Знаёмыя мелодыi

Нацыянальны  канцэртны  аркестр  Беларусi  прыгадае  «Шлягеры  на  ўсе  часы»

На  працягу  чатырох  вечароў  Нацыянальны  канцэртны  аркестр  Беларусi  прыгадае  «Шлягеры  на  ўсе  часы»

Чатыры адметныя канцэрты з музычнага праекта «Шлягеры на ўсе часы» падрыхтаваў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам маэстра Мiхаiла Фiнберга. У першым, што адбудзецца 24 сакавiка, прагучаць песнi з рэпертуару адной з самых яркiх зорак савецкай эстрады спявачкi Ганны Герман, якiя дзякуючы сучасным аранжыроўкам атрымалi новае гучанне. Другi пройдзе 25 сакавiка i будзе прысвечаны памяцi Мiхаiла Танiча – паэта-франтавiка, аўтара многiх знакамiтых песень, сярод якiх «Черный кот», «Идет солдат по городу», «Комарово», «Возьми меня с собой», «На дальней станции сойду», «Погода в доме».

Варта адзначыць, што гэтыя  две праграмы будзе весцi знакамiты расiйскi музыказнаўца Святаслаў Бэлза, чые артыстызм, дасведчанасць, прафесiяналiзм упрыгожваюць канцэрты самага высокага ўзроню.

26 сакавiка музыканты Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi прапануюць слухачам сваё прачытанне музыкi легендарнай групы «Бiтлз». Завершыцца цыкл канцэртам, якi даў назву ўсяму праекту, «Шлягеры на ўсе часы». У iм прагучыць звыш 30 самых папулярных у свеце мелодый.

Усе чатыры выступленнi заслужанага калектыву пройдуць у вялiкай зале Белдзяржфiлармонii. Для мiнчан – гэта цудоўны выпадак сустрэцца з адным з лепшых аркестраў Еўропы. Цяжка зразумець прычыну, але сёння Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi нячаста запрашаюць на сталiчныя сцэны, часцей яго пачуеш у малых гарадах. Напрыклад, толькi ў аграгарадках краiны музыканты правялi ў гэтым годзе звыш 30 канцэртаў, прычым, выязджаюць усiм складам, з усёй неабходнай для «жывога» выканання апаратурай. 

— Пакуль мы яшчэ толькi марым, каб нашы праграмы слухалi ў Мiнску гэтак жа рэгулярна, як у iншых гарадах краiны, — адзначае маэстра Фiнберг. Разам з тым дадае, што менавiта цяжкасцi навучылi калектыў працаваць паспяхова i самастойна. I гэта не проста словы. Напрыклад, за мiнулы год аркестр, якi мiж iншым не мае ўласнай сцэны, здолеў зарабiць сваёй канцэртнай дзейнасцю 1,5 мiльярда рублёў.

У тым, што выступленнi славутага аркестра запатрабаваны i сталiчным слухачом, можна не сумнявацца. З аншлагам летась прайшлi канцэрты першага праекта «Шлягеры на ўсе часы», у якiх гучалi песнi Мiкаэла Тарывердзiева, Аскара Фельцмана, лепшыя джазавыя кампазiцыi.  Вось i бiлеты на чатыры сёлетнiя новыя праграмы раскуплены яшчэ месяц таму. Вiдавочна, засумавалi сталiчныя меламаны па сапраўднаму мастацтву i  безфанаграмнаму выкананню.

Мiж тым пасля мiнскiх канцэртаў аркестр зноў рушыць у дарогу.  У блiжэйшыя месяцы яго чакаюць у Чачэрску, Мiры, Нясвiжы... Рыхтуюцца музыканты да суправаджэння конкурса маладых выканаўцаў у Маладзечна i да канцэрта на «Славянскiм базары ў Вiцебску», падчас якого з аркестрам выступяць Лайма Вайкуле, Сасо Паўлiяшвiлi, Iгар Дэмарын.

Як падкрэслiвае Мiхаiл Фiнберг, сёлетнi канцэртны сезон аркестр прысвячае 65-годдзю вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Спецыяльна да гэтай памятнай даты створана ўнiкальная  песенная праграма «Ад Масквы да Брэста». Яе рыхтавалi два гады. Амаль на 90 % яна складаецца з песень, добра вядомых франтавiкам, яны гучалi ў час вайны, але пасля больш не выконвалiся. Аркестрам  праведзена велiзарная праца, каб знайсцi гэтыя творы ў архiвах, надаць iм сучасную аранжыроўку i вярнуць да слухачоў. Дарэчы, мяркуецца, што першымi праграму «Ад Масквы да Брэста» пачуюць шаноўныя ветэраны Вялiкай Айчыннай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter