Знічкі Айчыны: Смаргонь

Калі пачынаюцца расповеды пра Смаргонь, то несумненнымі складнікамі ў іх — апавяданні пра смаргонскія абаранкі, “смаргонскую акадэмію” і іншага характару экзатычныя паданні. Што ж, сапраўды, смаргонцы былі ва ўсе часіны людзьмі дзеяздольнымі, багатымі на фантазію і выдумку. Адзін з сучасных класікаў пра “акадэмію” вось што напісаў, прысвяціўшы гэтаму аспекту мясцовай гісторыі цэлую паэму:Забудзь на валацуг,Мець хочаш хоць павець —За медзь Скачы, Мядзведзь, Свой валачы ланцуг!
Смаргонь. КірмашКалі пачынаюцца расповеды пра Смаргонь, то несумненнымі складнікамі ў іх — апавяданні пра смаргонскія абаранкі, “смаргонскую акадэмію” і іншага характару экзатычныя паданні. Што ж, сапраўды, смаргонцы былі ва ўсе часіны людзьмі дзеяздольнымі, багатымі на фантазію і выдумку.
Адзін з сучасных класікаў пра “акадэмію” вось што напісаў, прысвяціўшы гэтаму аспекту мясцовай гісторыі цэлую паэму:
Забудзь на валацуг,
Мець хочаш хоць павець —
За медзь
Скачы, Мядзведзь,
Свой валачы ланцуг!

А калі распачаць расшыфроўку гэтай паэтычнай фармуліроўкі, то варта расказаць пра “мядзведжую акадэмію”. Паверце, была ў Смаргоні і такая навучальная ўстанова. З сучасных паралеляў вышэй яе хіба што толькі “інстытут” Юрыя Куклачова. Але ж там адразу па двух адрасах — у Маскве і за акіянам — вучацца каты і кошкі!..У Смаргоні — іншая справа: таму і “смаргонская акадэмія”, што ў старажытным паселішчы чарговыя яго гаспадары — Радзівілы — заснавалі рамяство дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Існаваў гэты занятак з XYII да пачатку XIX стагоддзя. Са смаргонскімі мядзведзямі пазнаёміліся ў лютым 1708 года нават шведскі кароль Карл XII і польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Мядзведзяў спярша вучылі танцаваць. Затым — кланяцца ўдзячным гледачам, станавіцца на заднія лапы, выконваць іншыя, не зусім “звярыныя” прыёмы.
Смаргонь. Вакзал. 1916 г.
…Калі ў 2009 годзе ў Смаргоні адзначаўся чарговы Дзень беларускага пісьменства, мне давялося знаёміць з горадам і раёнам дэлегацыю ўдзельнікаў “круглага стала” “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. У адным аўтобусе — пісьменнікі з Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Літвы, Расіі, Таджыкістана, Казахстана. Народны паэт Татарстана Рэнат Харыс, які доўгі час быў дэпутатам парламента ў сябе на радзіме і шмат зрабіў для яднання татараў свету са сваімі суайчыннікамі ў Расіі, Казані, і пытаецца ў мяне: “Тут, на Смаргоншчыне, дзе такія культурныя, гістарычныя традыцыі, відавочна, і цяпер шмат вучоных, асветнікаў, дзеячаў мастацтва?..” Замест адказу я ўступіў у доўгую дыскусію з татарскім паэтам і грамадскім дзеячам. Смаргонь, якая ў пэўныя часы генерыравала асветніцкія ідэі, культурныя традыцыі, сёння, зразумела, усяго толькі правінцыя. Няхай і са сваёй памяццю пра яркіх і знакамітых землякоў. У канцы ХVI стагоддзя чарговы гаспадар “смаргонскага двара” пабудаваў тут паперню, дзе рабілі паперу з вадзянымі знакамі і гербам Зяновічаў “Дэспат”. Друкар ХVI стагоддзя Якуб Маркус адкрыў пры смаргонскім храме кальвінісцкую школу. Бакалаўры розных навук вучылі дзяцей старажытнагрэчаскай, польскай, лацінскай і старабеларускай мовам, матэматыцы, рыторыцы, антычнай паэзіі і, канешне ж, багаслоўю. Сам Крыштаф Зяновіч быў заўзятым кнігалюбам, па матэрыялах сваіх кніжных збораў напісаў трактат пра палітычныя і побытавыя супярэчнасці паміж віленскім ваяводаю Крыштафам Радзівілам і каштэлянам Іеранімам Хадкевічам. У 1609 годзе Зяновіч прымаў у Смаргоні караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта.
Смаргонь. Вадакачка
На Смаргоншчыне здаўна цягнуліся да кнігадрукавання, літаратурных заняткаў. Ураджэнцам старажытнага паселішча з’яўляецца класік яўрэйскай літаратуры Майсей Кульбак. Нарадзіўся 20 сакавіка 1896 года. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. Да 1916 года адносяцца першыя яго публікацыі. Першы зборнік вершаў выдаў у Вільні ў 1920 годзе. Аўтар раманаў “Месія сын Эфроіма”, “Панядзелак” і многіх іншых твораў. Шкада, што Кульбак, як і многія іншыя яўрэйскія класікі беларускага паходжання — па-за агульным шырокім культурным, гісторыка-літаратурным кантэкстам. Выхаваны на рускай класіцы, Маісей Саламонавіч адкрыў у сваёй шматабсяжнай творчасці не меней цікавы свет, чым беларускія празаікі, паэты, драматургі. І працаваў Кульбак якраз ва ўсіх гэтых галінах літаратуры. Творы яго — гэта яшчэ і вопыт яўрэйскага жыцця, веданне Танаха, Талмуда, яўрэйскага фальклору беларускіх мястэчак. І, канешне ж, выразны адбітак смаргонскага жыцця. Чытаў пісьменнік і Арыстоцеля, і кітайскага філосафа Лао Цзы. Калі ў 1928 годзе Кульбак ад’язджаў з Вільні, яго праводзілі словамі пра тое, што горад губляе Паэта, перажывалі, ці будзе запоўнены гэты прагал. 29 кастрычніка 1937 года “за сувязь з польскімі разведорганамі” вядомага яўрэйскага паэта расстралялі.
Смаргонь. Віленская вуліца
Зусім нядаўна — 20 студзеня 2010 года — у Ізраілі памёр паэт Абрам Суцкевер (нарадзіўся ў Смаргоні 15 ліпеня 1913 года). Ізноў жа, можна лічыць, — імя з легенды. Маленства Абрама прайшло сярод дзетак яўрэяў, палякаў, беларусаў, літоўцаў. Сённяшнія біёграфы паэта сведчаць, што з самага дзяцінства хлапчук усе мясцовыя мовы ведаў. А найболей — ідыш і літоўскую. Пасля лёс занёс у Сібір. У Омску — знаёмства з жыццём невядомых дагэтуль кіргізаў-качэўнікаў. І таксама — засваенне новай мовы. Мо перакананне, што ўсё гэта некалі спатрэбіцца, і штурхала хлопчыка ў бясконцы лінгвістычны акіян? Вярнуўшыся з Сібіры, Абрам знайшоў прытулак у Вільні. У тыя ж часы ў горадзе жыў і Майсей Кульбак. Ці сустракаліся?.. Але, відавочна, уплывы на паэзію Суцкевера яго старэйшы зямляк аказаў істотнае… На пачатку Вялікай Айчыннай Суцкевер разам з многімі сваімі суродзічамі трапляе ў гета. Разам з іншымі пад настаўленымі фашысцкімі кулямётамі капае сабе і таварышам яму… Але лёс усё ж падараваў паэту жыццё. Кулі абмінулі яго. Патрапіўшы пад целамі іншых расстраляных у яму, поўную крыві, Абрам быў крыху і зямлёю прысыпаны. Ды вызваліўся. А пасля, уражаны і пасівелы, ізноў прыйшоў у гета. Хаваўся ў яго сутарэннях. Пісаў і далей вершы. Стварыў паэму “Таямнічы горад”. Адзін з персанажаў — паэт, які і ў гета імкнецца даказаць, што ёсць, існуе прыгажосць. І тым самым выратоўвае многія душы…Пра Суцкевера дазналіся ў Маскве. Да беларускіх партызан прыслалі самалёт. Народныя мсціўцы здолелі вывесці паэта з гета. У белакаменнай Суцкевер прысутнічае на пасяджэнні Яўрэйскага Антыфашысцкага камітэта. Выступае. Расказвае пра зверствы фашыстаў… Літаратар знаёміцца з Пастэрнакам, Эрэнбургам, іншымі савецкімі пісьменнікамі. Літаратары ўгаворваюць Абрама застацца ў Маскве. Ды ён вяртаецца ў Літву… Сустрэўшы вызваленне ў ліпені 44-га, Суцкевер яшчэ некаторы час жыў і працаваў у СССР. Па-ранейшаму пісаў вершы. Прысутнічаў у якасці сведкі-абвінаваўцы на Нюрнбергскім працэсе. А з 1947 года колішні смаргонец — у Ізраілі. Будуе новую дзяржаву, працуе рэдактарам літаратурнага часопіса. Увесь яўрэйскі свет чытае яго, Абрама Суцкевера, пранізліва-балючыя вершы.
Смаргонь. Гандлёвая школа Смаргоншчына — радзіма спевака Мікалая Лазарава (1905 — 1980), харавога дырыжора, народнага артыста СССР Віктара Роўды (1921 — 2007), скульптара Уладзіміра Церабуна (нарадзіўся ў 1946-м), рускага пісьменніка і кніжнага графіка Якава Тайца (1905-1957), мастака Казіміра Бахматовіча (1808 — 1837), паэта Уладзіміра Някляева (нарадзіўся ў 1946-м)… Не ўсе са згаданых “знічак” пакінулі гэты край. Хтосьці, як, прыкладам, Уладзімір Церабун, шмат зрабіў для ўмацавання яго культурнай прасторы. І мо сапраўды калі-небудзь, з часам, у мяне ў адказ на пытанне, падобнае цікаўнасці татарскага паэта, дадасца яшчэ станоўчых аргументаў?

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter