Анатолий Федюшин — основатель отечественной зоологической школы

Знаўца жывёл

Якія птушкі гняздуюцца ў Беларусі? Колькі жывёл знаходзіцца ў беларускіх лясах? Што можна зрабіць для захавання бабра на нашай тэрыторыі? Пошуку адказаў на гэтыя і падобныя пытанні вучоны, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі РСФСР Анатоль Фядзюшын прысвяціў не адно дзесяцігоддзе.

nlb.by

Нарадзіўся будучы вучоны 11 мая 1891 года ў Слуцку. Пасля заканчэння Слуцкай гімназіі паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта, у сценах якога і пачаў сваю навуковую дзейнасць. Яшчэ студэнтам Фядзюшын пачаў вывучаць птушак Беларусі. Першы яго артыкул «Аб некаторых птушках Мінскай губерні» быў надрукаваны ў 1912 годзе ў «Арніталагічным весніку».

Фота Дзяніса Іўковіча

Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў выкладчыкам Пінскага рэальнага вучылішча. Пазней выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, кіраваў сектарам заалогіі і заалагічным музеем Інбелкульта, чытаў лекцыі ў Беларускім інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі. А паралельна займаўся навукай. Праводзіў заалагічныя экспедыцыі, вывучаў грызуноў, птушак, земнаводных, насякомых і іншых жывёл, збіраў калекцыйныя матэрыялы для Заалагічнага музея БДУ і Інбелкульта. Па даручэнні Дзяржплана БССР Фядзюшын займаўся высвятленнем запасу і распаўсюджвання паляўніча-прамысловых жывёл, нямала часу прысвяціў пытанню захавання і рэакліматызацыі бабра. Па праекце вучонага ў 1925 годзе быў створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік. Фя­дзюшын таксама выступіў ініцыятарам арганізацыі Палескага запаведніка. Акрамя гэтага, вучоны, як паведамляе bio.bsu.by, на працягу шэрагу гадоў быў намеснікам старшыні Дзяржаў­нага камітэта па справах аховы прыроды пры Савеце Народных камісараў БССР, уваходзіў у рэдакцыйную кале­гію часопіса «Паляўнічы Беларусі», супра­цоў­нічаў з краязнаўчым часопісам «Наш край».

У 1933 годзе Фядзюшын пераехаў у Омск, дзе працаваў загадчыкам кафедры заалогіі і дарвінізму Омскага сельскагаспадарчага інстытута. За сваё жыццё вучоны апублікаваў звыш 200 навуковых і навукова-папулярных прац. Сёлета адзначаецца 130 гадоў з дня нараджэння вядомага даследчыка.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter