Змяя ў кiшэнi

Нацбанк увёў у абарачэнне тры новыя памятныя манеты

Нацыянальны банк увёў у абарачэнне адразу тры новыя памятныя манеты: «Год Змяі» з серыі «Кітайскі каляндар», «Легенда пра мядзведзя» з серыі «Беларускія народныя легенды» i «Ганчарства» з серыі «Народныя промыслы і рамёствы беларусаў».

Усе манеты адчаканены з розных металаў. Напрыклад, «Год Змяi» выраблена з серабра пробай сплаву 925, яна мае масу 33,63 грама. «Легенда пра мядзведзя» — сярэбраная (пробай сплаву 925, масай 33,62 грама) i медна-нікелевая (наміналам 1 рубель, масай 15,50 грама). Манета «Ганчарства» — сярэбраная (наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 грама) i медна-нікелевая (наміналам 1 рубель, масай 15,50 грама).

Зразумела, уведзеныя ў абарачэнне памятныя манеты Нацбанка амаль адразу становяцца аб’ектам калекцыяніравання і лiтаральна ў лiчаныя днi знiкаюць з банкаў. Між тым тыраж iх традыцыйна невялiкi — 2—3 тысячы адзiнак. Але напярэдаднi надыходзячага Новага года, якi, нагадаем, будзе годам Змяi, аднайменную манету вырашылi выпусцiць значна большым накладам. Яна была адчаканена ў АТ «Манетны двор Польшчы» якасцю «пруф-лайк», накладам да 8 тыс. адзiнак. На манеце размешчаны лічбы, якія абазначаюць гады з 2013-га па 2024-ы, па колькасці гадоў аднаго цыкла кітайскага месяцавага календара. Золатам выдзелены элементы механізма гадзінніка і год Змяі: 2013-ы. Таксама ў цэнтры выява галоўнага ciмвала года, скручаная ў спіраль, у атачэнні зорак і арнаменту, унутры гэтай спіралі — пазалочаны кітайскі іерогліф, які абазначае змяю.

У Нацбанку нагадваюць: манета, што ўводзіцца ў абарачэнне, з’яўляецца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў. Але, зразумела, мала хто пажадае разлiчыцца гэтай нумiзматычнай рэдкасцю ў магазiне.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter