Знічкі Айчыны: Целяханы

Сярод знакамітых паселішчаў Берасцейшчыны сваю вядомасць маюць і Целяханы. Некалі і раён такі, Целяханскі, быў у адміністарцыйным дзяленні Брэсцкай вобласці — з 4 снежня 1939 да 8 студзеня 1954 года. У мяне, прызнацца, ёсць пэўная туга па гэтых невялікіх раёнах. Здаецца, калі большая згрупаванасць, бліжэйшыя адлегласці паміж паселішчамі і адміністрацыйным цэнтрам, то лячэй і сацыяльныя, побытавыя пытанні вырашаць…Целяханы, якія цяпер прыналежны Івацэвіцкаму раёну і знаходзяцца ад райцэнтра на адлегласці 45 кіламетраў, вядомы з ХVІ стагоддзя.
Целяханы. Від з паўночнага боку. 1916 г.Сярод знакамітых паселішчаў Берасцейшчыны сваю вядомасць маюць і Целяханы. Некалі і раён такі, Целяханскі, быў у адміністарцыйным дзяленні Брэсцкай вобласці — з 4 снежня 1939 да 8 студзеня 1954 года. У мяне, прызнацца, ёсць пэўная туга па гэтых невялікіх раёнах. Здаецца, калі большая згрупаванасць, бліжэйшыя адлегласці паміж паселішчамі і адміністрацыйным цэнтрам, то лячэй і сацыяльныя, побытавыя пытанні вырашаць…
Целяханы, якія цяпер прыналежны Івацэвіцкаму раёну і знаходзяцца ад райцэнтра на адлегласці 45 кіламетраў, вядомы з ХVІ стагоддзя. У гэтых мясцінах сімвалам аднаго з гістарычных адрэзкаў жыцця з’яўляецца Лысая гара — невялікая ўзвышанасць. Існуе легенда пра тое, што тут пахавана цела хана. Маўляў, адсюль і тапонім — Целяханы… Належала паселішча некалі Дольскім. Дачка гаспадара выйшла замуж за Міхала Сервацыя Вішнявецкага — ваяводу віленскага, асветніка і паэта. Пасля гаспадарамі сталі Агінскія. Міхал Казімір Агінскі пабудаваў канал, які злучыў Ясельду і Шчару, а праз іх — воды Прыпяці і Нёмана. Агінскі канал доўгія часы служыў патрэбам людзей.
Калі будзеце падарожнічаць па сённяшнім гарадскім пасёлку, то абавязкова завітайце да Троіцкай царквы, якая пабудавана ў 1934 годзе. Пабывайце і ў каталіцкім касцёле (пабудаваны ў 1817 годзе). А калі на вочы патрапіць будынак адміністрацыі гарпасялковага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ведайце, што гэта — колішні, яшчэ дарэвалюцыйны будынак школы.
Целяханы. Прыстань. 1930-я г.
А сённяшняя Целяханская сярэдняя агульнаадукацыйная школа — уся ў квецені. “Гэта ў нас — даўняя традыцыя, — расказвае яе дырэктар Міхаіл Леанідавіч Скарына, — яшчэ з ранейшых дзесяцігоддзяў. Да нас часта прыязджаў брат Веры Харужай. Ён працаваў у Маскве ў Батанічным садзе. А наведваў ён Целяханы таму, што ў перадваенны час тут жыла яго сястра — знакаміты арганізатар камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі. І ў кожны свой прыезд прывозіў адмысловыя кветкі, сам старанна высаджваў іх, расказваў, як іх даглядаць…”

Культура кожнага паселішча вызначаецца яшчэ і культурай могілак. Нашчадкі, якія дбайна ставяцца да месцаў пахавання, могуць разлічваць на тое, што і іх пакаленне не будзе падвергнута бяспамяцтву. У Целяханах вядомыя некалькі кладоў — яўрэйскія, магілы нямецкіх салдат, якія загінулі ці памерлі ў 1915–1918 гадах, а таксама асобныя могілкі мясцовых жыхароў. Целяханы. 1916 г.На апошніх і знайшоў свой вечны прытулак Баляслаў Пачопка (1884–1940). Як па сённяшнім часе, то і нядоўгі век быў у знакамітага святара, асветніка, публіцыста і педагога. У 1905-1907 гадах ён вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. Але вучобу скончыць не змог. Баляслаў Пачопка з’яўляўся сталым аўтарам газеты “Наша ніва”. Быў рэдактарам-выдаўцом першай беларускай каталіцкай газеты “Вielarus” (1913–1915). У 1915 г. Б. Пачопка распрацаваў першую беларускую граматыку. Выдаць яе змог толькі ў сакавіку 1918 года ў Вільні. Збіраў беларускі фальклор, запісваў песні, сам пісаў вершы — на беларускай і польскай мовах. У 1926 годзе рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі прызначыў Пачопку выконваючым абавязкі вікарыя Целяханскай парафіі для абслугоўвання вернікаў усходняга абраду, з рэзідэнцыяй у Бабровічах. Баляслаў Пачопка быў увасабленнем сапраўднай беларускасці ў гэтай старонцы. Ліставаўся з рознымі дзеячамі культуры, сябраваў з вядомым славістам Брэслава (Уроцлава) Рудольфам Абіхтам. Знаёмства цягнулася яшчэ з часоў сумеснай працы ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Калі прыйшло вызваленне Заходняй Беларусі, Пачопка аказаўся пад пільнай увагай бальшавіцкіх органаў. Пачаўся ціск на святара і на яго сям’ю. У царкве адбыўся пагром. Праз некаторы час Пачопку абвінавачваюць у крадзяжы збожжа. У выніку перажыванняў пачынаюцца праблемы з сэрцам. Баляслаў Пачопка трапляе ў шпіталь у Целяханах. Але на гэты раз абышлося. Увосень 1940-га святара ізноў выклікаюць да следчага НКУС. У снежні таго ж года Баляслаў Пачопка зноў трапляе ў шпіталь у Целяханах. На другі дзень святкавання Божага нараджэння (26 снежня 1940) святар памірае… Магіла Б. Пачопкі прыведзена да ладу зусім нядаўна. Добра, што не згубіўся след за многія дзесяцігоддзі. Чулыя да гістарычнай памяці людзі паставілі ў знак памяці пра беларускага асветніка сціплы драўляны помнік. Вандруючы па Целяханах, шукаючы гістарычныя памяткі ў старжытным паселішчы, не мінайце могілак. Завітайце да магілы Баляслава Пачопкі.
Целяханы. Шлюз на прыстані. Справа — управа воднай гаспадаркай. 1880–1890 гг.
Дарэчы, на гэтых жа могілках пахавана маці Маршала Савецкага Саюза, двойчы Героя Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага (у дзявоцтве — Антаніна Аўсяннікава, родам з Целяханаў, памерла на пачатку 1911 года). Яшчэ адна гісторыя, якая ўзводзіць Целяханы да паселішчаў з сусветнай вядомасцю, звязана з лёсам савецкага разведчыка Жоржа Коваля: некалькі гадоў назад пасмяротна ён адзначаны званнем Героя Расіі. Тагачасны прэзідэнт дзяржавы-суседкі зазначыў: “Здабытая Ж. Ковалем, які меў аператыўны псеўданім Дзельмар, інфармацыя істотна дапамагла скараціць распрацоўку і стварэнне айчыннай атамнай зброі, што забяспечыла захаванне ваенна-стратэгічнага парытэта са Злучанымі Штатамі Амерыкі…” Бацька Жоржа, Абрам Ісакавіч, і маці, Этэль Ісакаўна, нарадзіліся ў мястэчку Целяханы.
Целеханы. Канал ад Целяхан да Выганашчанскага возера. 1916 г.Яркая асоба сярод ураджэнцаў старажытнага паселішча — Уладзімір Максімавіч Цыркуноў (нарадзіўся ў гарадскім пасёлку 2 сакавіка 1953 года). Закончыў школу. Адслужыў два гады ў войску. Паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут, адкуль пасля па сямейных абставінах перавёўся ў Гродзенскі медыцынскі. Пасля заканчэння вучобы таленавітага выпускніка пакінулі ў клінічнай ардынатуры на кафедры інфекцыйных захворванняў. У 1986–1990-я гады — дацэнт гэтай кафедры, а з 1990 — яе кіраўнік. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. А ў 1992 стаў доктарам медыцынскіх навук. Уладзімір Максімавіч — арганізатар абласнога гепаталагічнага цэнтра, які з 1993 атрымаў статус Рэспубліканскага. Дзякуючы менавіта ўраджэнцу Целяханаў у Гродне праведзены першы Міжнародны сімпозіум па гепаталогіі — у 1994 годзе. Гэтая навуковая сустрэча пасля стала традыцыйнай: для ўдзелу ў дыскусіях па пытаннях гепаталогіі вучоныя з розных краін свету прыязджалі ў старажытны горад у 1996, 1998, 2000 і наступныя гады. Уладзімір Максімавіч — аўтар болей як 320 работ, 4 кніг, 7 вынаходніцтваў, болей 50 рацыяналізатарскіх прапаноў.
Целяханы даўно сталі “персанажам” адной з цікавых кніг, выдадзеных у Польшчы. Гісторыка-краязнаўчы нарыс польскага інжынера Багдана Мельніка (нарадзіўся ў мястэчку ў 1932 годзе), выдадзены ў Любліне, так і называецца — “Мае Целяханы”. Засталося, каб і ў Беларусі была напісана і выдадзена энцыклапедыя жыцця старажытнага паселішча. Целяханы гэтага заслугоўваюць.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter