Знічкі Памежжа: Веліж

Славу беларускай старонцы прынеслі многія асобы, выпеставаныя на беларуска-расійскім памежжы. Давайце зазірнём у Веліж. Цяпер гэта — маленькі райцэнтр суседняй з Беларуссю Смаленскай вобласці. У гісторыю патрапіў з-за многіх акалічнасцяў і перыпетый…
Веліж. Від на горад і раку Заходняя Дзвіна. Пачатак ХХ ст.Славу беларускай старонцы прынеслі многія асобы, выпеставаныя на беларуска-расійскім памежжы. Давайце зазірнём у Веліж. Цяпер гэта — маленькі райцэнтр суседняй з Беларуссю Смаленскай вобласці. У гісторыю патрапіў з-за многіх акалічнасцяў і перыпетый…
Вядомасць маюць і Веліжскае паўстанне 1918 года, і Веліжская справа — судовы працэс, які ішоў на працягу 1821–1835 гадоў. Але аб гэтым крыху пазней. Давайце паспрабуем спярша зазірнуць у далёкую сівую мінуўшчыну гэтага гарадка і яго блізкіх ваколіц. І хаця колькасцю насельніцтва гарадок ніколі не вылучаўся, ён заўсёды быў у эпіцэнтры гістарычных падзей, розных пераўтварэнняў, якія дазвалялі імя Веліжа ўпісаць у энцыклапедыю чалавечай памяці надоўга, на стагоддзі наперад. Назва паселішча паходзіць, па адной з версій, ад стараславянскай назвы ракі Велья (“вялікая”). Веліж. Будынак грамадскага сходу “Сямейнае кола”. Пачатак ХХ ст.Так, лічаць даследчыкі (у тым ліку і беларус В. Жучкевіч), у старажытнасці называлі Дзвіну ў яе верхнім цячэнні. Горад на рацэ з такім імем і атрымаў назву Веліж. Некалі ўваходзіў у склад Смаленскага княства. З 1355 года — у Вялікім княстве Літоўскім. З першых пісьмовых згадак — у хроніцы Быхаўца: у 1392 годзе князь Вітаўт ажыццявіў паход на Маскву. “…пойдзе князь великий Витольд, собрався под города Псковия: Велиж, Красный город…”. З 1533 года Веліж — у Маскоўскай дзяржаве. У 1536 годзе Іван Грозны выдае Указ пра будаўніцтва крэпасці на старым веліжскім гарадзішчы — Замкавай гары. “ В лето 7044 (што адпавядае 1536 году. — А.К.) апреля в 19-ый день князь Великий Иван Васильевич и мати его Великая княжна Елена велела поставити город в Торопецком уезде на Велижском городище, город Велиж, и доделать месяца июля, в третье лето государства его». З гэтага часу і вядзецца адлік нараджэння горада Веліжа. Веліж. Ратуша. Пачатак ХХ ст.
Крэпасці і замкі ствараліся, зразумела, з-за войнаў… Лівонская вайна 1558–1583 гадоў прынесла нямала бядоты жыхарам невялікага гарадка і ваколіц. У 1562 годзе Веліжскімі землямі авалодаў князь Радзівіл. У 1582 годзе горад адышоў да Рэчы Паспалітай. У 1585-м у Веліжа з’явіўся ўласны герб: на блакітным фоне шчыта — залаты крыж, унізе — меч, накіраваны вастрыём на усход. Знаёмыя для беларускай геральдыкі матывы, калі мы ўгледзімся ў некаторыя гербы гарадоў Віцебшчыны…
З 1667 года па Андрусаўскім дагаворы (ішла руска-польская вайна 1654–1667 гадоў) горад адышоў да Масковіі. Праз дзесяцігоддзе “з хвосцікам” паселішча-фарпост зноў вяртаецца ў склад Рэчы Паспалітай. Гэта сталася магчымым у выніку вялікага абмену: шэраг гарадоў і земляў абмянялі на стольны град Кіеў. І толькі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Веліж канчаткова вяртаецца ў склад Расіі.
Спярша — як горад Пскоўскай губерні. А пасля, з 1804 года, — Віцебскай…
Тут самы час узгадаць пра Веліжскую справу 1821–1835 гадоў па ілжывым абвінавачанні групы яўрэяў у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. Арыштавалі тады 42 чалавекі. У 1835 годзе справу спынілі. Абвінавачаных апраўдалі, а ілжэсведкаў саслалі ў Сібір. Веліжская справа прыцягнула да сябе самую шырокую грамадскую ўвагу. Вядомы рускі паэт Міхаіл Лермантаў нават напісаў з тае нагоды п’есу “Іспанцы”.
А што да паўстання 1918 года, то яно было выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, сумна вядомай савецкай харчразвёрсткай. Паўстанцы захапілі ў лістападзе 1918 года Веліж. Колькасць узброеных сялян налічвала болей тысячы чалавек… І хаця паўстанне ў хуткім часе задушылі, узброеныя сяляне хаваліся па навакольных лясах яшчэ да 1925 года.
Веліж. Від на горад ад пераправы. Пачатак ХХ ст.Усе гэтыя старонкі памяці, агульныя для народаў Расіі і Беларусі, вы зможаце адкрыць, самі пагартаць, калі здолееце патрапіць у сённяшнім смаленскім райцэнтры ў выдатны, багаты на гістарычную інфармацыю краязнаўчы музей. У самым цэнтры Веліжа. І хаця сучасны музей, размешчаны ў помніку архітэктуры ХХ стагоддзя (так званыя “гандлёвыя рады”), адчынены ў 1986 годзе, вытокі яго — у часінах болей даўніх. Некалі, у 1918 годзе, гарадскі музей пачаў сваю працу ў будынку гарадской ратушы. Праўда, будынак загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.Веліж. Жаночая прагімназія. Пачатак ХХ ст. Дарэчы, тэма вайны, гераізму і мужнасці ўраджэнцаў краю, драматычных падзей, якія адбываліся ў кожны з 601 дня ваеннага ліхалецця, — галоўны змест экспазіцыі музея. Тут ёсць і матэрыялы пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, пра партызанскі рух не толькі на Смаленшчыне, але і на Віцебшчыне. Калі музей ствараўся наноў (асновай паслужылі зборы двух школьных музеяў Веліжа), то шмат якія дакументы, гісторыка-краязнаўчыя кнігі веліжскія краязнаўцы капіравалі ў Мінску, Магілёве, Віцебску.
Пра судакрананне гісторый Веліжа і Віцебшчыны, Віцебска расказваюць у музеі і мастацкія экспанаты — работы народнага мастака Беларусі Андрэя Ануфрыевіча Бембеля. Ураджэнец смаленскага гарадка, свае першыя ўрокі майстэрства будучы скульптар, які прынёс славу найперш беларускай Айчыне, атрымаў у Веліжскай мастацкай школе яшчэ ў 1919 годзе. Тады ў гэтай навучальнай установе працавала выдатная плеяда выпускнікоў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў — жывапісцы В. Волкаў, М. Эндэ, В. Хрусталёў, скульптары М. Керзін, М. Шульц. У 1923 годзе ўсе яны дружнай камандай пераязджаюць у Віцебск: на работу ў мастацкі тэхнікум. Міхаіл Аркадзьевіч Керзін (1883–1979), нараджэннем пецярбуржац, становіцца дырэктарам тэхнікума. І будзе займаць гэтую пасаду амаль дзесяць гадоў, пакуль не пераедзе ў Мінск. Веліж. Ільінская вуліца. Пачатак ХХ ст.Мастацтвазнаўцы адзначалі ў скульптуры Керзіна цеплыню і адухоўленасць, дасканаласць мадэліроўкі, высокую культуру.
Праўда, рознае ўспамінаюць віцебскія мастацтвазнаўцы пра тыя часіны. Была ж у віцебскай мастацкай школы і іншая гісторыя… У 1924 годзе да сваіх веліжскіх настаўнікаў далучыўся — у ролі вучня — і Андрэй Ануфрыевіч Бембель. Дарэчы, варта згадаць, што вучнем веліжскіх педагогаў быў і студэнт Віцебскага мастацкага тэхнікума легендарны жывапісец Раман Семашкевіч… І калі ў Веліжы давядзецца на плошчы Дзяржынскага ўбачыць шыльду мастацкай школы, то абавязкова ўзгадайце, якія слаўныя мастакоўскія імёны аб’ядноўваюць Беларусь і Расію, Смаленшчыну і Віцебшчыну, Веліж і беларускую старонку… Імёны, супольныя для Айчыны ў Расіі і Беларусі…

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter