1919 года нараджэння, з вёскі Баранава Гродзенскага раёна. У 1940 годзе яго прызвалі ў войска, служыў у горадзе Нікалаеве, быў вадзіцелем танка. Зямляк, які вярнуўся з фронту, расказваў, што бачыў яго ў баі на рацэ Беразіне. Можа, хто дапаможа даведацца больш пра дарагіх нашаму сэрцу людзей”.
“Мой брат Мікалай Іосіфавіч АФАНАСЕНКА, 1919—1920 года нараджэння, ураджэнец вёскі Кліны Бялыніцкага раёна, увосень 1939 года быў прызваны ў войска. Служыў у Львове, затым перавялі ў Жытомір. Адтуль прыслаў фотаздымак, на якім ён у ваеннай будзёнаўскай форме вярхом на кані. Хутка пачалася вайна. Дамоў брат не вярнуўся. Прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак пад Жытомірам. Можа, адгукнуцца тыя, хто яго ведаў, служыў разам з ім, змагаўся. Хочацца даведацца і пра лёс сястры Ніны Іосіфаўны АФАНАСЕНКІ, 1922 года нараджэння, якая таксама жыла ў вёсцы Кліны Бялыніцкага раёна разам з дзецьмі Юліяй, Анатолем і Алай. У час вайны сястру забралі на прымусовыя работы ў Германію. Дамоў вярнулася з маленькім дзіцем на руках. У пачатку сямідзесятых гадоў яна пераехала жыць у вёску Казіміраўка Магілёўскага раёна. Сястра была малапісьменная, таму лісты мне прысылала яе дачка Юлія, якая потым выйшла замуж і паехала жыць ва Украіну. Затым забрала да сябе маці і малодшую сястру Алу. Брат Анатоль у той час ужо жыў самастойна. У 1973 годзе Юлія прыслала мне паштоўку, павіншавала з Новым годам. На паштоўцы быў яе адрас, які я згубіла. Памятаю толькі, што жылі яны ў Варашылаўградскай вобласці, у горадзе Мірны. Дапамажыце знайсці родных. Ганна Іосіфаўна Салагуб, Бабруйскі раён”.

Дарагія сябры

“Піша вам жыхарка Магілёва Ніна Дзямідаўна Караваева. Аднойчы вы дапамаглі мне знайсці куму. А зараз у мяне ёсць яшчэ адна просьба: дапамажыце знайсці сяброўку юнацтва Зою КАГАН (Вароніну). Мы разам вучыліся ў Аршанскім тэкстыльным вучылішчы. Потым працавалі на фабрыцы льнокамбіната. Пасля гэтага я паехала на радзіму ў Гомельскую вобласць, а Зоя засталася працаваць на льнокамбінаце. Мы перапісваліся. Затым я паехала жыць у Эстонію. Нядаўна вярнулася адтуль і пачала шукаць сяброўку, але безвынікова”.
“Дапамажыце знайсці сяброўку маладосці Тамару Іванаўну ПАСЫНКАВУ. Яна 1952 года нараджэння, з вёскі Томчыцы Быхаўскага раёна. У 1969—1970 гадах мы з Тамарай працавалі на Аршанскім ордэна Леніна льнокамбінаце матальшчыцамі, жылі ў розных інтэрнатах. Потым я звольнілася і паехала дадому, у Рагачоў. З таго часу з сяброўкай не сустракаліся. Ад знаёмых даведалася, што яна выйшла замуж і паехала ў Гомель. Хочацца ведаць, дзе яна зараз, як склаўся лёс, хто з ёй побач. Тамара! Я вельмі хачу цябе пачуць і ўбачыць. Адгукніся! Надзея Іванаўна Кажэўнікава (Кавалёва), Рагачоў”.

 

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter