“Свята бульбы” адзначылі ў латышскім Екабпілсе

Знайшлі свой непаўторны стыль

“Свята бульбы” адзначылі ў латышскім Екабпілсе

Беларускае таварыства “Спатканне” ў Екабпілсе ўпершыню наладзіла “Свята бульбы”, у якім паўдзельнічалі і сябры з Даўгаўпілса, прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры і Культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.


На свяце можна было паспрабаваць беларускія стравы

Старшыня беларускага таварыства “Спатканне” з Екабпілса Валянціна Дарашчонак адкрыла вечар вершам Рыгора Барадуліна “Чышчу бульбу”. Запальныя песні мясцовага ансамбля “Завіруха” пра бульбу чаргаваліся з вельмі цікавымі аповедамі вядучай пра гісторыю з’яўлення гэтай гародніны на беларускай зямлі, пра яе смакавыя і лекавыя якасці, пра шматлікія стравы, якія можна зрабіць з гэтага выдатнага і карыснага прадукта.

А госці свята з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ў віктарынах і гульнях, разгадвалі загадкі, чыталі вершы, спявалі песні, танчылі. Кульмінацыяй вечарыны стала дэгустацыя шматлікіх страў, прыгатаваных з душой і любоўю ўмелымі рукамі майстрых-гаспадынь Екабпілса. І чаго там толькі ні было: бульба вараная, бульба смажаная, клёцкі, дранікі, бабка, калдуны, бульбянікі, цэпеліны — усяго не пералічыць! А да іх яшчэ і салаты, адным з кампанентаў у якіх абавязкова была бульба, і свежая гародніна, і хатняя каўбаса, і смачны хлеб, і пірагі з ягадамі ды садавінай.

Сябры-беларусы з Даўгаўпілса, якія прыехалі да супляменнікаў у госці, са сцэны гожа павіншавалі арганізатараў і ўдзельнікаў з правядзеннем выдатнай імпрэзы, праспявалі песню “Мы вам жадаем”. Дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская адзначыла крэатыўнасць такога мерапрыемства, прапанавала екабпілскім беларусам зрабіць “Свята бульбы” сваім брэндам і праводзіць яго штогод. “Беларусы Даўгаўпілса славяцца фестывалем “Беларускі кірмаш”, Вентспілса — “Купаллем”, у Дагдзе штогод ладзіцца беларускі “Фэст”, — казала яна. А паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, на вершы якога ансамбль “Завіруха” выканаў песню “Дранікі”, вельмі пранікнёна ды эмацыйна прачытаў свой верш “Бульбакапанне”.

Нагадаем, што сёлета екабпілская суполка “Спатканне” стала ініцыятарам агульналатвійскай акцыі “Беларускі ручнік”. Яго пачалі вышываць пачаргова ўсе беларускія таварыствы да 100-годдзя Латвіі. А на “Ручніку пажаданняў” беларусы Даўгаўпілса сваім екабпілскім сябрам напісалі добрыя словы ў вершах, пажадаўшы зберагаць традыцыі, культуру беларусаў “і ў песнях, і ў святах, і ў кухні!”

Марыя Памецька, Латвія, Даўгаўпілс—Екабпілс

Голас Радзімы № 33 (3489), чацвер, 1 ВЕРАСНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter