Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Знак пашаны да зямлі

У традыцыйнай акцыі “Тыдзень лесу-2018” паўдзельнічалі прадстаўнікі розных этнааб’яднанняў Беларусі

Ужо ў сёмы раз, пад эгідай апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі розных нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі дружна, весела высаджвалі дрэвы ў ваколіцах аграгарадка Ракаў, што ў Валожынскім раёне Міншчыны. Працавалі сябры рускай, польскай, палесцінскай, афганскай, дагестанскай, чувашскай, грузінскай, армянскай, туркменскай суполак. Усяго ў дэсанце было 16 чалавек. Згадвалі й першую пасадку: у 2012-м шматнацыянальная талака высаджвала елкі ды бярозкі ля вёскі Каралеўшчыны пад Івянцом. “Ці вялікія дрэўцы выраслі за шэсць гадоў?” — цікавіўся куратар акцыі, начальнік сектара па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Сасновіч. Старшыня Івянецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Станіслаў Бурачэўскі ўзнімае руку ўгару: “Бярозкі вышэй майго росту, елкі даганяюць”. Станіслаў спецыяльна ездзіў у тыя месцы — фатаграфаваў. Усяго працаўнікі з інтэрнацыянальных дэсантаў, паводле дадзеных Валожынскага лясгаса, за сем гадоў высадзілі больш за 12 тысяч саджанцаў — гэта чатыры гектары лесу.

Хізры і Пацімат Асадулаевы ўпершыню ўдзельнічалі ў акцыі
фота кацярыны МЯДЗВЕДСКАй
Прадстаўніца Міжнароднага аб’яднання дагестанцаў “Горо” Пацімат Асадулаева, з пяшчотай абціскаючы зямлю вакол маленькіх елачак, казала: “На маёй радзіме, у Дагестане, бярозкі ды сосны растуць зусім нізенькія: такі клімат на Паўночным Каўказе… А ў Беларусі для дрэваў умовы выдатныя. Якія роўныя, дужыя сосны ды елкі вакол!”. Муж ды жонка Хізры й Пацімат у акцыі “Тыдзень лесу”, якая сёлета прысвячаецца Году малой радзімы, паўдзельнічалі ўпершыню. Вядомы мастак, скульптар, паэт, кампазітар, старшыня суполкі “Горо” Хізры Асадулаеў адзначыў: саджае дрэўцы з задавальненнем. Гэта знак пашаны яго да зямлі, якая прытуліла прадстаўнікоў многіх нацыянальнасцяў. “Па розных прычынах кожны з нас апынуўся тут, — уступае ў гутарку старшыня Міжнароднай арганізацыі афганскіх бежанцаў “Афганская грамада” Сафі Сайфурахман. — Шчыра прызнаюся: Беларусь для мяне ўжо стала родным домам”.

Навядзенне парадку на той зямлі, дзе жывуць самі, дзе нараджаюцца і растуць іх дзеці, — звычайная справа для ўсіх удзельнікаў сёлетняй пасадкі. Старшыня аб’яднання “Беларуска-палесцінская грамада” Ібрагім Эль Вадзіа ўпэўнены: “Правільную, высакародную справу робім. Ад пасаджаных дрэваў вялікая карысць будзе: і людзям, і лясным жывёлам”. А на сваім прысядзібным участку, што ў вёсцы Лужкі пад Мінскам, Ібрагім некалькі гадоў таму пасадзіў чарэшні, слівы, яблыні, грушы. З рэдкіх раслін ёсць у яго шаўковіцы. Дарэчы, пра розныя віды гэтых дрэваў гаварыў і старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы. З пладоў белай і чорнай ягады робіць, казаў, розныя напоі, а таксама начынку для пірагоў. Ля свайго дома ў вёсцы Рубяжэвічы, што ў Стаўбцоўскім раёне Міншчыны, штогод высаджвае па пяць-сем новых дрэўцаў: яблынь, груш, вішань, сліў… Ганарыцца невялічкай плантацыяй маліны.

Аляксандр Сасновіч рады, што да штогадовай акцыі “Тыдзень лесу” далучаецца ўсё больш прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў: “Сёлета ўпершыню з намі працуюць кіраўнікі палесцінскай, дагестанскай суполак. З пастаянных удзельнікаў — палякі, рускія, армяне... Атмасфера, як заўсёды, вельмі добразычлівая. Сумесная праца паядноўвае людзей розных узростаў, рэлігій, нацыянальнасцяў”.

Дарэчы, акцыя “Тыдзень лесу-2018” прысвячалася і ўзнаўленню лясоў, што пацярпелі ад насякомых-шкоднікаў. Вось і на месцы, дзе інтэрнацыянальны дэсант высаджваў маладыя елкі, восенню была санітарная рубка: так змагаліся з жуком-караедам. Пра тое казаў нам ляснічы Ракаўскага лясніцтва Валожынскага лясгаса Віктар Ключнік. Ён жа дзякаваў тым арганізацыям і асобным добрахвотнікам, якія папрацавалі на карысць лесу — аднаго з галоўных беларускіх прыродных багаццяў.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости