Зачем на туристических объектах Гомельской области появились QR-коды

Знайдзі культурны код

На 17 славутасцях «Залатога кальца Гомельшчыны» размясцілі спецыяльныя графічныя малюнкі. Дастаткова мабільніка з інтэрнэтам – і любы замежны госць зможа атрымаць інфармацыю пра музей ці сядзібу на трох мовах — рускай, англійскай і кітайскай. У спіс аснашчаных трапілі самыя яскравыя культурныя і гістарычныя аб’екты. Карэспандэнт «Рэспублікі» паназірала, як працуе новая сістэма.

У спісе аснашчаных QR-кодамі аб’ектаў нямала прывабных для падарожнікаў мясцін.
Фота Івана ЯРЫВАНОВІЧА

Крысціна Балалаева сама з Гомеля, аднак сяброў і сваякоў мае па ўсім свеце. На мінулым тыдні прыязджалі цёткі з Расіі, а на наступным чакае знаёмую з Германіі:

— Ангеліка рускай мовай не валодае зусім, добра разумее англійскую. А я — не настолькі, каб прыгожа распавесці ёй пра наш палац.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – галоўная славутасць Гомельшчыны і першае месца, куды прыводзяць замежных гасцей. Таму і таблічкай з QR-кодам вароты ў комплекс аснасцілі ў першую чаргу. Карыстацца ім у час глабальных тэхналогій даволі проста. Крысціна запускае праграму-сканер і накіроўвае камеру мабільніка на малюнак. Менш як за секунду па спасылцы пераходзіць на сайт упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама. Далей застаецца толькі чытаць: «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Адна з самых старых музейных устаноў у Рэспубліцы Беларусь. Будаўніцтва распачалося ў 1777 годзе…» Выбіраем англійскую мову: One of the oldest museum institutions… На трэцім варыянце старонкі – кітайскія іерогліфы. 

Старшы навуковы супрацоўнік палацава-паркавага ансамбля Вадзім Барабанаў з замежнымі турыстамі сутыкаецца кожны дзень. Часцей гэта госці з постсавецкай прасторы, але і з іншых краін хапае:

— Былі турысты з Германіі, Італіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША. З Аўстраліі прыязджалі спарт­смены, у апошні час стала шмат кітайцаў. Палац – галоўная славутасць, яго наведваюць не толькі простыя турысты, але і афіцыйныя дэлегацыі.

Сёння якраз Вадзім з інтэр’е­рамі палаца знаёміў гасцей з Узбе­кістана. У блакітнай аўдыенц-зале захавалася мэбля ХІХ ста­годдзя князёў Паскевічаў. Асаблі­вую цікавасць выклікала кар­ціна, выява якой доўгі час дру­кавалася на банкноце ў 20 000 недэнамінаваных рублёў. Прадстаўнік позняга класіцызму Адам Ідзкоўскі намаляваў пейзаж гомельскага парку з ужо дабудаванай башняй, хаця чацвёрты паверх быў яшчэ не скончаны.

У спісе аснашчаных QR-ко­дамі аб’ектаў нямала прывабных для падарожнікаў мясцін: Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, позне­палеалітычныя стаянкі і былы калегіум езуітаў у Юравічах, Чачэрская ратуша, каменны крыж, што расце з-пад зямлі ў Тураве, лоеўскі Музей бітвы за Днепр. У вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна інфарматызаванымі ака­заліся адразу два аб’екты: мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, і старадаўняя сядзіба Козел-Паклеўскіх, помнік палацава-паркавай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя. Дырэктар Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Ніна Шрэйтар геаграфічную прыналежнасць гасцей раёна пералічваць можа доўга:

— Кітай, Італія, Данія, Германія, Польшча, неяк завіталі госці нават з Маямі. Усяго за год нашы аб’екты наведваюць 1,5—2 тысячы замежных турыстаў.

Аснашчэнне турыстычных аб’ектаў кодамі было выканана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная». Да таго ж для такога рашэння была яшчэ адна падстава, расказвае начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі:

— Гэты год, як вядома, быў абвешчаны Годам інтэнсіўнага супрацоўніцтва з Кітаем, у тым ліку ў сферы турызму. У Гомельскай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах краіны, праведзены шэраг мерапрыемстваў з гэтай мэтай, зроблена ўсё, каб кітайскі турыст адчуваў сябе камфортна.

Дарэчы, папярэдні аналіз прагляду сканіраванняў паказвае, што самымі папулярнымі аб’ектамі сталі сядзіба Козел-Паклеўскіх у вёсцы Красны Бераг і ратуша гісторыка-этнаграфічнага музея ў Чачэрску. У сярэднім на кожны аб’ект за месяц прыйшлося да 70 сканіраванняў.

Турыстычны маркетынг у рэгіёне маюць намер развіваць і далей. У 2019 годзе на партале planetabelarus.by ў поўным аб’ёме плануецца прадставіць усю Гомельшчыну: кожны раён і горад з маршрутамі, картамі, дзе захаваліся адметнасці, аўтэнтычныя абрады і традыцыі. Акрамя таго, плануецца выдаць новы даведнік па гасцініцах вобласці.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter